“Сыравіна” для эвалюцыі

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

“М.@rt.кантакт-2011”: у пошуках мадэлі новага тэатра

/i/content/pi/cult/316/5556/pic_3.jpgДругую "пяцігодку" свайго існавання Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.кантакт" распачаў з імпэтам і ў добрай форме. І не выпадкова: папярэднія гады, у часе якіх "М.@rt.кантакт" заявіў аб сабе як аб адным з яркіх тэатральных фестываляў краіны, былі створаны перадумовы для таго, каб выйсці на новы - і арганізацыйны, і творчы - узровень. Тым больш, што ў бягучым годзе ўпершыню гэты форум, заснавальнікамі якога з'яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны драматычны тэатр, быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні. Прычым Міністэрства культуры Беларусі не толькі выдаткавала фінансавыя сродкі на правядзенне сёлетняга фестывалю, але і запланавала грошы для пастаноўкі новага спектакля, які тэатр прадставіць на наступным "М.@rt.кантакце". Аб гэтым пад час цырымоніі закрыцця форуму сказаў са сцэны першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі.

/i/content/pi/cult/316/5556/pic_5.jpg Адметнасцю сёлетняй конкурснай праграмы сталася тое, што практычна ўсе калектывы-ўдзельнікі, акрамя беларускіх тэатраў, на магілёўскім форуме апынуліся ўпершыню. З аднаго боку, гэткі падыход арганізатараў да фарміравання афішы аказаўся даволі рызыкоўным. Аднак у выніку рызыка сябе апраўдала: гараджане і госці фестывалю атрымалі сапраўдную асалоду ад сустрэчы з яркімі і нешараговымі калектывамі з Балгарыі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і, натуральна, з нашымі Купалаўскім і Магілёўскім абласным тэатрамі.

Не заглыбляючыся ў расповеды пра саму фестывальную праграму, якая і сёлета, як заўсёды, вызначалася сваёй насычанасцю, хацелася б спыніцца на тым, у якім жа кірунку рухаецца сёння сучаснае тэатральнае мастацтва. Балазе глебу для гэткага аналізу "М.@rt.кантакт" даў багатую.

Эвалюцыя рэжысёрскай прафесіі ў ХХІ стагоддзі - гэтай тэме, якая сталася магістральнай для ўсяго форуму, быў прысвечаны і "круглы стол", што прайшоў у яго рамках. На ім айчынныя і замежныя крытыкі паспрабавалі ўбачыць мадэль новага тэатра, намацаць стрыжнёвыя вектары, якія неўзабаве будуць вызначаць яго галоўнае аблічча. Аднак прадказальніцтва - справа не толькі няпростая, але і няўдзячная: любыя тэорыі могуць палягаць адно толькі ў практыцы, а таму рабіць высновы можна толькі пасля таго, як гэтыя самыя тэндэнцыі яскрава акрэсляцца.

Зрэшты, пэўныя напрамкі гэтай эвалюцыі былі /i/content/pi/cult/316/5556/pic_4.jpgзаўважныя ўжо сёння - у конкурснай праграме "М.@rt.кантакту". Прынамсі, тое, што функцыя рэжысёра як "перакладчыка" драматургічнага тэксту на мову тэатральнага аповеду, якая дамінавала цягам амаль усяго мінулага стагоддзя, сёння страчвае сваю актуальнасць. Асветніцкую задачу рэжысуры адсоўвае на другі план і здрабняе той факт, што сёння інфармацыйная прастора проста-такі перанасычана самымі рознымі крыніцамі і прапановамі. Ды і постмадэрнісцкая культура, што асабліва расквітнела напрыканцы мінулага стагоддзя, дэвальвавала саму п'есу як культурную каштоўнасць, ператварыўшы яе ў своеасаблівую "сыравіну" для новых аўтарскіх тэатральных выказванняў.

Другі важны фактар - відавочны пераход тэатральнай творчасці са сферы мастацтва ў сферу масавай культуры. Натуральна, што і да саміх тэатральных спектакляў прадастаўляюцца патрабаванні, у першую чаргу спажывецкага характару: адпаведнасць запытам і густам тых, хто купляе білеты, прыцягненне як мага больш шырокіх колаў патэнцыйных наведвальнікаў і г. д. Спектакль як твор мастацтва ўсё часцей саступае месца спектаклю як культурнаму прадукту, пакліканаму задаволіць рэкрэацыйныя патрэбы патэнцыйных спажыўцоў.

