Цыліндр старадаўніх муроў

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Адкуль у друкарні Мацея Кавячынскага скарынаўскі шрыфт?

/i/content/pi/cult/315/5535/14-2.jpg

Сёння цяжка ўявіць, што невялікая вёска ці маёнтак маглі быць цэнтрам асветы. Але менавіта кальвінскі збор ля вёскі Кухцічы на Узденшчыне, які ўпершыню згадваецца ў архіўных крыніцах напрыканцы ХVІ ст., з'яўляецца таму яркім доказам. Існуе думка, што менавіта тут была надрукавана "Біблія" Сымона Буднага. Пра помнік "К" згадвала ў сваім календары на пачатку года.

Стварэнне...

Першымі ўладальнікамі маёнтка былі Кавячынскія. У канцы XVII ст. гэтыя землі належаць роду Завішаў. На пачатку ХІХ ст. сядзіба была даволі буйным паселішчам. Тут, пры двары Казіміра Завішы - вядомага на той час археолага і этнографа, - пражывала восем сем'яў музыкантаў, былі размешчаны аранжарэя, дзе вырошчваліся дзівосныя расліны, бровар, тартак, вадзяны млын. Апошняй уладальніцай маёнтка стала Магдалена Радзівіл з роду Завішаў. У савецкі час у будынку кальвінскага збору зрабілі электрастанцыю.

Кавячынскія, якім у ХVІ ст. належыла Узда і навакольныя вёскі, былі кальвіністамі. Непадалёк ад Узды яны пабудавалі ўмацаваны храм-збор, які сімвалізаваў магутнасць новай канфесіі, а заадно ў час небяспекі мог бы выратоўваць сваіх прыхільнікаў ад узброеных нападаў.

 Кухціцкі збор быў узведзены ў стылі рэнесансу. Яго ўнутраная прастора вырашана ў выглядзе цыліндра, перакрытага невысокім дахам. Уваход у храм размяшчаецца ў асадзістай манументальнай прамавугольнай вежы з тоўстымі, больш за 1,5 м, сценамі і мураванымі скляпеннямі. Да ўвахода прымыкаюць дзве стройныя цыліндрычныя, з шатровым дахам, вежы, якія мелі калісьці чатыры ярусы байніц, разлічаных на вядзенне агню з ручной зброі. У больш позні час, калі збор быў ператвораны ў каталіцкую капліцу, байніцы звонку з-за непатрэбнасці замуравалі. Праз баявыя вежы можна было трапіць на другі паверх уваходнай вежы, дзе звычайна размяшчаліся бібліятэка кальвінскага збору і званіца.

Кухціцкі збор, як і большасць кальвінскіх храмаў, не мае амаль аніякай аздобы звонку, за выключэннем ляпнога геральдычнага шчыта Кавячынскіх над уваходам і пары пілястраў. Да таго ж, ён вызначаецца сціпласцю ва ўпрыгожанні інтэр'ераў. Па ўсім, гэты збор узводзіў мясцовы архітэктар, які, відаць, не меў спецыяльных прыстасаванняў для дакладнай разбіўкі храма, у выніку чаго месцамі назіраецца асіметрыя ў размяшчэнні акон і іншых элементаў будынка.

 Акрамя баявых веж, пра абарончы тып помніка сведчаць рэшткі земляных умацаванняў абапал храма - роў і вал са слядамі аднаго з бастыёнаў. У тыя далёкія часы роў заліваўся вадою пры дапамозе сістэмы плацін з Уздзянкі, так што знянацку захапіць Кухціцкі збор было даволі складана. Існуе меркаванне, што непадалёк ад будынка кальвінскага збору размяшчалася школа, а таксама шпіталь.

Ды род Кавячынскіх звязаны не толькі з пашырэннем на Беларусі кальвінізму, але і, найперш, з развіццём кнігадрукавання. У 1562 г. старэйшы з Кавячынскіх - Мацей - заснаваў у Нясвіжы друкарню, для чаго, на думку некаторых даследчыкаў, ён набыў друкарскі шрыфт, якім карыстаўся Францыск Скарына. За некалькі гадоў ім разам з Сымонам Будным было надрукавана больш як дзесяць кніг.

