Дзе канкурэнты на кінапраекты?

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Дзяржава дае кінематаграфістам “вудачку”. Справа — за “рыбакамі”

 

Сітуацыя ў беларускім кінематографе патрабуе змен. Сёння гэта зразумела абсалютна кожнаму, хто працуе ў сферы айчыннага кіно. Тым больш, гэтых змен чакаюць гледачы, якія жадаюць бачыць на экране родныя сюжэты і знаёмыя постаці, але нашы кінематаграфісты пакуль не могуць прапанаваць ім якасны прадукт, што можа скласці належную канкурэнцыю замежным стужкам. Між тым, таленавітыя людзі ў нашым кінамастацтве ёсць, але свае лепшыя здольнасці яны праяўляюць чамусьці на праектах у іншых краінах ці на здымках стужак, якія ладзяць на "Беларусьфільме" замежныя прадзюсары.

 Прычым падобнае становішча ў айчынным кінамастацтве нельга тлумачыць адсутнасцю ўвагі з боку дзяржавы ці недахопам грошай. Кожны год на кінавытворчасць у Беларусі выдаткоўваюцца значныя сродкі. Бюджэты айчынных ігравых карцін, зразумела, не параўнальныя з галівудскімі, але супастаўныя з бюджэтамі стужак у іншых краінах, у тым ліку еўрапейскіх. Аднак глядацкі і фінансавы поспех маюць толькі асобныя, зробленыя адмыслова для тэлебачання, беларускія фільмы.

 На паляпшэнне агульнай сітуацыі скіраваны захады ў змене заканадаўства. На разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны вынесены змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб кінематаграфіі", якія прадугледжваюць іншы падыход да вытворчасці, стымуляцыю прыцягнення прыватных сродкаў, канкурэнцыю між вытворцамі, фінансаванне праектаў дзяржавай на конкурснай аснове. Рыхтуюцца палажэнні аб умовах конкурсаў на стварэнне фільмаў на нацыянальную тэматыку ды іншыя кінапраекты, што будуць прэтэндаваць на дзяржаўнае фінансаванне.

Разабрацца ў сітуацыі і выпрацаваць адпаведныя рэкамендацыі спрабавалі на гэтым тыдні на некалькіх нарадах, якія адбыліся ў сталіцы. Карэспандэнт "К" наведаў іх, каб абазначыць кола асноўных праблем беларускага кінематографа і шляхоў іх вырашэння.

 Як выйсці на рынак з незапатрабаваным?

 "Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць айчынных дакументалістаў", - было заяўлена на нарадзе кіраўніцтва Міністэрства культуры і Дэпартамента па кінематаграфіі з менеджментам і прадстаўнікамі дзяржаўных і прыватных арганізацый, што займаюцца вытворчасцю неігравога кінапрадукту.

 - Гаворкі наконт таго, каб прыпыніць фінансаванне амаль цалкам стратнай на сённяшні дзень дакументалістыкі, не ідзе. Але трэба задумацца, як зрабіць дакументальную кінавытворчасць на Беларусі эканамічна больш эфектыўнай, - адзначыў у сваім выступленні міністр культуры краіны Павел Латушка. - Відавочна, што ад агульнага фінансавання арганізацый трэба пераходзіць да фінансавання асобных праектаў, больш актыўна шукаць прыватных партнёраў для сумеснай вытворчасці,- зазначыў кіраўнік ведамства.

Абвінавачваць беларускіх дакументалістаў у пасіўнасці не даводзіцца: як было паведамлена на нарадзе, апошнім часам яны спрабуюць знаходзіць для сябе пазабюджэтныя крыніцы, але ў 2010м 90% сродкаў вытворчасці іх стужак фінансавала дзяржава. Летась на Беларусі выпушчана 81 дакументальная карціна, на якую выдаткавалі больш за тры мільярды рублёў.

