— Такія паездкі, — падзялілася ўражаннямі Ірына, — прыносяць узаемную асалоду, становяцца ў чымсьці адкрыццём для мяне.
— Так, я сама неаднойчы пераконвалася, што перад любой аўдыторыяй вы выступаеце, бы ў першы і апошні раз. І з кожным чарговым выкананнем любой песні быццам нанова адкрываеце яе для сябе і публікі.
— Я сапраўды вельмі сур’ёзна стаўлюся да кожнага свайго выхаду на сцэну: толькі жыўцом, толькі “на ўсе сто”…
— … нават дзвесце працэнтаў!
— Але справа не толькі ў гэтым. Падчас кожных такіх гастролей я штораз нанова адкрываю для сябе Беларусь і дзіўлюся тым зменам, якія апошнім часам адбываюцца на сяле. Раней, бывала, прыязджаеш у мясціны, дзе некалькі дзесяцігоддзяў “не ступала нага” сталічных артыстаў, і дзівішся адно гасціннасці сялян, якія гатовы падзяліцца апошнім, што ў іх ёсць (мне неяк нават куранят дарылі, давялося іх потым перадорваць). А сёння многія нашы вёскі не пазнаць. Паўсюль аграгарадкі, створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. На той жа Гомельшчыне прыязджаем у Зашыр’е, а там — аграгарадок. І ў ім створана зона адпачынку пад красамоўнай назвай “На хвалях асалоды”, ёсць нават спартыўныя секцыі. Ці ж гэта не радуе?
— На такіх гастрольных турах вам часцяком даводзіцца выступаць у полі, сцэнай у такіх выпадках становіцца звычайны грузавік.
— Сёлета я выступала і на збожжатоку — незабыўныя ўражанні! А ў аграгарадку, што ў вёсцы Бабровічы, убачыла на сваім канцэрце сваякоў. Так расчулілася, што расплакалася. Адчуванне, быццам не проста землякі мяне ўшаноўвалі, а сама зямля беларуская радавалася разам з намі.
Фота Алы ТКАЧЭНКА