Сяброўства без межаў і адлегласцей

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

1175 кіламетраў аддзяляюць наш старажытны Гомель і расійскі Ульянаўск. Беларуская дэлегацыя пераадолела гэтую адлегласць і ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды надання Ульянаўску статуса Культурнай сталіцы Садружнасці нароўні з нашым горадам над Сожам, які ўжо месяц афіцыйна называецца першай Культурнай сталіцай СНД, а таксама — ужо другой па ліку — Культурнай сталіцай Беларусі.

/i/content/pi/cult/316/5539/2-1.jpg

Не трэба даказваць значнасць нашых культурных сувязей. Вырашаецца важная задача: фарміраванне адзінай культурнай прасторы - прасторы роўных магчымасцей. У жыццё ўступаюць новыя пакаленні. І яны павінны карыстацца плёнам як нацыянальнай, так і агульнай шматвекавой культуры. Гэтаму і садзейнічае Міждзяржаўная праграма "Культурныя сталіцы Садружнасці". У ёй з цягам часу прымуць удзел усе дзяржавы СНД.

У Гомелі ж і Ульянаўску да згаданай праграмы ставяцца з выключнай адказнасцю, называючы яе асновай для наладжвання новых культурных, эканамічных і сацыяльных стасункаў. Зрэшты, тое зразумела: менавіта ў гэтых гарадах яна распачынаецца.

У склад беларускай дэлегацыі, што вылецела ва Ульянаўск, увайшлі начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама па сацыяльных пытаннях Алена Клічкоўская, начальнік аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Алена Герашчанка, дырэктар - мастацкі кіраўнік Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік, дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Алег Рыжкоў і аўтар гэтых радкоў. З расійскага боку былі сустаршыня Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой і іншыя афіцыйныя асобы./i/content/pi/cult/316/5539/2-2.jpg

З'яўленне легендарнага Палада Бюльбюль Аглы выклікала ўсеагульную радасць. Знакаміты кампазітар і спявак цяпер - старшыня Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Азербайджан у Расійскай Федэрацыі.

У гэты дзень мэр Ульянаўска Аляксандр Пінкоў і намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Клічкоўская падпісалі Пагадненне аб намерах культурнага супрацоўніцтва паміж двума гарадамі. Адбыўся святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел майстры мастацтваў Ульянаўскай вобласці і горада Гомеля.

Цягам года ў абодвух гарадах пройдуць абменныя культурныя акцыі, будуць наладжаны стасункі паміж навучальнымі ўстановамі культуры і мастацтва.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Ульянаўск - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф