Ёсць ідэі пра класікаў?

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа будзе адбывацца цягам 2011— 2012 гг.

 

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны план мерапрыемстваў да знакавых дат. А ўсіх зацікаўленых Міністэрства запрашае звярнуцца з магчымымі прапановамі на электронны адрас ministerstvo@kultura.by да 11 красавіка.

А што ж у самім плане? Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў будуць прапаноўваць унясенне 130-годдзя нашых класікаў у Спіс памятных дат UNESCO. А ў Варшаве запланавана з'яўленне помніка класікам. Магчыма, што помнік Якубу Коласу з'явіцца і ў расійскім Курску. Гледачы ў Латвіі пазнаёмяцца з творчасцю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а ў Літве - Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Шырокае святкаванне юбілеяў адбудзецца на Беларусі. Яшчэ адна скульптурная кампазіцыя - пад назвай "Якуб Колас. Роздум" - запланавана для ўсталявання на тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Завершыцца выданне Збору твораў Коласа ў 20 тамах, з'явяцца кнігі пра жыццё і літаратурную спадчыну паэтаў, фотаальбом "Мясцінамі Янкі Купалы".

У галіне кінематаграфіі юбілей таксама пакіне свой след. Гледачы, мяркуецца, змогуць пабачыць мастацкія тэлевізійныя стужкі "Талаш" па коласаўскай аповесці "Дрыгва" і "Купала. Лёс Песняра". Дакументальныя фільмы з субцітрамі на англійскай мове пра жыццё творцаў дапамогуць жыхарам замежжа бліжэй пазнаёміцца з іх асобамі.