Да сустрэчы ў Навагрудку!

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Нагадваем! Сёння — прэс-суботнік, ініцыяваны “Культурай”!

Своеасаблівы старт шырокай грамадскай ініцыятыве пад дэвізам "Захаваем Навагрудскі замак разам!" будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня аховы помнікаў і памятных мясцін. Імкнучыся ўнесці сваю лепту ва ўсеагульны пачын, газета "Культура" выступіла з прапановай зладзіць "прэс-суботнік" ля руін замка ў дзень Рэспубліканскага суботніка.

У якасці "фронту работ" удзельнікам талакі прапанавана /i/content/pi/cult/318/5618/pic_5.jpgпрыняць удзел у археалагічных раскопках пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Плануецца, што ўдзел у суботніку возьме і навуковы кіраўнік Навагрудскага замка, архітэктар-рэстаўратар Сяргей Друшчыц.

Сярод VIP-персон, якія адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у акцыі,- дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. У Навагрудак ён прыедзе з выстаўкай адной карціны - уласным палатном "Вытокі". Паўдзельнічае ў выязным мерапрыемстве артыст Тэатра юнага гледача і адзін з самых "пазнавальных" беларускіх тэлевядучых Юрый Жыгамонт. Памятаеце ягоныя "Падарожжы дылетанта"?

...Традыцыйныя формы супрацоўніцтва са СМІ - прэс-канферэнцыі або брыфінгі - у наш век патрабуюць значнай мадыфікацыі. Адсюль узнікла цэлая плынь крэатыву. Журналістаў імкнуцца завабіць на прэс-сняданкі, прэс-ланчы, прэс-гольфы... Але прэс-суботнік - гэта іншая справа, якая прадугледжвае не забавы, але "інтэрактыў" у выглядзе ўласнаручнай працы.