Дзень стварэння талакой

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

16 красавіка — Рэспубліканскі суботнік

/i/content/pi/cult/318/5617/pic_3.jpgСёння, 16 красавіка, у Беларусі праходзіць Рэспубліканскі суботнік. Людзі працуюць на рабочых месцах, добраўпарадкоўваюць гарадскія і вясковыя тэрыторыі, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і вайсковай славы, пахаванні воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны. Значная частка ўдзельнікаў суботніка задзейнічана і на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Тое і не дзіва: ён адбываецца напярэдадні 18 красавіка - Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Суботнік ладзіцца найперш дзеля паляпшэння ўмоў аздараўлення і лячэння, далейшай дзяржаўнай падтрымкі і набыцця новага, сучаснага, абсталявання ў дзіцячых установах аховы здароўя, рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах і арганізацыях аховы здароўя. Частка сродкаў, заробленых на суботніку, накіроўваецца і на ўзвядзенне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, уключаючы стварэнне яго новай экспазіцыі. Наш народ, як і спрадвеку, працуе талакой, і ў гэтай еднасці - гарантыя стваральнасці. Менавіта яе атмасфера пануе сёння ў кожнай вобласці, у кожным раёне.

 

Мінск /i/content/pi/cult/318/5617/pic_4.jpg

Не застаюцца ў баку ад Рэспубліканскага суботніка і супрацоўнікі ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Як паведаміла "К" яго начальнік Віталіна Рудзікава, асноўны аб'ект, які будзе прыведзены ў належны выгляд 16 красавіка сіламі культработнікаў,- гэта Парк Дружбы народаў, што знаходзіцца ў раёне плошчы Бангалор.

- Заўважу, што работнікі сферы культуры горада цягам красавіка кожную суботу ладзяць суботнікі ў розных пунктах сталіцы, - дадала Віталіна Уладзіміраўна. - Так, мы ўжо працавалі ў парку імя Грэкавай, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю перад будынкам Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, а таксама - перад будынкамі падведамасных устаноў культуры.

 

Брэстчына

Першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч паведамляе "К", што 16 красавіка супрацоўнікі ўпраўлення працуюць на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой". - Тут знаходзіцца Археалагічны музей "Бярэсце", - удакладняе намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па будаўніцтве Дзмітрый Сачкоўскі.- Прылеглую да яго тэрыторыю мы і добраўпарадкоўваем. Дарэчы, кіруе "брыгадай" начальнік упраўлення культуры Рыгор Бысюк.

 

Віцебшчына

 Па словах начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Цярэнцьева, у суботу, 16 красавіка, супрацоўнікі ўпраўлення будуць працаваць на адным з аб'ектаў культуры горада - у Канцэртнай зале "Віцебск". Як ужо паведамляла "К", цяпер у гэтай установе праводзіцца рэканструкцыя, якую неабходна завяршыць да 25 чэрвеня - святкавання Дня горада.

 

Гомельшчына

- Усе культработнікі абласнога цэнтра і раёнаў, - паведамляе начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, - працуюць ля сваіх устаноў, займаюцца добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый, а ўпраўленне культуры абрала "выязны" аб'ект і дапамагае давесці да ладу сядзібны комплекс у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна.

 

Гродзеншчына

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Лойка распавёў "К", што для працы ў суботу 16 красавіка абраны два гарадскія аб'екты: гэта лесапаркавая зона "Пышкі" і заалагічны парк. Натуральна, у Рэспубліканскім суботніку прымуць удзел супрацоўнікі ўсіх раённых аддзелаў культуры вобласці.

 

Магілёўшчына

Як распавёў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, асноўных аб'ектаў для працы пад час суботніка вызначана два. Гэта знакаміты Успенскі манастыр, размешчаны ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна (дарэчы, названы аб'ект уключаны ў Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады). Таксама супрацоўнікі ўпраўлення будуць працаваць і ў самім Магілёве: добраўпарадкоўваць помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя - Дом архіепіскапа Георгія Каніскага.

 

Міншчына

- Асноўны аб'ект увагі на Рэспубліканскім суботніку- Мемарыяльны комплекс "Курган Славы", - распавёў "К" начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль Акушэвіч. - Яшчэ ў мінулую суботу, 9 красавіка, там распачаліся работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. З 12 па 16 красавіка на аб'екце працуюць актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі са Смалявіцкага раёна. Свята Перамогі- 9 мая - не за гарамі, таму работы па добраўпарадкаванні на Кургане Славы для нас вельмі актуальныя і надзённыя.