Які сабекошт ІДЭІ?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Верхнядзвіншчына: праектаў больш, чым перашкод. А "замарозка" — не безнадзейная

/i/content/pi/cult/315/5534/pic_27.jpg

Новы этап развіцця cяла: самадастатковасць аддзела культуры

Да начальніка аддзела культуры Верхнядзвінскага райвыканкама Надзеі Масквічовай звярнуўся кіраўнік аб'яднання гаспадароў прыватных аграсядзіб Васіль Руды з прапановай аб сістэмным творчым супрацоўніцтве. Маўляў, усё больш цяпер размоў пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства, таму і намацваюцца шляхі, як і ў якім кірунку тыя стасункі наладжваць ды развіваць. У Надзеі Масквічовай ваганняў на гэты конт не было, таму і прапанавала досыць канкрэтны варыянт для першага сумеснага ўзаемадзеяння: "У раёне аграсядзіб - нямала, таму ці не маглі б вы ўзяць на сябе засяленне гасцей Міжнароднага дзіцячага фестывалю "Дзвіна - Двина - Даўгава", які ладзім штолета, а мы вам у адказ - культурнае забеспячэнне турыстычнага адпачынку. У такім выпадку займеем магчымасць праводзіць фэст цягам не аднаго, а некалькіх дзён. Фінансавая аснова кантактаў - дагаворная".

 Актыўна "рухацца" Надзею Масквічову прымушае не толькі "двухсотпрацэнтны" абласны план па аказанні платных паслуг (выкананне яго - пакуль нязбыўная мара для кожнага з 21 раёна Віцебшчыны), але і не вельмі вялікая, мякка кажучы, заможнасць небагатай на глебы сельскагаспадарчай Верхнядзвіншчыны. А нешматлікія гарадскія вытворчыя прадпрыемствы сёння толькі пачынаюць знаходзіць кірункі абнаўлення, таму на раённы бюджэт спадзявацца можна не заўжды, а абласнога для ўсіх неадкладных патрэб мясцовай культуры таксама часам хранічна не стае.

Вось і атрымліваецца, што праблем у сферы верхнядзвінскай культуры - больш чым дастаткова. Да прыкладу, з чатырох пераходных аграгарадоцкіх аб'ектаў сёлета будуць здадзены, па папярэдніх прыкідках, толькі два. Не меншую трывогу выклікае стан матэрыяльна-тэхнічнай базы і ў горадзе. Плюс кадравы "голад" і адсутнасць метадычнага цэнтра (дарэчы, для шэрагу раёнаў Віцебшчыны - з'ява звыклая), а таксама процьма іншых аб'ектыўна-суб'ектыўных перашкод, што замінаюць дынаміцы развіцця. Словам, праблем - мора, але не менш і творчых праектаў, рэалізацыя якіх дае падставу спадзявацца на лепшую перспектыву.

 

Народ пытаецца і прапануе

"Новых кніжак - мала!"

Не скажу, што на Верхнядзвіншчыне жыхары пачуваюць сябе ізалявана, хоць да Мінска і Віцебска дабірацца трэба гадзінамі. Аднак пэўная адасобленасць, а дакладней - вера найперш ва ўласныя сілы, усё ж адчувальная. Прысутнічае гэтая вера і ў адказах гараджан ды вяскоўцаў, якія на недахопы ў сферы культуры і скардзяцца, але вераць, што неўзабаве яны будуць агульнымі намаганнямі ліквідаваны.

Аляксей, рабочы з Верхнядзвінска:

 - Занадта доўга ўжо наш РДК да ладу даводзіцца. Разумею, грошай не стае, але ж не пяцігодку цэлую яго рамантаваць...

Старшакласніцы з аграгарадка "Валынцы":

- Дыскатэкі ў нас не надта "прасунутыя", бо апаратура - узросту досыць саліднага...

Ганна Антонава, бібліятэкар з аграгарадка "Валынцы":

- Новых кніжак паступае мала. За мінулы год - толькі 173 экзэмпляры, а ў лепшыя часіны паступленні тысячныя былі...

Віктар, навучэнец з аграгарадка "Сар'я":

 - Занадта доўга наш СДК рамантуецца. Канешне, змяніўся ён карэнным чынам, але ж не працуе пакуль, бо ўнутраная аддзелка не завершана. Пасля рамонту тут, кажуць, нават кавярня з'явіцца...

