“Шыфр” і “Маленне…” Яна Дамеля

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Мінскія таямніцы са … штучным святлом

/i/content/pi/cult/317/5591/pic_2.jpgЛёс гэтага мастака вельмі незвычайны і, у той жа час, насычаны супярэчнасцямі, недаказанасцямі, выдумкамі некаторых даследчыкаў яго біяграфіі. З аднаго боку, Ян Дамель (гутарка пойдзе менавіта пра яго) як "прадстаўнік класіцызму" доўгі час лічыўся то польскім, то літоўскім найбуйнейшым жывапісцам і рысавальшчыкам першай паловы XIX cт. І больш як стагоддзе пасля яго смерці гэта ўсімі прымалася як аксіёма.

Толькі ў 60-х - 70-х гадах ХХ ст., дзякуючы мастацтвазнаўцу Леаніду Дробаву, беларусы ўпершыню "пазнаёміліся" з мастаком Янам Дамелем і даведаліся, што, аказваецца, гэты творца таксама неаддзельны ад нашай нацыянальнай культуры, як, скажам, Хруцкі, Рушчыц або Мікешын. Потым значны ўклад у біяграфію мастака ўнесла супрацоўніца нашага Мастацкага музея Таісія Карповіч, якая, даследаваўшы фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, упершыню "расшыфравала" шэраг дакументаў пра Дамеля, у тым ліку ягоную перапіску 1806 - 1815 гг. з Ігнатам Цэйзікам. Апошні на пачатку 1814-га ўцягнуў Дамеля ў судовы крымінальны разбор па справе аб фальшываманецтве, у выніку якога мастак спачатку трапіў з Вільні ў мінскую турму, а потым, у 1820 г., апынуўся ў сібірскай ссылцы.

Ян Дамель апошнюю трэць свайго жыцця (а гэта амаль 20 гадоў) пражыў у Мінску. Тут ён стварыў свае лепшыя работы, прысвечаныя гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, вайне 1812 года; тут маляваў партрэты на заказ і "для душы", а таксама лірычныя пейзажы Мінска і яго ваколіц; тут даводзіў да ладу свае малюнкі і накіды, зробленыя ў Сібіры, і тыя, што ўвайшлі ва ўнікальны "Дзённік з вандроўкі ў Сібір" (частка яго сёння захоўваецца ў Каўнасе). У Мінску ён стварыў ілюстрацыі да вершаў і баек беларускага мастака і паэта Артура Бартэльса. Тут жа, у Мінску, шасцідзесяцігадовы мастак і памёр 30 жніўня 1840-га. Л.Дробаў піша, што "апошнія гады Дамель пражыў у вялікай беднасці". Але, не маючы на гэты конт ніякіх фактаў, я сумняваюся. Адам Шэмеш піша, што Ян пасля сябе, "апрача добрага імя і твораў жывапісу, нічога не пакінуў". А што яшчэ трэба пакідаць, калі браць пад увагу, што да даброт, іншых матэрыяльных выгод ён ставіўся індыферэнтна? Мастака пахавалі на Кальварыйскіх могілках пад галоўным алтаром касцёла, які ён у свой час распісаў. Як пісаў У.Сыракомля, у касцёле знаходзілася карціна Дамеля "Хрыстос у Гефсіманскім садзе" (паводле іншай версіі- "Хрыстос на гары Галгофе"). "Кальварыя" - ад лацінскага слова "чэрап", тое ж, што па-грэчаску "Галгофа"- месца, дзе распялі Хрыста. Ёсць сведчанне, што замест помніка нябожчыку Дамелю ў цвінтарнай капліцы, па яго завяшчанні, павесілі аўтарскую карціну "Маленне Збавіцеля"...

Другое маленькае "вяртанне" творцы адбылося ў 2005-м, калі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь з нагоды 225-годдзя з дня нараджэння Дамеля выпусціла канверт з маркай (ягоны "Аўтапартрэт"), выявай Кальварыйскага касцёла і фрагментам беларускага арнаменту. Аднак летась, у 230годдзе Яна Дамеля, ніхто не ўзгадаў, што быў на Беларусі такі цудоўны творца. Нават такая важная крыніца для вывучэння яго жыцця, як "Успаміны пра Яна Дамеля", напісаныя яго малодшым сябрам Адамам Шэмешам і выдадзеныя на польскай мове ў Вільні ў 1842 г. (часопіс "Atheneum", т. 2), да сённяшняга дня, калі не памыляюся, не перакладзены ні на беларускую, ні на рускую мовы.

