Касманаўт з вёскі Белае

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

У 1979 годзе я зняў тэлефільм "Хлопец з вёскі Белае" пра нашага земляка Уладзіміра Кавалёнка (ён тады толькі вярнуўся пасля амаль пяцімесячнага прабывання ў космасе). У снежні стужка атрымала адну з галоўных узнагарод Усесаюзнага фестывалю тэлевізійных фільмаў. На грашовы "дадатак" да прыза мы з аператарам накрылі шыкоўны стол у тагачасным рэстаране "Беларусь", куды з паплечнікамі прыбыў і галоўны герой карціны. "Дваццаць гадоў пасля" - дакладна, як у Дзюма, - у 2001-м з'явіўся фільм "Камандзір з вёскі Белае". Кавалёнак тады камандаваў Ваенна-інжынернай акадэміяй імя Жукоўскага. І вось цяпер, яшчэ "дзесяць гадоў пасля" (ізноў усё, як у Дзюма!), здымаю новую стужку з тым жа героем. - Як назавеш? - запытаўся Уладзімір Васільевіч. - "Пенсіянер з вёскі Белае", - адказваю, смеючыся. Але пасля нязгоды і жартаўлівага абурэння касманаўта раскрываю тэму: - "Беларускі след у космасе". - Валодзя, я ў космасе не "слядзіў", а працаваў! Разам вырашылі, што размова ў заключнай частцы трылогіі пойдзе пра Беларускі Космас: рапарты, адваротны бок палётаў, гісторыю іх. І, канешне ж, пра таго, каго называю - Касманаўт з вёскі Белае

/i/content/pi/cult/317/5594/pic_9.jpgТак ужо мне шанцуе: ледзь толькі пачынаю заглыбляцца ў нейкую тэму, як з усіх бакоў "плыве" матэрыял для фільма. Хто мог паверыць, што на ўліку ў "Байканураўскім братэрстве" Беларусі яшчэ нядаўна налічвалася больш за 150 асоб!

- Цяпер - усяго пяцьдзясят дзве...- уздыхае кіраўнік аб'яднання Іван Умінскі.

- У нас на Случчыне - дваццаць два землякі, што працавалі на Байкануры!- ганарыцца старшы навуковы супрацоўнік Раённага краязнаўчага музея Святлана Жукоўская. - З іх двое былі нават камандзірамі гэтага касмадрома: Герчык, Жукаў! А славуты Косберг?! Гэта ж яму асабіста Юрый Гагарын...

Але - "стоп"! Пачнём з гісторыі.

 

Што савецкі народ ведаў пра космас? Што тут - "мы впереди планеты всей". Што імёны самых першых касманаўтаў давалі немаўлятам: Юрый, Герман... Што рэстараны, піянерлагеры і цыгарэты называлі "Космас", "Арбіта", "Спутнік". Што на радзіме кожнага, хто злятаў двойчы, ставілі яго помнік-бюст. Што падрыхтоўка - цяжкая...

Але, відаць, ніхто не здагадваўся, што генерал-лейтэнант кароннай артылерыі ВКЛ Казімір Семяновіч - родам з Віцебшчыны - у падручніку па балістыцы 60-х гадоў ХVІІ стагоддзя змясціў раздзел пра наладжванне феерверкаў і іншых вогненных забавак са схемай... трохпрыступкавай ракеты! Ён на 200 гадоў апярэдзіў знаходкі Цыялкоўскага!

І тут слова - неўтаймоўнаму даследчыку, былому "байканураўскаму" ваенпраду, а сёння - сябру выканкама ветэранаў касмадрома Уладзіміру Дудко. Ён разгортвае незвычайную карту.

- Пры Пятры І мой зямляк - случчанін Ілля Капіевіч - выдаў першую карту зорнага неба з тлумачэннем: "Уготование и толкование ясное повертания (и зело изрядно краснообразного) кругов небесных". Прычым карта гэтая - з сеткай каардынат. Азнаёміўшыся з ёй, цар Пётр падпісаў Указ "О создании математическо-навигацкой школы"... А вось зусім нядаўна адзначылі 160-годдзе яшчэ аднаго случчаніна- Вітольда Карлавіча Цяраскага. Ён заснаваў абсерваторыю МДУ, якая з цягам часу ператварылася ў Расійскі астранамічны інстытут. Прозвішчам Цяраскага названы кратар на Месяцы і малая планета...

Сам падпалкоўнік Дудко быў прадстаўніком па тэлеметрыі Упраўлення ракетных войскаў СССР. Збор звестак пра славутых землякоў, якія мелі дачыненне да космасу,- цяпер асноўны занятак ваеннага пенсіянера.