 Ільвіную долю дакументалістыкі ў нашай краіне выпускаюць студыя "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і РУП "Беларускі відэацэнтр", аднак у апошнія некалькі гадоў з'явіўся шэраг прыватных арганізацый, якія выпускаюць запатрабаваныя пераважна на тэлевізійным рынку стужкі. Што паказальна, сабекошт вытворчасці на прыватных студыях ніжэйшы, і тое цалкам зразумела: прыватнікі эканомяць на выдатках на ўтрыманне будынкаў, зарплату персаналу... У выніку яны аказваюцца больш канкурэнтаздольнымі і эфектыўнымі.

 Выдаткоўваць сродкі на вытворчасць дакументалістыкі на конкурснай аснове - патрабаванне часу, бо менавіта такая форма з'яўляецца найбольш эфектыўнай у рыначных умовах і спрыяе развіццю канкурэнтнага асяроддзя. А ў неабходнасці апошняй няма ніякіх сумневаў: мастацкі ўзровень неігравых стужак, выпушчаных на "Летапісе" і БВЦ за апошнія гады, вельмі няроўны. Побач з несумненнымі творчымі ўдачамі існуюць вельмі слабыя фільмы, не запатрабаваныя на кінарынку.

Дарэчы, сістэма дыстрыб'юцыі айчыннага дакументальнага кіно таксама пакідае жадаць лепшага. Як зазначыў кіраўнік "Кінапракату Мінгарвыканкама" Васіль Коктыш, дакументалістыка (у тым ліку замежная) амаль не запатрабавана сучасным гледачом. Некалькі ўдалых прыкладаў пракату ў сталіцы поўнаметражных замежных стужак з'яўляюцца выключэннем. Беларуская дакументалістыка, якая цалкам кароткаметражная, куды лепш прадаецца на дысках, але гэты сегмент рынку не ў стане давесці паказчык акупнасці праектаў да належнай планкі.

Становішча з кінадакументалістыкай у свеце таксама не дазваляе спадзявацца на "лёгкія" грошы. Самыя вядомыя і ўшанаваныя на найпрэстыжнейшых форумах творцы гадамі шукаюць партнёраў для фінансавання сваіх праектаў. У Беларусі сусветна вядомых дакументалістаў - літаральна некалькі чалавек, таму празмерна спадзявацца на замежных партнёраў зусім не выпадае.

Яшчэ больш складаная сітуацыя - з тэлебачаннем, бо на ім у першую чаргу запатрабаваны спецыфічны прадукт, які даволі далёкі ад кінамастацтва і ўяўляе з сябе, хутчэй, адгалінаванне тэлежурналістыкі. Дарэчы, большасць прыватных кампаній на Беларусі працуе менавіта ў фармаце, які прапануе тэлебачанне, але казаць у такім выпадку аб нейкай арыгінальнасці і ўнікальнасці стужак не даводзіцца.

 Вось і атрымліваецца, што без дзяржаўных датацый дакументальнае кіно існаваць не можа, аднак на 100% падтрымліваць мэтазгодна толькі тыя праекты, якія закранаюць найважнейшыя грамадска-палітычныя і культурныя падзеі, праводзяць ідэалогію нашай дзяржавы, маюць высокую мастацкую вартасць, могуць годна прадставіць Беларусь на міжнародных кінафорумах. Дзяржава, зазначалася ў час нарады, у бліжэйшы час зробіць усе неабходныя захады, каб было выгадна ўкладаць сродкі ў кінавытворчасць. Таксама выказана гатоўнасць часткова кампенсаваць і страхаваць частку ўкладанняў. Але шукаць партнёраў, прапаноўваць цікавыя, запатрабаваныя грамадствам тэмы і павышаць мастацкі ўзровень дакументалістам не дапаможа ніхто, апрача іх саміх.

Ад кадраў - да Інстытута

На пачатку гэтага года ў нашай краіне быў створаны Рэспубліканскі савет па культуры і мастацтве, адна з рабочых груп якога займаецца непасрэдна кінематографам і тэлебачаннем. Другое пасяджэнне групы, на якое сабраліся рэжысёры ігравых стужак і анімацыі, акцёры, крытыкі, заканадаўцы, было прысвечана набалелым пытанням айчыннага кіно.

