Як распавёў "К" намеснік дырэктара па інфармацыйнай рабоце Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Гульчын, у "Славянскіх тэатральных сустрэчах" запланаваны ўдзел творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Германіі. Нашу краіну на міжнародным фестывалі прадставяць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Гомельскі абласны драматычны тэатр, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр і Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа.
Цягам фестывальных дзён пройдуць штодзённыя пасяджэнні членаў журы і тэатральных крытыкаў, якія будуць аналізаваць пастаноўкі і вызначаць лепшых артыстаў, сцэнарыстаў і рэжысёраў. Таксама жыхары і госці Гомеля змогуць папрысутнічаць на майстар-класах вядомых артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. А напрыканцы знакавага мерапрыемства адбудзецца ўрачыстае ўручэнне прызоў пераможцам "Славянскіх тэатральных сустрэч" па васьмі намінацыях.