 

Увогуле, Байканур - месца нейкай асаблівай актыўнасці беларусаў, і ў асноўным чамусьці тых, якія нарадзіліся на Случчыне. Вось і тры стэнды краязнаўчага музея прысвечаны ім. Каля стэндаў - Святлана Жукоўская:

- Генерал-палкоўнік Канстанцін /i/content/pi/cult/317/5594/pic_15.jpgВасільевіч Герчык камандаваў касмадромам Байканур з 1958 да 1961 года. Прычынай яго зняцця з пасады быў выбух ракеты проста стартавым комплексе, дзе загінулі каля сотні супрацоўнікаў, у тым ліку маршал артылерыі Мітрафан Нядзелін. Ён са "світай" сядзеў на зэдліку побач з ракетай, падганяючы тэхнароў. Ракету рамантавалі, не зліўшы 150 тон паліва. "Трэба зліць!" - настойваў Герчык, але яго не паслухалі. Тэрміновы старт міжкантынентальнай ракеты менавіта ў гэтыя дні быў патрэбен Хрушчову як важкі аргумент пры перамовах у ЗША...

...Усё скончылася трагедыяй. Кіраўнікі запуску - Нядзелін і Герчык. Пры расследаванні катастрофы старшыня камісіі Леанід Брэжнеў коратка кінуў: "Самі вінаваты". Герчык застаўся ў жывых выпадкова: абыходзячы ракету, апынуўся за пажарнай машынай. Яна, бы шчыт, яго засланіла. Герчыку і давялося адказваць - маршал жа загінуў... На Байканур Канстанцін Васільевіч больш не вярнуўся. У далейшым заставаўся старшынёй Дзяржкамісіі па выпрабаваннях ракетнага комплексу "Тэмп-2 С".

На стэндзе - здымкі, асабістыя рэчы, мундзір, дакументы - усё, што камандзір незадоўга да смерці перадаў у музей.

- З 1983-га цягам шасці гадоў начальнікам Байканура быў генерал-лейтэнант Юрый Жукаў. Гэта пры ім адбыўся запуск касмічнага карабля ваеннага прызначэння "Зеніт" і касмічнай сістэмы "Буран"- "Энергія", - працягвае расповед Святлана Жукоўская. - Штурманам наземнага экіпажа "Лунаход-1" стаў Канстанцін Давыдоўскі з недалёкай ад Слуцка вёскі Ізборышча. Пракатка "Лунахода" была напярэдадні 8-га Сакавіка, і штурман коламі каляскі выпісаў на Месяцы лічбу "8". Вятроў і пылу на Месяцы няма, таму след павінен захавацца. У розны час на Байкануры працавалі на адказных пасадах вядучы спецыяліст ваеннай прыёмкі касмічных войскаў Барыс Няронскі, які нарадзіўся ў вёсцы Ліпнікі, случчанін Яўген Жалкоўскі - старшыня камісіі па запусках і кіраванні палётамі апаратаў народна-гаспадарчага прызначэння...

- Нейкі горад ваш "касмічны", - заўважаю. - "Слуцкая касмічная анамалія"!

- А мо таму што ў нас самая старадаўняя - ажно з 1617 года! - гімназія!..

...Варта дадаць, што старшым у групе па адборы кандыдатаў у касманаўты быў беларус, палкоўнік Барыс Белавусаў, які нарадзіўся, праўда, не на Случчыне, а ў Хоцімску Магілёўскай вобласці...

Уладзімір Кавалёнак прадоўжыў пералік прозвішчамі касманаўтаў:

- Бацькі Георгія Грэчка - з Віцебшчыны, род Шоніных вядзецца з Гомельшчыны, адтуль жа - наша дарагая "Чайка" Церашкова - з вёскі Цярэшкі, ну, Пётра Клімук, я...

 

/i/content/pi/cult/317/5594/pic_16.jpg А з 1972-га цягам пятнаццаці гадоў на Байкануры ў наземных выпрабаваннях караблёў "Саюз", станцый "Салют", "Мір" непасрэдна ўдзельнічаў падпалкоўнік касмічных сіл СССР Мікалай Смердаў - легендарны чалавек, які жыве ў Мінску і пра якога калегі ўжо знялі фільм.

- Я невялікага росту, таму мяне з усіх інжынераў адабралі ў якасці "робата-касманаўта". Амаль месяц праводзіў на караблі ў крэсле касманаўта, за яго пультам: ішла пільная праверка ўсіх сістэм. Я, што называецца, "саграваў крэсла" для будучага касманаўта, быў апошнім, хто пакідаў карабель, проста за мной уваходзіў экіпаж. І вось неяк пару прызначаных касманаўтаў у апошні момант адхілілі ад палёту з нейкіх там анкетных неадпаведнасцей. Паляцеў дубль, дзе камандзірам - беларус Пётр Клімук. Было фота: мы - ля ўваходнага люка карабля з Клімуком. Ён там ужо ў скафандры, а я - у белым халаце: каб не было бачна маіх пагонаў... Усё ж - сакрэт! Фота тое цяпер толькі ў Клімука. А ў мяне застаўся штурвал ад карабля яго першага палёту ў 1973-м. Я паказаў яму гэты рарытэт на апошняй нашай сустрэчы...

