Інструмент для таго, каб атрымаць грошы

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры

 

31 сакавіка ў адной з прыватных галерэй сучаснага мастацтва прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Месца сустрэчы вызначыла тэма, вынесеная на абмеркаванне, - "Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве і развіцці праектнай дзейнасці ў сферы культуры".

Тэму гэтую міністр культуры Павел Латушка назваў стратэгічнай. Сістэма дзяржаўнага фінансавання галіны працуе, але для новага ўзроўню развіцця культуры патрэбны новыя "інструменты" шматканальнага фінансавання, заснаванага на дзяржаўным бюджэце і прыватных сродках мецэнатаў, спонсараў, інвестараў. Другі кірунак інавацыйнай дзейнасці - развіццё праектных тэхналогій, увядзенне сістэмы грантаў на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях, што не можа не прастымуляваць узнікненне новых ідэй, дазволіць "праявіць" пласт латэнтнай "недзяржаўнай" культуры.

 Рух па двух абазначаных кірунках немагчымы без трывалай заканадаўчай базы. Многае ўжо зроблена. Падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 77, які стварыў спрыяльныя ўмовы для прыцягнення спонсарскіх сродкаў у развіццё культуры. 12 сакавіка прынята пастанова Савета Міністраў №308: паводле яе, у арганізацыях культуры могуць стварацца апякунскія саветы, у ліку задач якіх - і пошук партнёраў, пазабюджэтнага фінансавання, грамадскі кантроль за выкарыстаннем сродкаў... Шмат захадаў прадпрымае Міністэрства і па аптымізацыі падаткаабкладання. Працэс, натуральна,- доўгі і няпросты.

 Неаспрэчна адно: прыватны сектар павінен адчуць патрэбу ў партнёрстве. І прыкладаў таму ўжо шмат. (Пра канкрэтыку дзяржаўна-прыватных стасункаў чытайце ў артыкуле "Прам-тайм для партнёрства", "К" № 12 за 2011 г.) Міністэрства выдаткавала каля 100 мільёнаў для дзяржпадтрымкі фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае". Прадзюсар здолеў сабраць пад час форуму каля 700 мільёнаў. Натуральна, дзяржаўныя сродкі былі вернуты. Тая ж сітуацыя - і з Фестывалем Юрыя Башмета. Таксама адна з прыватных кампаній узялася за адбудову дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Недзяржаўнымі структурамі падтрымліваецца наш удзел у Венецыянскай біенале. На базе Творчых майстэрняў Міністэрства сёлета будзе створаны Цэнтр сучаснага мастацтва, які падтрымае і дзяржаўны бюджэт, і прыватны бізнес...

Прыкладаў партнёрства хапае, але выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц фінансавання не стала сістэмным. Між тым, партнёрства дзяржавы і бізнесу - адзін з найважнейшых вектараў нашай эканамічнай палітыкі. Як наладзіць узаемадзеянне, як зрабіць яго плённым? Менавіта на гэтыя пытанні і спрабавала адказаць калегія.

 Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі зазначыў, што інтэнсіўнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца па краіне, пакідае жадаць лепшага. Міністр культуры Павел Латушка, пагадзіўшыся, зазначыў, што некаторыя з прычын - недастаткова актыўнае дзяржаўна-прыватнае партнёрства, недахоп ідэй, і прапанаваў сваю: "Непадалёк ад плошчы Перамогі- тралейбуснае, цяпер зачыненае, дэпо. Чаму б у ім не зрабіць галерэю і не правесці выстаўку твораў тысячы мастакоў - усіх мастакоў Беларусі?" Уявіць гэта цяжка, дадаў міністр, але пры ўмове супрацоўніцтва з прыватнікамі рэалізаваць магчыма.

