Хітовае барока

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Якой была поп-музыка ў XVIII стагоддзі?

/i/content/pi/cult/317/5607/pic_31.jpgУраджэнец Мінска, выхаванец нашага Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выпускнік знакамітага Генадзя Праваторава, у класе якога ён скончыў магістратуру БДАМ пасля Расійскай акадэміі мастацтваў імя Гнесіных, сёння Ігар БУХВАЛАЎ супрацоўнічае з многімі аркестрамі па ўсім свеце. А ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі разам з камерным складам нашага "сімфанічнага філарманічнага", італьянскім піяністам Джакама Батарына і першай скрыпкай аркестра Юліяй Стэфановіч прадставіў "Вясновы канцэрт у стылі барока". 

Гэта было не першае выступленне ў такім складзе: летась у снежні ў тым жа музеі тыя ж музыканты праводзілі "Калядны вечар з Моцартам". Цяпер беларускіх уражанняў у гасцей паболела, і пасля выступлення яны імі ахвотна падзяліліся.

- Беларусь, - узгадаў Джакама Батарына, - я ўпершыню наведаў узімку. І пасля ад'езду вельмі сумаваў па гэтай прыгожай краіне, пакуль не прыехаў сюды зноў. Вельмі ганаруся, што я - італьянец, родам з краіны з надзвычай багатай культурай. Але я так шмат падарожнічаю! І паўсюль намагаюся пачуваць сябе камфортна. Дзе б ні быў, з кім бы ні сустракаўся, для мяне гэта заўсёды магчымасць адкрыць свой розум і душу для новага, магчыма, больш мудрага, чалавека і для новай культуры.

- Ігар, а вы чаму рашыліся ў свой час з радзімы з'ехаць?

- Хаця я працаваў у Вялікім тэатры, супрацоўнічаў з філарманічным аркестрам, шаснаццаць гадоў таму з'явілася ідэя паспрабаваць свае сілы на інтэрнацыянальнай арэне. У Нью-Ёрку чакала шмат цяжкасцей, але мне пашанцавала вучыцца ў адной з лепшых музычных акадэмій свету - школе Джуліярд, ды яшчэ ў аднаго з самых вядомых амерыканскіх дырыжораў італьянскага паходжання - Вінсэнта ла Сельвы. Але я па-ранейшаму з задавальненнем прыязджаю і выступаю тут. Беларусь - мой першы дом, мая радзіма, тут жывуць мае маці, бабуля, брат. Для музыканта не існуе межаў. Таму хачу пажадаць беларускім калегам як мага больш супрацоўнічаць з рознымі калектывамі, мець болей стасункаў з музыкантамі з усяго свету. Музыка - гэта як гутарка за сталом: вы сустрэлі новага чалавека, штосьці дазналіся ад яго, падзяліліся сваімі ведамі. Музыка можа развівацца толькі праз такія жывыя кантакты, яе трэба ўвесь час падсілкоўваць.

- Джакама выкладае адначасова ў дзвюх кансервато/i/content/pi/cult/317/5607/pic_32.jpgрыях у Італіі, а вы, Ігар, у вольны ад канцэртаў час імкняцеся далучыць маладое пакаленне да класікі. Што хочаце данесці да сваіх вучняў?

- Мая асноўная мэта як выкладчыка, - разважае Джакама, - навучыць студэнтаў любіць музыку, і кропка! Я бачыў мноства студэнтаў-музыкантаў, якія займаліся ў вядомых педагогаў, але расчароўваліся ў сабе і пачыналі ненавідзець музыку... Я не лічу, што ўсе павінны быць піяністамі. У свеце і так надта шмат піяністаў! Хачу, каб кожны з маіх студэнтаў проста палюбіў музыку. І няхай яны стануць інжынерамі або адвакатамі, але ў іх дома будзе стаяць піяніна, і яны будуць прыходзіць на канцэрты, каб атрымаць асалоду ад музыкі.

- У Амерыцы, - працягвае Ігар, - музычная адукацыя ў звычайных школах практычна адсутнічае. На жаль, маладое пакаленне ўзрастае на поп-музыцы, на канале MTV, на рэпе і хіп-хопе. Калі мы прыехалі ў Нью-Ёрк, маёй дачцэ было шэсць гадоў, яна адразу ж пайшла ў амерыканскую школу. І тут жа стала заўважна, што нейкая часцінка адукацыі проста страчана. Мы намагаемся ладзіць дабрачынныя канцэрты і невялічкія прадстаўленні, каб папулярызаваць класічную музыку. Гэта ўсё трымаецца на голым энтузіязме, таму што грошай на падобныя дзяржаўныя праграмы не хапае. У той жа час, у Францыі існуюць спецыяльныя дзіцячыя канцэрты і оперы, што адмыслова ствараюцца ў такім фармаце, каб прыцягнуць дзяцей. Тая ж музыка барока, па вялікім рахунку, - гэта поп-музыка ХVІІІ стагоддзя! Чамусьці многія лічаць, што яе трэба выконваць ледзь не ў тагачасных ліўрэях і парыках, без ценю эмоцый на твары. Але, мне здаецца, чалавек павінен цалкам перадаваць свае жарсці ў творы. Мы жывём у ХХІ стагоддзі, і, натуральна, сёння павінна быць іншае прачытанне!

Вольга ЦВЯТКОВА

Фота аўтара