Вы спытаеце: а дзе ж у нас можна пабачыць яго творы? Пытанне слушнае. І тут - зноў жа тая сумная сітуацыя: работ Дамеля, як і многіх іншых ягоных сучаснікаў, у нас амаль што няма... У Доме-музеі Ваньковічаў ёсць яго незавершаная карціна "Павел I вызваляе Тадэвуша Касцюшку з турмы" (другая назва - "Павел I наведвае Касцюшку ў няволі"). У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі захоўваецца дамелеўская "Святая Канстанцыя", у добрай ступені захаваная, якая хутка ўвойдзе ў пастаянную экспазіцыю. Там жа, у фондах музея, знаходзіцца і яшчэ адно вялікае палатно - "Маленне аб чашы" (230х170), аўтарства якога прыпісваецца Дамелю. Але работа патрабуе сур'ёзнай рэстаўрацыі. Пасля яе, магчыма, будзе дакладна вызначана, належыць гэты твор яго пендзлю ці не.

Так атрымалася, што многія работы мастака /i/content/pi/cult/317/5591/pic_3.jpgаказаліся раскіданымі па розных гарадах і краінах, у асноўным, яны захоўваюцца ў Літве, Польшчы, Расіі. Я ведаю, што некаторыя карціны і малюнкі ёсць у Гістарычным музеі Масквы, у музеях Вільні і Каўнаса, Табольска і Томска. Многія творы ўвогуле загінулі, штосьці было вывезена на Захад. Зусім нядаўна, пад час рэканструкцыі былой сядзібы шляхціча Станкевіча канца XVIII ст. (Мінск, плошча Свабоды, 15, дзе хутка будзе размешчаны Музей М.Савіцкага), рэстаўратары знайшлі частку сцяны з фрагментамі фрэскі, што, мяркуючы па "почырку" і тэхналогіі, відаць, належыць Дамелю, які менавіта ў той час выконваў манументальныя заказы ўладальніка гэтага дома...

Ян Дамель быў челавекам вельмі шматгранным. Таленавіты, добры, вясёлы, ён ведаў некалькі замежных еўрапейскіх моў, быў энцыклапедычна адукаваны, і, разам з тым, лёс яго не песціў. Сапраўды, ён - адзін з самых выдатных нашых жывапісцаў і рысавальшчыкаў 1-ай паловы пазамінулага стагоддзя. У ім была, мабыць, прыродная шчодрасць і чароўная артыстычнасць (зірніце хаця б на ягоны "Аўтапартрэт"!). Але, мяркуючы па тым, што ведаю, мне здаецца, уражлівасць мастака вылучалася такой нервовай няўстойлівасцю, што заўсёды яна старалася кінуць яго з боку ў бок, насуперак унутраным жаданням і задумам. Ён быў утрапёным у пошуках сябе. І барацьба з сабой была шчырай да пранізлівасці; яна стаяла ў цэнтры ўсіх яго турбот. Пытанні рамяства ішлі пасля.

Гэтым Дамель адрозніваўся ад большасці сваіх сатаварышаў-калег па Віленскім універсітэце, якія тварылі строга па цэхавых правілах і якіх паглынала перш за ўсё авалоданне класіцыстычнай "тэхнікай мастацтва", дзе ім бачыліся найбольшыя цяжкасці і найбольшыя страты ды паражэнні. Дамель жа, будучы мастаком "ад прыроды", выхаваным у такім курляндскім арыстакратычным горадзе, як Мітава, рана пранікнуўшы ў таямніцы дваранскага класіцызму і ўсутыч наблізіўшыся да сэрца рамантызму, абсалютна не быў "цэхавым" чалавекам. Ён не бачыў патрэбы чапляцца за засвоены прыём і абжытую форму - ад гэтага ён быў пазбаўлены гнуткасцю свайго таленту. Не баяўся штосьці губляць і пачынаць наноў, а то і кінуць працу на паўдарозе. Таму ў яго - такія не падобныя адзін да аднаго творы.

І ў тэхніцы ён быў багацеем. Бліскуча валодаў і алеем, і тэмперай, і лёгкім, свабодным малюнкам, і галоўнымі жанрамі таго часу: фігуратыўнай карцінай - з дасканалай кампазіцыяй - і партрэтам, як заказным, так і зробленым , паўтаруся, "для душы". А якія цікавыя ў яго пейзажы, алоўкавыя і акварэльныя дарожныя нататкі, створаныя ў час "ссыльных" паездак па гарадах Сібіры, а потым - у Вільні, Мінску і Лагойску! Вось як Шэмеш апісвае пейзаж "Заход сонца ў Табольскай губерні": "...Халоднае пахмурнае неба, дождж. Удалечыні- асветлены сонцам стромкі бераг Іртыша. На ім у святле заходзячага сонца відаць абрысы горада. На пярэднім плане карціны - нейкая будоўля. У ценю пасвіцца жывёла, відаць постаці людзей. Сябе Дамель адлюстроўваў у пралётцы, запрэжанай худым канём. Эфект карціны- здзіўляючы". У такім жа рэалістычна-рамантычным духу ён пісаў і мінскія пейзажы "Вадзяны млын", "Дрэвы пад вадой" ды іншыя.