 ...і захаванне

Прайшло амаль трыццаць пяць гадоў, як гэты помнік быў вернуты з нябыту. У лістападзе 1977-га, пасля завершанага палявога сезона ў Віцебску, дзе праводзіліся археалагічныя раскопкі на Верхнім замку, давялося завітаць ва Узду. Менавіта ў той час аўтар гэтых радкоў выпадкова даведаўся, што на тэрыторыі мясцовай гаспадаркі месціцца нейкая старая камяніца.

Перад тым, як наведаць цікавы архітэктурны аб'ект, давялося пазнаёміцца са сціслай нататкай з кнігі 1905 г. Сямёнава-Цяншанскага "Полное географическое описание нашего отечества. Верхнее Поднепровье и Белоруссия". Цяжка перадаць, якім моцным было маё першае ўражанне ад убачаных ацалелых старадаўніх будынкаў. Не дзіўна, што гэтым гістарычным аб'ектам зацікавіўся і Міхась Ткачоў, які першым вызначыў: гэтая "знаходка" з'яўляецца колішнім кальвінскім зборам.

Затым быў зварот да ўлад, паколькі вакол помніка на той час пачыналася ўзвядзенне новых карпусоў мясцовага СПТВ: яно магло нанесці шкоду старадаўняму будынку. Трэба было неадкладна ўзяць пад ахову дзяржавы ўвесь кухціцкі гісторыка-архітэктурны комплекс Кавячынскіх з паркам, кальвінскім зборам, будынкамі маёнтка і іншымі пабудовамі ХІХ ст. (сыраварня, бровар, стайні ды вадзяны млын), якія ствараюць натуральнае гістарычнае асяроддзе для ўнікальнага помніка, і вырашыць пытанне яго рэстаўрацыі і культурнага прыстасавання.

Гісторыкамі прапаноўвалася выкарыстаць будынак кальвінскага збору пасля рэстаўрацыі пад рэгіянальны Музей старажытнай культуры, кнігадрукавання і літаратуры (тым больш, што з Уздзеншчыны паходзяць трынаццаць слаўных пісьменнікаў і паэтаў!).

Лёсавызначальная падзея для Кухцічаў адбылася 3 сакавіка 1978 г., калі на рэспубліканскім пленуме Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры з вялікай прамовай у абарону помніка выступіў Міхась Ткачоў. Вучоны прапанаваў тэрмінова абвясціць збор помнікам рэспубліканскага значэння, вызначыць для яго ахоўную зону, у якую ўключыць будынкі ХІХ ст., што месцяцца на тэрыторыі сядзібы, а таксама стары парк./i/content/pi/cult/315/5535/14-1.jpg

21 сакавіка Кухцічы наведвае прадстаўнічая камісія, якая вырашае ўзяць пад ахову дзяржавы будынак рэфарматарскага храма сярэдзіны ХVІ ст., а 17 сакавіка 1981-га кальвінскі збор ля Кухцічаў аб'яўлены помнікам рэспубліканскага значэння. У 1982 г. каля помніка былі праведзены невялікія археалагічныя раскопкі.

...Колькі гадоў таму давялося наведаць гэтую сядзібу разам з прадстаўніком роду Завішаў - прафесарам Сарбонскага ўніверсітэта Бенедыктам Завішам. На жаль, прыемна ўразіць госця дагледжаным помнікам архітэктуры не атрымалася... Як ні было сумна, але сітуацыя з кальвінскім зборам у Кухцічах не змянілася і да сёння. Хаця першыя канкрэтныя праекты па адраджэнні знакавых аб'ектаў Уздзенскага раёна маюцца: прыгадаем той жа Наднёман, звязаны з постаццю Якуба Наркевіча-Ёдкі. Застаецца спадзявацца, што ў прастору аднаўлення трапяць і недалёкія ад Наднёмана Кухцічы.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг

На здымках: гісторыка-архітэктурны комплекс Кавячынскіх сёння і на малюнку ХІХ ст.;

кальвінскі збор каля Кухцічаў.