Мастацтвазнаўца, куратар мастацкіх праектаў, кіраўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва, а з нядаўняга часу вядучы тэлепраграмы "Страсці па культуры" Таццяна Бембель казала аб праектнай дзейнасці, бо займаецца гэтым ушчыльную. Наша краіна, пераканана Таццяна Бембель, мае дастатковы рэсурс, каб прапанаваць канкурэнтаздольныя культурныя праекты, пад рэалізацыю якіх заўжды можна атрымаць грошы. Рэсурс - вялікі, але не засвоены, не задзейнічана пры гэтым і сфера латэнтнай культуры. Ёсць і перашкоды праектнай дзейнасці: мы прадаём ідэю - замежжа купляе яе, але "інструмента", каб атрымаць тыя грошы, у нас няма. Калі інвестыцыі - мільённыя, праходжаннем грошай павінна займацца не крэатыўная група, што рэалізуе творчы праект, а прыватная фінансавая кансультатыўная структура, як гэта прынята ў замежжы. Міністр Павел Латушка зазначыў, што Палац Тызенгаўзаў у Паставах таксама мяркуецца аднавіць з прыцягненнем літоўскіх грошай, таму праблема- надзённая. Патрэбны прадзюсар, які бярэ, скажам, 10 працэнтаў ад сумы, але займаецца працэсам самастойна (як гэта было на двух згаданых музычных фестывалях), а Міністэрства кантралюе толькі вынік, але робіць гэта жорстка.

Пра неабходнасць правядзення кірмашоў творчых праектаў казаў намеснік міністра Тадэуш Стружэцкі. Праекты гэтыя павінен назапашваць і абагульняць Інстытут культуры Беларусі. А ўстановы культуры мэтазгодна адаптаваць да працы ва ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Значыць, варта падумаць пра ўтварэнне аддзелаў маркетынгу, інавацыйнай дзейнасці.

Міністр Павел Латушка нагадаў прысутным аб Конкурсе фестывальных праектаў, што сёлета абвешчаны і пакліканы падштурхнуць рэгіёны да пошуку якасна новых ідэй. Лепшыя атрымаюць дзяржфінансаванне.

Намеснік міністра Віктар Кураш спыніўся на праблемах аховы гісторыка-культурнай спадчыны, дзе таксама не стае эфектыўных партнёрскіх намаганняў. Аб эканамічных і прававых аспектах партнёрства казалі начальнік эканамічнага ўпраўлення Вольга Кананюк і начальнік юрыдычнага аддзела Алена Вештарт.

Вельмі цікавым падалося выступленне кансультанта Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва з Мядзельскага раёна Эдуарда Вайцяховіча.

- Мы ўзяліся ў свой час, - зазначыў ён, - за адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу. Атрымалі ад міжнароднага фонду грант - 500 долараў. Прыцягнулі большыя грошы - 10, 20 тысяч, і ў 2005 годзе парк у вёсцы Камарова заняў першае месца ў рэспубліцы. Пачалі развіваць не толькі экалогію, культуру, але і інфраструктуру вёскі. Побач - Нарач, значыць, стаўку трэба рабіць на турызм.

 На пачатку 2000-х тут заняліся сельскім турызмам. Жыхароў у Камарове - тысяча, а гасцей і турыстаў - чатыры тысячы. Усе святы тут ладзяцца пры падтрымцы дзяржструктур. У перспектыве - стварэнне навучальнага бізнес-"інкубатара" ў сядзібным будынку.

- Словам, мы развіваемся, - зазначыў Эдуард Вайцяховіч, - і нам патрэбна суфінансаванне. Аблвыканкам сёлета запланаваў выдаткаваць на рэалізацыю камароўскіх праектаў 600 мільёнаў рублёў. А праектаў, у тым ліку і па супрацоўніцтве з дзяржструктурамі, процьма. Просьба да ўлад- толькі адна: зрабіць спонсарам палёгку з падаткамі.

 Выступіў сустаршыня Рэспубліканскага аргкамітэта Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер. Апошні форум, зазначыў ён, цалкам акупіўся. Дзяржаўныя сродкі не толькі сэканомлены, але яшчэ засталося 8 мільёнаў рублёў, якія аказаліся, па словах Расціслава Крымера, прыбыткам філармоніі, і няма ніякай юрыдычнай магчымасці перанесці сродкі на арганізацыю наступнага фестывалю. Які сэнс, зазначыў Расціслаў Крэмер, зарабляць грошы, што потым губляюцца?

Словам, тэма для абмеркавання была абрана выключна праблемная. Усе крытычныя заўвагі, па словах міністра Паўла Латушкі, будуць улічаны ў рашэнні калегіі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"