Сістэма каардынат. Без экшна і “заігрыванняў”

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Што і казаць, беларуская драматургія на айчынных тэатральных падмостках - з'ява не настолькі частая, як гэтага хацелася б. У лялечным тэатры, услед за драматычным, гэта тлумачыцца тым, што існуе багаты скарб сусветных казак, спрычыненне да якіх маленькім гледачам не толькі цікавае, але і карыснае. Ды толькі, шануючы іншых, не варта забывацца і на ўласныя здабыткі. Акурат пра гэта нагадала прэм'ера спектакля "Цудоўная дудка" Віталя Вольскага ў рэжысуры Мікалая Андрэева на сцэне Мінскага абласнога тэатра лялек "Батлейка".

/i/content/pi/cult/317/5604/pic_24.jpgПабудаваная на аснове беларускіх народных казак, п'еса Віталя Вольскага сёння на першы погляд выглядае не надта выйгрышна для пастаноўкі ў тэатры для дзяцей: у ёй адсутнічаюць яркія відовішчныя спецэфекты, да якіх маленькія гледачы прызвычаіліся дзякуючы сучасным кіно і тэлебачанню, сюжэтная лінія таксама не ўражвае сваёй знешняй займальнай пакручастасцю, бо пабудавана не па законах экшна, ды і самі персанажы - не супергероі або мутанты з надзвычайнымі здольнасцямі, а звычайныя людзі. Аднак рэжысёр Мікалай Андрэеў ідзе не па знешняй лініі, а спрабуе заглыбіцца ў прыроду казачных "разважанняў", і таму акурат гэтую простасць робіць галоўным ходам усяго спектакля, разыгранага перад намі, гледачамі, чацвёркай вандроўных акцёраў, увасобленай Міхаілам Асановічам, Уладзімірам Уладыкам, Аляксандрам Майрыным і Аксанай Ількевіч.

Па сваёй унутранай прыродзе сцэнічных разважанняў маладзечанская "Цудоўная дудка" пераклікаецца са сталічнай лялечнай пастаноўкай "Чаму старэюць людзі?" Аляксея Ляляўскага. У абодвух спектаклях маленькі герой- хлопчык - спрабуе зразумець прыроду таго свету, у якім ён нарадзіўся і дзе мусіць пражыць усё жыццё. Навукоўцы, пэўна, назвалі б гэта спасціжэннем нацыянальнага менталітэту, рэжысёры ж- пошукамі Праўды. Так сталася, што сёння - і ў пастаноўках для дзяцей гэта надзвычай заўважна - размаўляць з гледачамі пра такія базавыя паняцці, як Дабро і Зло, Праўда і Подласць, Смеласць і Патрыятызм становіцца неяк нямодна: маўляў, уся гэтая "філасофія" для сучаснага тэатра нецікавая і неактуальная. Але ж практыка паказвае, што калі рэжысёр наважваецца на такую размову, дзеці ўспрымаюць яе шчыра і зацікаўлена. Іншая справа, што акурат у гэткіх спектаклях аніяк нельга "заігрываць" з гледачамі ды выказвацца з туманнай шматзначнасцю. І "Цудоўная дудка" гэты "падводны айсберг" шчасліва абмінае, не захапляючыся гульнямі ў тэатральную метафізіку.

На фоне сюжэтнай канвы пра сквапных, жорсткіх паноў/i/content/pi/cult/317/5604/pic_25.jpg і прыгнечаных сялян тэма галоўнага героя, які выпраўляецца на пошукі грошай для таго, каб адкупіцца ад даўгоў, а ў выніку атрымлівае цудоўную дудку, што дапамагае вырашыць усе праблемы, можа прачытвацца і на ўзроўні сістэмы каштоўнасцей, дзе грошы на практыцы аказваюцца далёка не такімі "ўсемагутнымі", як вера ў творчую прыроду чалавека, у яго "музыку душы". І ў фінале аказваецца, што галоўная перамога, якую атрымлівае герой над панамі"комплексамі", якія гнятуць кожнага з нас і не даюць адкрыць у сабе іншае, свабоднае жыццё, адбываецца ў ім самім, у змене светапогляду на наваколле. Не ў апошнюю чаргу - дзякуючы кемліваму характару героя (уласціваму бадай кожнаму беларусу), які выпраўляецца ў дарогу разам са сваім анёламахоўнікам (а можа - татэмічным продкам?), што выглядае як мужычок-бусел (сцэнаграфія і лялькі - Аляксандра Вахрамеева).

Казкі-падарожжы - асаблівы тып народных аповедаў, які прадугледжвае не толькі схему ланцужковай змены с ц э н , але і пэўную павольнасць самога аповеду. Дзякуючы гэтаму прагаворваюцца і засвойваюцца базавыя думкі і ідэі, закладзеныя ў той або іншай гісторыі. І адна з самых складаных задач, якія стаяць перад стваральнікамі спектакляў на аснове падобнага драматургічнага матэрыялу, - не ператварыць казачную гісторыю ў "акынства", дзе акцёры і рэжысёры, захопленыя самім працэсам расказвання, забываюцца пра канчатковы "пункт" маршруту, у які выпраўляюцца разам з дзецьмі.

Маладзечанскім акцёрам удаецца вытрымліваць гэты баланс паміж спакойным аповедам і сканцэнтраванасцю на асноўнай думцы спектакля, шмат у чым - за кошт падрабязнай, дакладнай работы з лялькамі, што ў наш час у беларускім тэатры ўбачыш далёка не заўсёды. У выніку чаго кожная з гэтых, на першы погляд, нягеглых лялек-персанажаў набывае індывідуальныя рысы, ствараючы своеасаблівыя беларускія характары-тыпы, пазнавальныя і дакладныя ў зададзенай аўтарам і рэжысёрам "казачнай" сістэме каардынат. Яна складваецца ў гісторыю пра тое, што любоў да роднага краю і свайго народа пачынаецца з шанавання бацькоў і той зямлі, на якой нарадзіўся і вырас. Проста? Затое праўдзіва!

На здымках: артысты і лялькі спектакля "Цудоўная дудка".