Артэфакты “Мінскага...”

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Гэтымі днямі праходзіць экспертызу праект будаўніцтва комплексу “Мінскае замчышча”, які размесціцца ўздоўж Свіслачы ад станцыі метро “Няміга” да фантана перад Палацам спорту і будзе ўключаць музейную экспазіцыю з арыгінальнымі археалагічнымі артэфактамі, знойдзенымі айчыннымі гісторыкамі.

Як паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам "К" галоўны архітэктар праекта Сяргей Багласаў, ужо ўзгоднены ўсе дэталі ўзвядзення комплексу з Міністэрствам культуры, а таксама Камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Плануецца, што будаўнічыя работы распачнуцца да 2014 г.

Сёння ж на парадку дня ў стваральнікаў "Мінскага замчышча", па словах Сяргея Багласава, - распрацоўка тэматычных планаў будучых экспазіцый, а таксама непасрэдны пошук саміх музейных прадметаў. Да таго ж, сёлета прадоўжацца і археалагічныя раскопкі ў цэнтры беларускай сталіцы, якія, як спадзяюцца айчынныя навукоўцы, змогуць праліць святло на таямніцы гісторыі старажытнага Мінска.

Як ужо паведамляла "К", на месцы будынка "Працоўныя рэзервы" запланавана стварыць - у натуральную велічыню - макет фрагмента горада XII стагоддзя, з уязной брамай, абарончымі валамі, храмам і нават тагачаснымі вуліцамі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"