Графіці Сынкавічаў

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Магутныя муры царквы ў невялікай вёсачцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна прывабліваюць не толькі сваёй незвычайнай для праваслаўнага храма архітэктурай, але і своеасаблівай атмасферай, што ўвабрала ў сябе некалькі эпох і стагоддзяў. Яшчэ адной унікальнай адметнасцю і загадкай царквы-крэпасці Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах стала выяўленне надпісаў на латыні і славянскіх мовах.

/i/content/pi/cult/316/5567/pic_22.jpgНе першы месяц праходзяць рэстаўрацыйныя работы на адной з перлін старадаўняй беларускай архітэктуры, аднак упершыню былі адкрыты ўнікальныя старадаўнія графіці. У прыватнасці, спецыялістамі праводзілася здыманне пластоў тынкоўкі, якое дапамагае выявіць характар муроў і сляды больш позніх перабудоў. У выніку гэтай працы і былі знойдзены надрапаныя на тынкоўцы сярэднявечныя надпісы. У дадзены момант праводзіцца іх расшыфроўка.

Да таго ж, за час рэстаўрацыі, распачатай летась, адноўлены элементы навясных байніц, размешчаныя ў верхніх частках сцен і вежаў сярэднявечных умацаванняў, расчышчаны вежы і скляпенні будынка. Акрамя таго, у гэтым годзе будзе адноўлены бабінец храма - заходняя частка пабудовы, якая аддзяляе святое ад свецкага і служыць вестыбюлем.

 Варта адзначыць, што сёлета на рэстаўрацыю інтэр'ераў і ўмацаванне фасадаў царквыкрэпасці плануецца выдаткаваць каля 1,5 млрд. рублёў. І, магчыма, ужо ў бліжэйшы час Сынкавіцкі храм праз выяўленыя графіці прыадкрые заслону таямніц ды распавядзе пра надзвычай яскравыя і цікавыя старонкі гісторыі, а таксама здолее спыніць спрэчкі наконт даты свайго ўзвядзення.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"