Клінкі і кліны Караля Ліра

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Хто ж “гуляе ў свой тэатр”?

/i/content/pi/cult/317/5603/pic_23.jpgТэма існавання чалавека, ягонага месца ў жыцці і важкасці ў грамадстве - праз узаемаадносіны бацькоў і дзяцей - праходзіць чырвонай стужкай праз многія творы Вільяма Шэкспіра. "Кароль Лір" - самае трагічнае яе ўвасабленне. Новыя пакаленні зноў і зноў звяртаюцца да п'есы, і прэм'ера Брэсцкага тэатра лялек - не выключэнне. У горадзе над Бугам "Караля Ліра" адаптаваў да лялечнага тэатра і ажыццявіў рэжысёр Аляксей Устаўшчыкаў з Санкт-Пецярбурга, сцэнографам выступіла мастачка Настасся Кадаш, музычнае афармленне - маскоўскага кампазітара Арцёма Аляндзеева.

У практыцы Брэсцкага тэатра лялек ужо маецца паспяховы вопыт супрацоўніцтва з расійскімі пастановачнымі групамі: варта ўзгадаць удалыя, запамінальныя пастаноўкі "Халстамер" і "Месяц Сальеры" рэжысёра Руслана Кудашава, якія прынеслі тэатру прызнанне і ўзнагароды шэрагу міжнародных фестываляў. І першыя прэм'ерныя паказы "Караля Ліра" пацвердзілі: новы спектакль працягвае традыцыю.

Сцэнаграфія спектакля ўяўляе з сябе рагі драўляных канструкцый (палацаў, замкаў, хацінак), вазоктрансформер, у якім - увесь пажытак і... жаданні. А яшчэ - клінкі і кліны: у кароне, касцюмах персанажаў, плашчы з "жывымі" вуглаватымі маскамі на спінах. Гэтыя перагукі вострых, агрэсіўных канфігурацый, як і шматлікія іншыя знаходкі сцэнографа, ствараюць атмасферу таго, што акурат у гэтым месцы і ў дадзены момант "сышоўся свет клінам". Свет, у якім пануе бура, навальніца, што ахоплівае не толькі венцаносную сям'ю, але і ўсё каралеўства, разліваецца яшчэ далей - за яго межы - і, у рэшце рэшт, перарастае ў вайну дзвюх дзяржаў, даючы падставы нам, гледачам, разважаць аб "міжусобіцах" чалавечай існасці, якая часта не можа задаволіцца тым, што ёсць, і прагне нечага большага, асабліва калі лічыць сябе ў нечым пакрыўджанай ці абдзеленай.

Галоўную ролю - Караля Ліра - іграе адзін з лепшых акцёраў Брэсцкага тэатра лялек Уладзімір Тэвасян, а Блазна ўвасабляе Зміцер Нуянзін. І іхняе з'яўленне на сцэне іншым разам уяўляе з сябе люстэркавы адбітак адзін аднаго, часта - як крытычнагратэскавы дадатак, калі Блазан выступае своеасаблівым "камічным хорам", які падкрэслівае або перадумоўлівае падзеі, што павінны разгарнуцца надалей. І гэтыя жывыя стасункі ствараюць у пастаноўцы шматслойную вобразнасць, надаюць яму дадатковы рытм і экспрэсію.

У спектаклі выразна прачытваецца аўтарскае пытанне рэжысёра-пастаноўшчыка: чаму Кароль Лір дзеліць каралеўства і аддае ў спадчыну дочкам, а значыць, здымае з сябе адказнасць за ўсё, што адбываецца? Адказ на яго рэжысёр прапануе шукаць у сферы чалавечых каштоўнасцей. Уладзімір Тэвасян перадае адценні трансфармацыі і духоўнага росту Ліра дакладна, трагічна, з непрыхаваным болем. "Кароль не мае права адпачываць!" - гэты выраз не раз усаджвае "клінок" у свядомасць гледача. Але толькі тады, калі Лір перастае быць каралём і ўладаром, а становіцца звычайным старым, да яго, звар'яцелага, прыходзіць, нарэшце, прасвятленне. Гэта ж пацвярджаюць і шэкспіраўскія словы, адрасаваныя Кардэліі. Ролю яе тонка і непаўторна стварае Лілія Верста: "Тваё багацце - у беднасці тваёй". Старэйшых жа дачок Ганерылью і Рэгану таленавіта ўвасабляюць Руслана Сакалова і Святлана Шутак.

Акрамя цэнтральнай гісторыі, рэжысёр надае ўвагу развіццю ў спектаклі і лініі сям'і графа Глостэра. І тут бліскуча "верхаводзіць" на сцэне выканаўца адразу некалькіх роляў Раман Пархач: ён існуе на сцэне цынічна, падспудна, з жарсцю, і гэтым надае дадатковы дынамізм спектаклю. Глостэр упарта ідзе да сваёй мэты, выкарыстоўваючы самыя розныя сродкі, часта - амаральныя і бесчалавечныя... Прычым адбываецца своеасаблівая трансфармацыя: лялькі, якімі напачатку "гуляў у свой тэатр" Блазан, паступова поўнасцю пераходзяць пад кантроль Эдманда, і вось ужо ён з асалодай "вершыць дзею" і распараджаецца лёсамі людзей...

Музычная драматургія мае адметную знакавасць у спектаклі. Іншым разам нават крыху "перакрываючы" шэкспіраўскі тэкст, яна нібыта папярэджвае нас праз стагоддзі: "Жыццё заўсёды мае сэнс".

Прыблізна такую ж думку пасля прэм'ернага паказу выказаў і Уладзімір Тэвасян: "...Па вялікім рахунку, усіх у гэтай драме можна апраўдаць... Кожны хацеў, па логіцы, каб усё было як мага лепш..."

Ігар ФЕДАРОВІЧ

Брэст

На здымках: сцэны са спектакля "Кароль Лір".