Зразумела, што і ў сучаснай рэжысуры назіраецца своеасаблівы раскол. Адны з рэжысёраў актыўна засвойваюць новыя ўмовы і патрабаванні, аддаючы перавагу стварэнню антрэпрызных, камерцыйных спектакляў, дзе поспех вымяраецца і вызначаецца тым, наколькі канчатковы прадукт становіцца папулярным і запатрабаваным у глядацкіх колах. Другія, сцвярджаючы, што ўсялякія "рэформы" ды пераарыенціроўкі толькі губяць тэатр, спавядаюць ў сваёй творчасці прынцыпы стварэння так званых рэпертуарных пастановак - тых, якія на сённяшні дзень складаюць пераважную большасць, прынамсі, на беларускай сцэне. І трэцяя катэгорыя творцаў, перакананых, што праца на патрэбу знішчае творчасць, схіляецца да думкі, што толькі чысты арт выратуе сёння тэатральнае мастацтва ад татальнай дэвальвацыі.

А што ж лічыць на гэты конт глядач? Нягледзячы на тое, што кожная з абазначаных вышэй катэгорый знаходзіць свайго ўдзячнага спажыўца, не ствараючы асаблівай канкурэнцыі для іншых, агульны глядацкі інтарэс, як паказвае практыка, канцэнтруецца на аўтарскім тэатры. Тэатры, дзе рэжысёр - галоўны ідэалагічны стрыжань, аўтарства якога палягае не толькі ў пошуках яркіх выразных сродкаў, а найперш - у фарміраванні актуальнай творчай ідэі, што, у сваю чаргу, і прыводзіць да стварэння ўласнай сцэнічнай мовы.

/i/content/pi/cult/316/5556/pic_6.jpgМенавіта гэта засведчыў і сёлетні "М.@rt.кантакт": самымі яркімі, уражальнымі пастаноўкамі аказаліся тыя, дзе рэжысёрскія пошукі вызначаліся найперш магутнай ідэяй, палягаючай у аснове сцэнічнай работы. "Рэвізар" Мікалая Каляды, "Ідыёт. Вяртанне" Рыгора Казлова, "Офіс" Кацярыны Аверкавай, "Мухі на сонцы" Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай-Кавальскай, лабараторнае "Інтэрв'ю" Яўгена Карняга - кожная з гэтых пастановак прыцягнула да сябе ўвагу найперш тым, як, якімі выразнымі сродкамі рэжысёры шукалі актуальны настрой сучаснасці, спрабавалі ўхапіць "нерв", якім жыве ХХІ-е ў сваё першае дзесяцігоддзе. Абясцэньванне слова як сродку камунікацыі, жорсткая зададзенасць жанравых умоў існавання (не толькі на сцэне, але і ў нашым будзённым жыцці), спробы знайсці паразуменне з самім сабой праз адчуванне і адкрыццё мовы ўласнага цела... Гэтыя і іншыя выразныя сродкі ў сучасным тэатры выходзяць на першы план і выглядаюць значна больш выйгрышна, у параўнанні з іншымі праявамі тэатра. Найперш таму, што яны яшчэ не паспелі "закасцянець" ва ўласных выяўленчых штампах і ўяўляюць з сябе пульсуючае сцэнічнае жыццё, што далёка не заўсёды разумее само сябе, але ўжо ўсведамляе ўласнае існаванне.

І яшчэ нельга не сказаць аб адной тэндэнцыі, што надзвычай яскрава праявілася пад час сёлетняга "М.@rt.кантакту": пошукі маладымі героямі свайго "Я" і ўласнага месца ў сучасным жыцці, якія ў мінулыя гады вызначаліся значнай ступенню агрэсіўнага пратэсту, сёлета набылі больш мяккія, гуманістычныя рысы. І ў "Забойцы" маскоўскага "Тэатра.doc", і ў пастаноўцы "Як стаць знакамітай" рыжскага Тэатра "Абсерваторыя" героі сцвярджаюць сваё месца пад сонцам, не ўступаючы ў апазіцыю да існуючага навокал іх свету. Для іх нашмат больш важна зразумець, якія яны самі і чаму ўспрымаюць жыццё менавіта так, а не інакш.

Думаецца, гэтая тэндэнцыя - зразумець, якія ж мы, сённяшнія, - сталася ў выніку характэрнай рысай усяго "М.@rt.кантакту". І дадзены этап, да якога прыйшоў маладзёжны форум - асэнсаванне ўласнай існасці і ўнутранай прыроды, - тое важнае, што на шляху да наступнага фестывалю ён не павінен згубіць або "зацерці", а адно толькі - узмацніць.

Фота Яўгеніі АЛІФІРЭНКА і Юліі ЕЎМЯНЬКОВАЙ