 І адно з найбольш актуальных- сцэнарнае. Не сакрэт, што якасць значнай часткі сцэнарнага матэрыялу, які паступае на разгляд адпаведнага падраздзялення Нацыянальнай кінастудыі, пакідае жадаць лепшага. Не ў апошнюю чаргу гэта звязана з памерам ганарараў, якія "Беларусьфільм" у стане прапанаваць кінадраматургам. У некаторых выпадках яны ў 10 - 15 разоў меншыя, чым у тых жа расійскіх кінакампаній. Член рабочай групы кінарэжысёр Валерый Рыбараў выказаў таксама прэтэнзіі да прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў сцэнарнага аддзела кінастудыі, да рэдактуры, якую праходзяць сцэнарыі, з чым пагадзілася большасць членаў рабочай групы.

Кадравае пытанне востра актуальнае не толькі ў дачыненні да рэдактуры. Якім чынам і дзе рыхтаваць будучых прафесіяналаў для айчыннага кінамастацтва? Так, адпаведны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў адкрыты год таму, але ўзровень выкладання там, востры недахоп абсталявання прымушаюць глядзець у бок замежных навучальных устаноў. Рызыка ж у тым, што беларускія выпускнікі і стажоры таго самага ВГИКа з лёгкасцю знаходзяць добра аплачваемую працу ў краіне навучання. Адукацыя і прасоўванне кінамастацтва патрабуе і іншых захадаў, такіх, як актыўная папулярызацыя лепшых беларускіх твораў, рэмастэрынг і выданне іх на дысках.

 Вялікія праблемы і з дыстрыб'юцыяй айчынных фільмаў. На сённяшні дзень яна не пастаўлена на належным узроўні, таму пустыя залы на беларускіх карцінах - звыклае відовішча. На жаль, нават стопрацэнтная запаўняльнасць не будзе азначаць, што айчыннае кіно адразу стане рэнтабельным: беларускі кінарынак, у тым ліку тэлевізійны, не такі вялікі, каб прыносіць значныя прыбыткі. А гэта значыць - трэба выходзіць на рынкі знешнія, у першую чаргу - рускамоўнай прасторы, шукаць партнёраў сярод тэлеканалаў і замежных капрадзюсараў для айчынных праектаў.

Стварэнне спрыяльнай атмасферы для дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кіно - ці не галоўная задача на дадзены момант. Гэта падкрэслівалася кіраўніцтвам Дэпартамента па кінематаграфіі. Дзяржава зацікаўлена ў развіцці прыватнай кінавытворчасці. З гэтай мэтай прадзюсары ў хуткім часе атрымаюць шэраг ільгот і падтрымку з боку кіраўніцтва краіны. Паўстае пытанне аб стварэнні адпаведнага Фонду па падтрымцы кінематаграфіі і Інстытута кіно, якія павінны развіваць сферу кіно на Беларусі і ў эканамічным, і ў творчым плане. Дзяржава на 70% будзе фінансаваць ігравое кіно і цалкам падтрымліваць дзіцячыя, анімацыйныя, а таксама мастацкія фільмы са статусам "нацыянальны".

"Таксама беларускае кіно павінна размаўляць з гледачом на яго мове і тады будзе запатрабавана", - выказаў сваё меркаванне член рабочай групы - народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў і быў цалкам падтрыманы прысутнымі.

Т Ы М Ч А С А М

Прыехалі прадзюсары з Расіі...

Беларусь актыўна шукае замежных партнёраў для сумеснай кінавытворчасці. 31 сакавіка ў Міністэрстве культуры краіны адбылася рабочая сустрэча яго кіраўніцтва з расійскімі і беларускімі прадзюсарамі. Трэба адзначыць, што на такім высокім узроўні падобная нарада ў выглядзе "круглага стала" праходзіла ўпершыню.

 Беларускі бок прадстаўлялі намеснік кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, міністр культуры краіны Павел Латушка, першы намеснік міністра Уладзімір Карачэўскі, дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Алег Сільвановіч, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Сяргей Леановіч, намеснік дырэктара студыі Іван Колба, дырэктары прыватных кампаній Глеб Шпрыгаў, Аляксандр Мышалаў.