Любоў Марынская, загадчык сельскага клуба вёскі Сенькава:

- Нам бы камп'ютар у клуб - не столькі для падрыхтоўкі справаздачнасці, колькі для наладжвання сучасных дыскатэк...

/i/content/pi/cult/315/5534/pic_28.jpg

Намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ да ўдзелу ў "лятучцы" паставіўся з выключнай зацікаўленасцю. Зазначыў напярэдадні сустрэчы, што без агучвання праблем на рэспубліканскім узроўні паспяхова вырашыць іх немагчыма. А паколькі начальнік мясцовага аддзела культуры Надзея МАСКВІЧОВА працуе з кіраўніцтвам раёна ў шчыльнай звязцы, дык пад час гутаркі рознагалоссяў паміж маімі суразмоўцамі не было ніякіх.

Яўген РАГІН:

- З матэрыяльнай базай, на мой погляд, праблемы ў раёне страшэнныя. Возьмем спачатку горад. Некалькі гадоў цягнецца рамонт раённага Дома культуры...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Так, тэмпаў працы на гэтым аб'екце хацелася б іншых, бо ўстанова ў сферы культуры - вядучая. Рамонтныя работы абыдуцца ў тры мільярды рублёў. Заказчык - аддзел культуры. Падрадная арганізацыя патрабуе грошай, а іх у раёне хранічна не стае. Не, вобласць як можа дапамагае, але і ў яе сваіх праблем хапае, таму фінансаванне - няпоўнае.

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Рамонт у РДК - унутраны, але ўстанова працы не спыняе. За мінулы год на платных паслугах зарабіла 140 мільёнаў- гэта практычна 60 працэнтаў ад агульнараённых пазабюджэтных даходаў...

Яўген РАГІН:

- Тым не менш, пэўная частка памяшканняў не задзейнічана...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Кожны год штосьці ды робім. Сёлета будзем асвойваць дзесьці 320 мільёнаў рублёў.

Яўген РАГІН:

- Але і падрадчыку, ведаю, вы вінныя за выкананыя летась работы...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Так, каля 130 мільёнаў. Аднак у другім квартале адкрываецца фінансаванне. Да фіналу яшчэ далёка, але работы будзем доўжыць, а завершым іх, думаю, у наступным годзе.

Яўген РАГІН:

- Калі б толькі адзін РДК патрабаваў укладанняў... Не адпавядаюць часу будынкі раённага Дома рамёстваў, Дзіцячай школы мастацтваў, кінатэатра... Нерэалізаваным пакуль што застаецца праект па адкрыцці ў райцэнтры краязнаўчага музея... Карацей, работы - непачаты край.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Калісьці меркавалі зрабіць музей у будынку касцёла, былі ўжо выдаткаваны для гэтага немалыя бюджэтныя грошы... Ды пад час "перабудовы" касцёл вярнулі вернікам...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Цяпер пад музей вырашылі выкарыстаць адзін з аднапавярховых старадаўніх гарадскіх будынкаў. Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Плануем зрабіць да яго прыбудову і перанесці туды Дом рамёстваў, дзе, сапраўды, умовы далёкія ад ідэалу.

Надзея МАСКВІЧОВА:

- У нас праектаў - не менш, чым праблем. Калі адкрыецца фінансаванне, мяркуем прыстасаваць кінатэатр пад комплексны, шматфункцыянальны Культурны цэнтр...

Яўген РАГІН:

- Калі да Латвіі і Пскоўшчыны рукой падаць, такіх праектаў і павінна быць безліч! Чым, да прыкладу, збіраецеся прываблівасць гасцей Верхнядзвінска? Ці ёсць, скажам, у вас мастацкая галерэя?

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Вось і мяркуем адкрыць яе ў згаданым комплексным цэнтры. Змесцяцца тут і турбюро, і відэазала, і іншыя маладзёжныя структуры. А побач - музей з Домам рамёстваў, бібліятэка.

 Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- У Доме культуры таксама шмат цікавага запланавана. Апрача сучасных інтэр'ераў, з'явяцца канцэртная зала, кавярня і мастацкая галерэя... Я вельмі хачу, каб у вас не склалася ўражання, што рамонтныя работы на аб'ектах культуры безнадзейна "замарозіліся". Пакрысе, але рухаемся наперад.

