Плошча ПАМЯЦІ — Плошча ЖЫЦЦЯ: “МЫ З’ЯДНАНЫЯ, ЯК НІКОЛІ”!

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Субота. Для большасці з нас яна пройдзе сёння ў працоўным рытме. Імкненне людзей падкрэсліць сваю грамадзянска-грамадскую пазіцыю стваральнасці ў дні, якія літаральна сцэментавалі нацыю, скалануўшы нашы душы, — натуральнае і шчырае. І адлегласць у дзве галоўныя Плошчы лёсу народа — Перамогі і Незалежнасці — як сімвалы Памяці і Жыцця… “Мы з'яднаныя, як ніколі”, — сказаў краіне Прэзідэнт.

Сёння, у чацвер - дзень, калі здаём чарговы нумар у друк, - мы, "культура"ўцы, усе спяшаліся на працу. Хто пешшу, хто на аўтобусах-тралейбусах, хто прыехаў на поездзе метро. Усё, як заўсёды. І, разам з тым, зусім інакш. Тыя з нас, хто пераходзіць з лініі на лінію або сядае ў вагон на самой "Кастрычніцкай", убачылі гэтую станцыю, чыя назва запаланіла стужкі "маланкавых" навін у свеце цягам тыдня, іншай. І справа не ў тым, што некалькі пліт на платформе сваёй навізной паказваюць на эпіцэнтр трагедыі, не ў той засяроджанасці на тварах пасажыраў, дадатковым міліцэйскім кантролі на ўваходзе...

Проста, цяпер мы будзем уваходзіць у метро ў "сэрцы" Мінска не толькі з будзённай думкай, як найхутчэй праехаць у рэдакцыю тыя сем хвілін ад "Кастрычніцкай" да "Акадэміі навук", але і з памяццю пра боль, і з гонарам за мужнасць і прафесійнасць тых, хто аператыўна ліквідаваў наступствы тэракта, з верай у наш народ, у кожнага з нас, хто са спакоем і вытрымкай імкнуўся дапамагчы і дапамагаў...

Сёння, 14-га красавіка, у час сустрэчы з членамі Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, Прэзідэнт нашай краіны сказаў: "Беларусы прадэманстравалі свае сапраўдныя вялікія рысы, уласцівыя нацыі". "У выніку мы аб'ядналіся, мы з'яднаныя, як ніколі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

А напярэдадні, калі сталі вядомыя першыя вынікі расследавання, на нарадзе, прысвечанай яго ходу, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што найважнейшы ўрок сёння - гэта фарміраванне таго асяроддзя, у якім жывуць грамадзяне Беларусі. "З сённяшняга дня кожны з нас, беларусаў, павінен зразумець, што без кардынальнага змянення стаўлення да сябе, свайго жыцця, працы, сям'і, да сваіх дзяцей, асяроддзя мы не дасягнём тых высокіх мэт развіцця краіны, якія перад сабой паставілі. Вельмі строгі парадак, арганізаванасць, дакладнасць, зладжанасць - гэта аснова нашага далейшага выжывання. І наш народ да гэтага гатовы".

І вось гэтыя пранізлівыя словы Прэзідэнта: "Ніякай панікі, адно за аднаго, паранены сам выносіць - як з поля бою- свайго таварыша, які проста апынуўся побач... У дыме і пыле, не бачачы ні твару, нічога, яны выносілі і ратавалі людзей, самі знаходзячыся ў вельмі цяжкім стане. Гэта яшчэ адзін штрых да аблічча нашай нацыі"... Словы тыя навялі на думку, што кветкі, якімі і сёння ўсыпаны сходы ў метро, могуць набыць і сваё ўвасабленне ў "вечным напаміне" - бронзе ці камені, на самой платформе або ля ўвахода ў падземку, каб гэтак жа, як і застылыя ружы Нямігі, пастаянна нагадваць нам пра нас. Пра наш пасыл адно да аднаго: такое не павінна паўтарыцца!