Кожны палёт - верагоднасць трагедыі, што немаведама з якога боку абрынецца. Кошт рызыкі - жыццё касманаўта.

- Самая драматычная падзея маёй працы: палёт "Саюза-18" з касманаўтамі Макаравым і Лазаравым. За пятнаццаць гадоў сістэма электракантактаў паміж караблём і ракетай зарэкамендавала сябе як надзейная. А пад час гэтага палёту раптам з'явіўся нечаканы кантакт: нейкі "блукаючы плюс"! Ён і ўключыў аднабаковую палову кантактаў аддзялення ракеты ад карабля! Сістэму стала, што называецца, "пераломваць" напалам, карабель страціў штатны напрамак. І- тэрміновая пасадка, абы куды...

 Ізноў у дублёрах - Клімук з бортінжынерам Севасцьянавым. І паляцелі! На Байкануры жартавалі: такі Пётр Ілліч "шчаслівец" - ужо два палёты з дублёраў! Нават казалі: калі гульня ў латарэю, то шампанскае абавязкова выйграе Клімук!

- А вось яшчэ, - працягвае Смердаў,- хто мог прадугледзець, што ў капсуле з адлятаўшымі ўжо касманаўтамі Зудавым і Ражджэсцвенскім салёная вада возера Тэнгіз раз'есць плату, спрацуе ланцужок кантактаў і раскрые ў вадзе рэзервовы парашут, які, вядома ж, намок, пагрузіўся і пацягнуў капсулу! Патапіць яе не здолеў, але ж перакуліў люкам да дна возера - і як выбрацца?..

 

 ...Стыкоўку са станцыяй карабля "Саюз-25" з касманаўтамі Уладзімірам Кавалёнкам - тым самым "хлопцам з вёскі Белае" Крупскага раёна - ды Валерыем Руміным запланавалі менавіта ў дні святкавання 60-годдзя Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі. Тады ў Маскву з'язджаліся кіраўнікі ўсіх - усіх! - кампартый свету, і трыумф у космасе быў разлічаны, вядома ж, на іх - у першую чаргу.

Раніцай пасля старту, 10 кастрычніка 1977 года, першыя старонкі газет цалкам былі прысвечаны палёту: аптымістычная інфармацыя, узрушаныя рэпартажы з касмадрома, біяграфіі касманаўтаў, перадстартавыя інтэрв'ю з імі!.. У хату Кавалёнка раённыя ўлады прывезлі вельмі дэфіцытны тады тэлевізар: каб маці, бабуля, брат і аднавяскоўцы касманаўта вачыма бачылі трыумф земляка.

"Пачалося збліжэнне карабля "Саюз25" са станцыяй "Салют-6", і затым з блізкасці 120 метраў пачалося прычальванне", - так праз дзень ад пачатку палёту пісала "Праўда". Але высветлілася, што стыкоўка кавалёнкаўскага "Саюза" са станцыяй не адбудзецца. І пісалася ў "Праўдзе": "З-за адхіленняў ад прадугледжанага рэжыму прычальвання стыкоўка адменена. Экіпаж пачаў падрыхтоўку да вяртання на Зямлю".

 І ўсё. Што за "адхіленні"? Народ насцярожыла нечакана хуткае вяртанне экіпажа. Выклікала недаўменне тое, што не адбыўся прыём касманаўтаў вышэйшым кіраўніцтвам краіны, што іх не ўганаравалі званнямі Герояў, якія звычайна прысвойваліся за першы палёт, а абмежаваліся ўручэннем "усяго" ордэнаў Леніна... Праўды, канешне, можна было б дазнацца, слухаючы, хаця з моцнымі гукавымі перашкодамі, замежныя станцыі. Але звычайна дасведчаныя ў нашых справах тыя радыёстанцыі пра гэты палёт захоўвалі маўчанне.

Кавалёнак тройчы імкнуўся прыстыкаваць "Саюз-25" да станцыі штатна: ёсць "обнаружение", ёсць "прикосновение", "мехзахвату" - няма. Заканчвалася паліва - заставалася яго толькі на вяртанне.

Раённыя ўлады прыехалі ў Белае і дэманстратыўна, не павініўшыся, забралі з матчынай хаты тэлевізар...

Што ж насамрэч адбылося тады ў космасе?..

(Заканчэнне будзе.)

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара