Версія ёсць версія

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Да “Еўрабачання”, на якім нашу краіну прадставіць 20-гадовая студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Насця Віннікава з песняй “Я люблю Беларусь!”, засталося крыху больш за месяц. Мы ўбачым спявачку 12 мая пад нумарам 16 у другім паўфінале. Як жа ідзе падрыхтоўка?

- Зараз мы заканчваем фарміраванне групы бэк-вакалу, - распавёў "К" аўтар музыкі песні і прадзюсар Яўген Алейнік. - У Маладзёжным тэатры эстрады адбыўся кастынг, які сабраў звыш дваццаці прэтэндэнтаў. З іх, згодна з умовамі "Еўрабачання", пакінем пяць, бо адначасова на сцэне могуць знаходзіцца не больш як шэсць чалавек. Так што ў бліжэйшыя дні аб'явім канчатковы склад удзельнікаў нумара: там будуць і хлопцы, і дзяўчаты. Адначасова завяршаецца праца над беларускаі рускамоўнымі версіямі песні. Плануем, іх можна будзе пачуць ужо на наступным тыдні.

Настрой ва ўсіх - баявы. Вядома, на першым этапе яго крыху сапсавала няўдалае відэа першай версіі песні: яно было змешчана ў Інтэрнеце і атрымала шмат крытычных заўваг. А вось на канчатковую версію твора, з якой Насця і выступіць на "Еўрабачанні", - водгукі станоўчыя. Гэта таксама радуе. Разлічваем, што пройдзем у фінал. А як жа інакш?..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"