Так, на маю думку, часам Дамель апынаўся ў палоне чужых ідэй і ўласнай недамысленасці, неабдуманасці, але- не ў цянётах чужых прыёмаў і ўласных шаблонаў. Ён вельмі любіў форму як мастак, але пагарджаў скарэннем яе як чалавек. Ведаў умоўнасць яе каштоўнасці і адноснасць яе доўгавечнасці. Усё гэта можна прасачыць па рэпрадукцыях ягоных твораў, некаторыя з якіх я бачыў: "Выкраданне Еўропы", "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 годзе" (карціна дайшла да нас у акварэльным эскізе, дзвюх літаграфіях і паўторы алеем), "Напалеон на біваку пад Аўстэрліцам", "Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень ягонай жонкі Барбары" (сюжэт з легенды пра мудраца і чараўніка пана Твардоўскага, які жыў у 2-й палове XVI cт.), "Хрышчэнне княгіні Вольгі", "Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам", "Смерць князя Юзафа Панятоўскага", "Смерць Міхаіла Глінскага ў няволі" (вось колькі смярцей!). А яшчэ былі палотны "Імператар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю", "Чарнецкі пераплывае раку Піліцу", "Пераправа Напалеона праз Бярэзіну" (паспеў толькі зрабіць эскіз, які ўпершыню экспанаваўся на выстаўцы ў Мінску ў 1907 г.), "Сустрэча Яна III з царом Леапольдам пад Венай", "Венская бітва"... Усяго, па словах Адама Шэмеша, жывапісец стварыў 27 буйных палотнаў. І дзе большасць з іх цяпер? Невядома.

/i/content/pi/cult/317/5591/pic_4.jpgАсобная старонка спадчыны мастака - карціны на рэлігійныя і міфалагічныя сюжэты, галоўным чынам прысвечаныя жыццю і смерці Ісуса Хрыста і ягоных вучняў: "Хрыстос і самарыцянка", "Спакушэнне Хрыста", "Хрыстос, які нясе крыж", "Зняцце з крыжа", "Агар у пустыні", "Святая Дзева з дзіцем Ісусам", "Ахвяра Аўраама". Самае цікавае, што "вобразы" для гэтых палотнаў, як і атрыбуты, мастак знаходзіў, як правіла, на вуліцах і ў храмах Мінска. Вось як, напрыклад, апісвае працэс работы творцы той жа Адам Шэмеш: "...Малюючы "Адрачэнне святога Пятра" і "Палажэнне ў труну", Дамель ставіў групы адпаведна са сваёй задумай у скляпеннях Мінскага кафедральнага сабора і асвятляў іх штучным святлом... Нічога, нават найдрабнейшай дэталі, ён не пісаў без натуры, бо малюнак яго, у параўнанні з іншымі мастакамі, вызначаўся вялікай дакладнасцю". Дарэчы, карціна "Палажэнне ў труну" доўгія гады знаходзілася ў сябра творцы, сакратара Мінскага губернскага праўлення Ежы Кабылянскага, а пасля была прададзена ў Маскву.

Словам, Дамеля хвалявалі ўсе людзі, з якімі даводзілася сутыкацца, і ўсе падзеі, якім станавіўся сведкам або ўдзельнікам. Між іншым, ён прыняў актыўны ўдзел у мастацкім афармленні Вільні перад уступленнем у горад арміі Напалеона 15 жніўня 1812 года - якраз у дзень нараджэння імператара; верыў, што Банапарт рэалізуе спадзяванні народа колішняга Вялікага Княства. А калі гэта не атрымалася, кінуўся ў масонства, а потым і ў крымінальныя сеткі. Маляваў жа ён бліскуча, віртуозна, і што для яго было "нарысаваць" расійскую асігнацыю ці "напалеонаўку"! Ну, напэўна, прыйшоў час больш падрабязна распавесці пра нейкія "штрыхі" біяграфіі Дамеля, мала вядомыя або зусім не вядомыя для чытача. Адразу скажу: ён не быў ні палякам, ні літоўцам, ні беларусам. Яго далёкія і блізкія продкі - саксонцы. Перад напалеонаўскімі войнамі курфюрства Саксонія некалькі стагоддзяў было самай моцнай і багатай з усіх германскіх дзяржаў. Пра паходжанне, бацькоў і дзяцінства нашага героя шмат не скажаш. Нават Шэмеш праз два гады пасля смерці мастака напісаў, што "акалічнасці яго нараджэння, выхавання, першых гадоў маладосці нікому ў нас не вядомыя", але лічыць, што дзед Дамеля быў палкоўнікам саксонскіх войскаў. А калі так, дык гэты палкоўнік мог удзельнічаць у Сямігадовай вайне супраць Прусіі ў палках грэнадзёраў, мушкецёраў або гвардзейскай цяжкай кавалерыі (юнітаў). Аднак першы біёграф Дамеля Эдвард Раставецкі сцвярджаў, што палкоўнікам быў тата мастака! А што ж на самой справе?..

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"