Спецыяльна для сустрэчы прыехалі з Масквы вядомыя прадстаўнікі кінабізнесу суседняй краіны: кіраўнік кінакампаніі, старшыня Праўлення Асацыяцыі тэлеі кінапрадзюсараў Расіі Сяргей Сяльянаў, яго намеснік па кампаніі, член Праўлення Асацыяцыі Ганна Крутава, кіраўнік уласнай студыі, сузаснавальнік Адкрытага расійскага фестывалю "Кінатаўр" Ігар Талстуноў, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр тэатра і кіно Аляксандр Стрыжэнаў, старшыня Савета дырэктараў і заснавальнік прыватнай кампаніі Уладзіслаў Рашын.

Мэтай сустрэчы было вызначана азнаямленне расійскіх прадзюсараў з новымі эканамічнымі ўмовамі супрацоўніцтва ў сферы кінавытворчасці з Рэспублікай Беларусь. Мерапрыемства пачалося са слова Паўла Латушкі, у якой кіраўнік Міністэрства агучыў змены, што чакаюць сферу кінавытворчасці ў Беларусі пасля прыняцця шэрагу новых актаў і змяненняў у дзеючае заканадаўства. Так, для прыватных прадзюсараў будуць прадугледжаны значныя падатковыя, а таксама іншыя льготы і магчымасць браць крэдыты ў банках пад 4% гадавых. Апрача таго, мяркуецца, што дзяржава будзе страхаваць прадзюсарскія рызыкі ў тым выпадку, калі стужка пераадолее псіхалагічны бар'ер у 80 тысяч гледачоў у беларускім пракаце. Тады 50% укладзеных у вытворчасць прыватных грошай вернуцца прадзюсару.

Атрымаць дзяржаўныя сродкі на вытворчасць можна будзе толькі праз конкурс кінапраектаў, якія мае разглядаць конкурснае журы. Такім чынам, цяперашняя схема, па якой Экспертны савет пры Дэпартаменце па кінематаграфіі разглядае сцэнарыі, заменіцца схемай разгляду праектаў з эканамічным абгрунтаваннем. Мэта такіх захадаў - зрабіць вытворчасць беларускіх стужак больш рэнтабельнай, у чым могуць дапамагчы расійскія прадзюсары, больш вопытныя ў рынкавых адносінах. Прычым беларускі бок зацікаўлены як у сумесных пастаноўках, так і ў дзейнасці расійскіх кінакампаній па карыстанні паслугамі "Беларусьфільма" ды іншых айчынных арганізацый. Апошняму павінна спрыяць павышэнне тэхнічнага і прафесійнага ўзроўню Нацыянальнай студыі пасля завяршэння яе рэканструкцыі ў снежні наступнага года. Зразумела, што асноўнай умовай супрацоўніцтва з замежным бокам з'яўляецца стварэнне стужак на аснове нацыянальнай тэматыкі і максімальнае выкарыстанне магчымасцей беларускай кінавытворчасці.

У дыскусіі, што пачалася пасля ўводзінаў у тэму гаворкі, расійскімі прадзюсарамі была выказана зацікаўленасць як у самой нашай краіне і яе спецыялістах, так і ва ўмовах, што прадугледжваюць патэнцыйныя змяненні ў беларускім заканадаўстве. Госці задалі шэраг пытанняў, якія датычыліся акалічнасцей заканадаўства, схем фінансавання, тэхнічнага патэнцыялу Нацыянальнай студыі, і атрымалі на іх грунтоўныя адказы. Расійскіх прадзюсараў упэўнілі ў падтрымцы ўсіх патэнцыйна годных праектаў, што, як спадзяецца беларускі бок, паступяць у нашу краіну бліжэйшым часам.

 "К" плануе ў наступных нумарах больш падрабязна асвятліць надзённыя пытанні, узнятыя на гэтай сустрэчы.