Канстанцін РЭМІШЭЎСКІ, прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: “Інавацыйны менеджмент ужо і ў культуры”

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Канстанцін РЭМІШЭЎСКІ — чалавек у сферы культуры не выпадковы: ягоныя бацькі ўсе жыццё прысвяцілі беларускаму кінематографу. Па заканчэнні кінааператарскага факультэта ВГИКа Канстанцін Ігаравіч працаваў на “Беларусьфільме”. У другой палове 1990-х з’явіліся магчымасці самарэалізацыі ў памежных абласцях экраннай культуры: фундаментальныя веды і практычныя навыкі, атрыманыя ў ВГИКу, аказаліся актуальнымі і запатрабаванымі за межамі лакальнай тэрыторыі кіно. У тым ліку — у рэкламе, дзе ён кіраваў уласнай кампаніяй. Пазней тыя практычныя ўрокі вядзення спраў у рыначных зносінах дазволілі стаць і спецыялістам у галіне маркетынгу ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паралельна была абаронена кандыдацкая дысертацыя па мастацтвазнаўстве. Гэтае спалучэнне творчай натуры і разумення эканамічных зносін з мастацкай вытворчасцю сёння дапамагае вынайсці эфектыўны сплаў эканомікі, культуры і адукацыі: Рэмішэўскі пачынаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў з пасады начальніка навукова-даследчага аддзела, а цягам амаль года працуе на пасадзе прарэктара па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці. І актуальных задач, вызначаных Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011— 2015 гг., стаіць перад БДУКіМ нямала.

/i/content/pi/cult/317/5590/pic.jpgПрактычнае зерне тэорыі

- Канстанцін Ігаравіч, словазлучэнне ў назве пасады "інавацыйная дзейнасць" у дачыненні да ўстановы адукацыі гучыць даволі нязвыкла, хаця і заканамерна ў ХХІ-м стагоддзі...

- На прадпрыемствах так званага рэальнага сектара эканомікі ці ў інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук наяўнасць намесніка кіраўніка, які адказвае за інавацыйны клімат, ашчадную камерцыялізацыю пэўных кірункаў, - норма. Паняцце інавацыйнасці ўкаранілася ў прамысловасці, і толькі калі справа датычыцца галіны культуры, размова аб высокаэфектыўных новаўвядзеннях, на жаль, часта выклікае здзіўленне. Пакуль гаворка ідзе аб тым, каб на змену традыцыйнай для нас некамерцыйнай практыцы ў сферы, якую збольшага разумеюць як сферу выключна духоўную, прыходзілі новыя падыходы да яе функцыянавання ў прагматычным рыначным асяроддзі, аб паступовым фарміраванні празрыстай эканомікі культуры.

Сёння Універсітэт зацікаўлены ў аптымізацыі складанага комплексу мерапрыемстваў па развіцці праектнай дзейнасці, эфектыўным выкарыстанні і нарошчванні пазабюджэтнага патэнцыялу, развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства, фандрэйзінгу, спонсарства, мецэнацтва, камерцыялізацыі вынікаў прыкладных навуковых даследаванняў, дзейнасці творчых калектываў Універсітэта, вырашэнні пытанняў, якія датычацца інтэлектуальнай уласнасці, генерацыі канкурэнтаздольных праектаў, падрыхтоўцы заявак на атрыманне грантаў...

- Кірунак вашай працы стаў асабліва актуальным, калі ўлічваць, што 2011-ы стаў Годам прадпрымальнасці...

- Так, цяпер ад кожнага беларуса чакаюць праяў ініцыятывы, актыўнасці і памкнення адысці ад шаблонаў пэўнага прафесійнага занятку. З жалем зазначу, што доўгі час у галіне культуры сустракаліся сітуацыі, калі акцэнты змяшчаліся з дасягнення канкурэнтаздольнага выніку на асваенне бюджэтных грошай. Нежаданне актыўна займацца пошукам, распрацоўкай і рэалізацыяй камерцыйных (або хоць бы часткова самаакупных) праектаў - гэта праблема ментальная. Разам са студэнтамі, якія цікавяцца гэтай з'явай, мы шукалі трапную для яе назву. Самая ўдалая пакуль - "сіндром інфантыльнасці".

Новы дзяржаўны падыход патрабуе пэўнай ступені камерцыялізацыі і творчых, і навуковых бакоў культурнага жыцця. Старая сістэма фінансавання бюджэтных структур ужо адыходзіць, і каб забяспечыць больш павольны пераход ад старых механізмаў гаспадарання да новых, кіраўнікі інавацыйных напрамкаў шукаюць адэкватныя арганізацыйныя рашэнні. Яны павінны быць паступовымі, "неразбуральнымі", і гэта - абавязковая ўмова.

