Паветраны шар у Губернатарскім

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Як вядома, час з'яўляецца галоўным крытэрыем якасці і ўзроўню той або іншай тэлеперадачы, дакументальнага ці мастацкага фільма, нават фотаздымка або музычнай кампазіцыі. А "дапамагае" яму ў гэтым не хто іншы, як архіў. Менавіта Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, які сёлета адзначыў сваё 70-годдзе, зберагае ў фондах дзясяткі тысяч унікальных запісаў і здымкаў, на якіх адлюстравана жыццё краіны з канца ХІХ стагоддзя і да нашага часу.

/i/content/pi/cult/317/5592/pic_6.jpgПа словах намесніка дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алены Грыневіч, адных толькі фотаздымкаў ва ўстанове сёння налічваецца больш за 260 тысяч. Не менш унушальныя і лічбы іншых адзінак захавання: 38 тысяч кінаі 2 тысячы відэаматэрыялаў, а таксама 15 тысяч гуказапісаў.

Цікавая не толькі гэтая вялікая колькасць дакументаў, але і сама гісторыя ўстановы, якая была заснавана за колькі месяцаў да Вялікай Айчыннай вайны, у сакавіку 1941 г., як Цэнтральны дзяржаўны архіў фотафонакінадакументаў БССР.

Аднак зразумела, што плённая праца ў архіве пачалася толькі пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У тыя пасляваенныя гады захоўванне дакументальных матэрыялаў ажыццяўлялася ў пам я ш к а н н я х Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, а з кастрычніка 1949 г. - у будынку царквы Святой Марыі Магдаліны ў Мінску. І толькі ў 1987-м архіў пераехаў у адмыслова пабудаваны будынак, што размяшчаецца ў Дзяржынску.

Менавіта там былі створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб беражліва захоўваць, так бы мовіць, візуальную гісторыю нашай краіны. У прыватнасці, найбольш раннія фотадакументы зафіксавалі для нас будаўніцтва чыгункі на Беларусі, запуск паветранага шара ў Губернатарскім садзе ў Мінску. Маюць выключную каштоўнасць і кінакадры ды шэраг фота, знятых на мяжы XIX і XX стагоддзяў, на якіх адлюстраваны прыезд на беларускія землі цара Мікалая II, трагічныя моманты Курлоўскага расстрэлу 1905 года ў Мінску, сентыментальныя імгненні братання салдат на франтах Першай сусветнай вайны. Захаваліся таксама і здымкі мітынгаў міжваеннага перыяду, выявы атрадаў Чырвонай Арміі...

Не менш каштоўнай з'яўляецца і калекцыя з 55-і фотаздымкаў роду князёў Радзівілаў. Дзякуючы гэтым дакументам можна сёння ўбачыць, як выглядалі інтэр'еры Нясвіжскага замка, а таксама саму сям'ю беларускіх магнатаў, нават іхніх сяброў і гасцей. Цікава, што, акрамя Радзівілаў, у фондах архіва маюцца і здымкі такіх сусветных славутасцей і тагачасных куміраў, як Бернард Шоу, Чарлі Чаплін, Іаган Штраўс./i/content/pi/cult/317/5592/pic_7.jpg

Фонды архіва, як вынікае з яго назвы, дазваляюць не толькі ўбачыць гісторыю, але і пачуць яе. Менавіта ў Дзяржынску сёння захоўваюцца каштоўныя для айчыннай культуры фонадакументы, на якіх запісаны галасы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Максіма Танка, Кандрата Крапівы і Заіра Азгура, Стэфаніі Станюты ды многіх іншых, а таксама запісы музычных і драматычных твораў.

Даволі поўна адлюстраваны ў архіве кінафотафонадакументаў і жахлівыя імгненні Вялікай Айчыннай вайны. Чаго толькі вартая фотакалекцыя Васіля Аркашова, якая ўключае 508 здымкаў і распавядае пра падзеі першых дзён вайны, армейскі побыт, баявыя эпізоды! Аднак не менш каштоўныя і здымкі пасляваенныя, многія з якіх зусім не вядомыя шырокай грамадскасці, таксама як і кіначасопісы, якія ствараліся пачынаючы з 1950-х гадоў і адлюстроўвалі тагачасную эпоху. Менавіта таму сёлета архіў, як адзначыла Алена Грыневіч, плануе рэалізаваць шэраг праектаў па знаёмстве грамадства з некаторай часткай гэтых матэрыялаў праз асобныя рэспубліканскія выданні і нават Інтэрнэт. А пакуль архіў штодзённа назапашвае з 205 крыніц камплектавання гісторыю сённяшняга дня нашай краіны.

 

Адзін з "пастаўшчыкоў" інфармацыі ў фонды - і наша "Культура". Рэдакцыя далучаецца да віншаванняў шаноўным архівістам!

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"