Фармат — ранейшы

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

XVIII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе 5 — 12 лістапада бягучага года. Па словах праграмнага дырэктара ММКФ Ігара Сукманава, конкурсная праграма форуму будзе мець ранейшы фармат, але для гледачоў і гасцей запланаваны новыя незвычайныя мерапрыемствы.

Старшынёй аргкамітэта "Лістапада2011" з'яўляецца намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, намеснікамі старшыні аргкамітэта - міністр культуры краіны Павел Латушка і старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька. У склад аргкамітэта ўваходзяць намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення - начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Ірына Дрыга, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік міністра замежных спраў Сяргей Алейнік, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ды іншыя.

Як паведаміў Ігар Сукманаў, структура конкурснай праграмы (падзел яе на 4 асобныя конкурсы) - зручная для Мінскага кінафоруму, і яна атрымала высокую ацэнку ад экспертаў фестывальных праграм. "Нядаўна мы вярнуліся з Вільнюса, дзе мелі магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных фестывальных арганізацый. Пачуўшы іх меркаванні пра ўзровень "Лістапада", адчулі гонар, - дадае праграмны дырэктар. - Сёння кіпіць праца па падрыхтоўцы да сёлетняга ММКФ, і арганізатары спадзяюцца здзівіць публіку новымі ідэямі, пра якія раскажуць крыху пазней".