Адзін з напрамкаў - арганізацыя якаснага выканання навуковых заданняў па навуковым раздзеле Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" і іншых праектаў, ініцыяваных Міністэрствам культуры краіны. Мінуў час, калі можна было абысціся ўсяго справаздачай, якая потым займала месца на паліцы. Зразумела, ніхто не патрабуе перавесці навуковую працу на самаакупнасць, аднак трэба арыентавацца на стварэнне не толькі змястоўнага, але і канкурэнтаздольнага прадукту, запатрабаванага соцыумам. Дадам, добра, калі ўзнікае магчымасць укараніць пэўныя вынікі ў адукацыйны працэс ва Універсітэце.

БДУКіМ спрабуе стварыць найлепшае асяроддзе для нашых даследчыкаў, каб айчынныя навукоўцы накіравалі свой патэнцыял на вырашэнне канкрэтных праблем, што існуюць у галіне культуры. У гэтым выпадку некаторыя вынікі навуковай работы (напрыклад, у выглядзе тэматычных інфармацыйных рэсурсаў на лічбавых носьбітах) змаглі б стаць аб'ектам рыначных зносін.

 

Ад фіксацыі да папулярызацыі

- Ці дапамогуць інавацыі больш эфектыўна рэпрезентаваць навуковыя напрацоўкі ў культурнае асяроддзе?

- Упэўнены, гэта магчыма. Адзін з апошніх прыкладаў - інавацыйны праект па захаванні нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, падрыхтаваны загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаславам Калацэем. Кандыдат культуралогіі ўзнімае праблему знікаючага карнавалізаванага абраду ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці "Ваджэнне і пахаванне Стралы". Аднак навуковец не спыняецца ў сваім праекце на стадыі фіксацыі свята з тысячагадовай гісторыяй: Вячаслаў Віктаравіч плануе здымкі дакументальнага фільма і адраджэнне ўнікальнага абраду аб'яднанымі сіламі носьбітаў аўтэнтычнай традыцыі, мясцовай моладзі і студэнтаў фальклорных спецыялізацый БДУКіМ. Каб прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці, у тым ліку UNESCO, навукоўца прапануе арганізаваць штогадовы рэгіянальны фальклорны фестываль народнай творчасці і рамёстваў на аснове абраду. Дадам, што фэст дае нам магчымасць прымяніць так званы маркетынг па выпадку: рэалізоўваць з тым самым дакументальным фільмам відэаматэрыялы па фальклорнай тэматыцы, друкаваную прадукцыю з тэкстамі аб непаўторнасці неглюбскага строю, эксклюзіўнасці карнавальных элементаў, стварыць адмысловыя сувеніры. У звязцы з форумам прадукцыя, мяркую, стане карыстацца попытам.

Удзел у такіх арыгінальных па змесце праектах дазваляе прыцягнуць да навуковых даследаванняў творчую моладзь: студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў.

 

Лічбавыя берагі інфармацыйнага рэсурсу

- Асобныя ўдалыя крокі магчыма аб'яднаць у плынь эфектыўнай камерцыялізацыі навуковых дасягненняў?

- У якасці выніку патрэбны арэчаўлены прадукт, які мог бы зацікавіць рэальных пакупнікоў. Мы прыйшлі да высновы, што мэтазгодна ствараць тэматычныя інфармацыйныя рэсурсы на лічбавых носьбітах. Гэты прадукт павінен адпавядаць усім патрабаванням да інфармацыйнага рэсурсу, прайсці дзяржаўную рэгістрацыю. Тады ён ператвараецца ў аб'ект інтэлектуальнай уласнасці з усімі вынікаючымі з гэтага магчымасцямі іх тыражавання, рэалізацыі, аховай аўтарскіх і маёмасных правоў.

- Ці дастаткова знойдзецца спажыўцоў, якім патрэбна гэтае ноў-хау?

- БДУКіМ правёў сістэмнае даследаванне па вывучэнні патэнцыйнага попыту ў большасці раённых аддзелаў культуры па ўсёй краіне. Дакладна высветлілася, што гэтыя лічбавыя матэрыялы на месцах - запатрабаваны.

- Дадзеную тэму ўзнімаюць у час бадай кожнай камандзіроўкі нашых карэспандэнтаў у рэгіён...

- Спадзяюся, калегі ў рэгіёнах будуць зацікаўлены матэрыяламі па прыкладной культуралогіі, тэорыі і методыцы сацыяльна-культурнай дзейнасці, індустрыі адпачынку, актуальных мастацтвазнаўчых даследаваннях. Карыснымі будуць новыя зборнікі артыкулаў па аматарскай творчасці. Неабходна і інфармацыя пра нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі: вусны фальклор, народную прозу, адраджэнне этнаграфічных абрадаў і святаў... Мы атрымалі сотні заявак-пацвярджэнняў з рэгіёнаў на набыццё мультымедыя-матэрыялаў, неабходных для практычнай дзейнасці, бо там адчуваецца іх дэфіцыт.

- Мультымедыйнасць мае на ўвазе наяўнасць інфармацыі розных форм. Чым насыціце кантэнт?

- Нашымі педагогамі сабраны ўнікальны факталагічны матэрыял. Пакупнік знойдзе на дыску, акрамя мноства тэкставых файлаў, неабходную графіку, малюнкі, фатаграфіі, відэафрагменты і аўдыязапісы. Задумана прывабная праграмная абалонка, зручны пошукавік. Зразумела, што стварэнне інфармацыйных рэсурсаў па канкрэтных напрамках патрабуе выкарыстання камп'ютарных тэхналогій.

Галоўнае: кантэнт, які складае стрыжань інфармацыйных рэсурсаў,- унікальны. Чаго толькі вартая прысутнасць у калектывах аўтараў - заснавальнікаў навуковых школ Універсітэта: доктара педагагічных навук, прафесара Ядвігі Грыгаровіч, доктара культуралогіі, прафесара Аляксандра Смоліка, доктара гістарычных навук, прафесара Марыі Бяспалай, доктара мастацтвазнаўства Веры Пракапцовай!

- Калі завершыцца падрыхтоўка і рынак пабачыць першыя дыскі?

- Мы ўжо гатовы заняцца фарміраваннем, а потым і тыражаваннем матэрыялаў, якія знаёмяць з вынікам навуковых даследаванняў, праведзеных у 2006 - 2010 гадах па галіновай праграме "Культура". Пакуль трансфармаваць вынікі ў прадукт нам замінае пытанне аб прыналежнасці маёмасных правоў на вынік навуковых распрацовак; паводле ўмоў кантрактаў на навукова-даследчыя работы, правы падзелены паміж заказчыкам і выканаўцам.

 

Эканамічны водбліск знаходкі

- Новы рэсурс мае патэнцыял не толькі для спажыўцоў...

- Па-першае, з'явіцца рэальная магчымасць данесці сваю распрацоўку да як мага большай аўдыторыі. Па-другое, гэтыя праекты накладаюць дадатковыя патрабаванні да якасці выніку, паколькі, калі наяўнасць падобных інфармацыйных рэсурсаў па розных напрамках дасягне пэўнай колькасці, адпаведна логіцы рынкавых зносін, узнікне канкурэнтнае асяроддзе. Здаровая ж канкурэнцыя спараджае і якасны рост- новы ўзровень даследчай працы. Але нельга не заўважыць, што сфера культуры наогул мае тэндэнцыю да кансерватыўнасці: менавіта так яна сама сябе абараняе ад занадта радыкальных змен...

- БДУКіМ імкнецца стаць інавацыйнай установай адукацыі новага тыпу?

- Чарговыя кніга, падручнік, новыя навуковыя артыкулы, серыя аўтарскіх метадычных дапаможнікаў, асабліва- сваёй генерацыі, - гэта і ёсць той навуковы базіс, на які абапіраецца навучальны працэс. Ва ўмовах хуткага развіцця найноўшых тэхналогій, калі для сучаснага студэнта даступныя неабсяжныя інфармацыйныя рэсурсы Інтэрнэта, а рэальнае жыццё імкліва змяняецца, выкладчык павінен аператыўна ўносіць карэкціроўкі ў свае навучальныя праграмы.

А стварэнне тэматычнага інфармацыйнага рэсурсу мае шмат станоўчых бакоў. І сэнс тут не толькі ў магчымасці частковай акупнасці праведзеных даследаванняў. Генерацыя падобных рэсурсаў дапаможа Універсітэту назапашваць аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Павялічваюцца колькасць і кошт нематэрыяльных актываў, бо інтэлектуальная маёмасць таксама з'яўляецца аб'ектам рыначных зносін. Так чаму нам не назапашваць гэтыя аб'екты? Яны нарошчваюць наш інтэлектуальны і, зноў жа, рыначны патэнцыял.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"