Яўген РАГІН:

- Раён увайшоў у свой час у Дзяржпраграму развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў?

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Так. Бігосава і Асвея былі ўключаны ў гэтую комплексную праграму. Але паспрыяла яна не столькі станаўленню аб'ектаў культуры, колькі ўмацаванню вытворчасці... Значна дапамагла ўмацаванню базы клубаў і бібліятэк Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла...

Яўген РАГІН:

- Не хачу забягаць наперад, але і тут у вас засталося шмат праблем, звязаных з рамонтам сельскіх аб'ектаў...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Наш аддзел культуры - заказчык усіх будаўнічых работ. За мінулую пяцігодку я ператварылася ў прараба і пераканалася, што гаспадарчая група з двух чалавек мала на што здольная. А сярэднямесячныя заробкі ў рабочых не перавышаюць 600 тысяч рублёў...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- У мяне ідэя на гэты конт такая: трэба неадкладна ствараць адзіную гаспадарчую групу для сфер культуры, адукацыі і аховы здароўя.

Яўген РАГІН:

- Шчыра кажучы, упершыню чую такую прапанову. Па сутнасці, гэта асобнае цэнтралізаванае прадпрыемства...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- З дастатковым штатам, неабходным абсталяваннем і салідным транспартным паркам.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Раённыя будаўнікі заняты ўзвядзеннем жылля. На абласной селектарнай нарадзе днямі гаварылася, што толькі ў Віцебску сем тысяч будаўнікоў не хапае. Так што спадзявацца варта адно на ўласныя структуры, а яны - недасканалыя... Для карэнных змен, тым не менш, няма заканадаўчай базы.

 Яўген РАГІН:

 - Прыватнікі тут больш разваротлівыя, больш ініцыятыўныя, як падаецца. Вось прыклад, які ў горадзе кідаецца ў вочы імгненна: камунгасаўская гасцініца не надта шыкоўная па камфорце, але ж непадалёк - гасцініца прыватная, побач з якой паркоўка машынамі забітая. Словам, прыватнік даўно падрыхтаваўся да турыстычнага наплыву. Тое ж самае можна сказаць і пра 12 аграсядзіб... Давайце з гэтай нагоды звернем увагу на аграгарадок "Валынцы", які ўключаны ў турмаршруты Полацкага музея-запаведніка, бо менавіта ў гэтай вёсцы знаходзіцца краязнаўчы музей імя Івана Чэрскага. Ці гатовы Валынцы да аказання якасных культурных паслуг?

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Там цудоўны СДК, калектыў якога па леташніх выніках стаў у раёне лепшым.

Яўген РАГІН:

- Пераканаўся, спецыялісты там- цудоўныя. Дырэктар Ларыса Вайняловіч распавяла, што за мінулы год на платных паслугах яны зарабілі дзевяць мільёнаў рублёў. Але ж прыбытак мог быць і большым, калі б установа мела сучасную гукавую ды светлавую апаратуру...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Усё так. У гэтым Доме культуры мы ладзім штогадовы раённы фестываль "Зорны карагод", на які збіраюцца ўсе 16 народных калектываў і майстрырамеснікі, а апаратуру пастаянна прывозім з РДК.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

 - Ды трэба набываць гэтую апаратуру! Для таго, каб у раённага Дома культуры не было такіх праблем, выкарысталі 180 мільёнаў бюджэтных рублёў. На спонсарства спадзявацца пакуль не выпадае. Выйсце, натуральна, трэба шукаць у развіцці пазабюджэту.

Яўген РАГІН:

- А яго не разаўеш без "першапачатковага капіталу". Пра гэтае "зачараванае кола" цяпер у кожным раёне кажуць... І яшчэ адна непазбежная недарэчнасць: разам з метадыстам Святланай Канавальчанка мы падлічылі, што ў пагоні за валам колькасць мерапрыемстваў павялічылася ледзь не ў паўтара раза. Святлана Дзмітрыеўна сцвярджае, што якасць паслуг пры гэтым можа не змяншацца. Дзе, на ваш погляд, выйсце?

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- "Зверху" павінен быць сфарміраваны адзіны дзяржаўны падыход да наладжвання аптымальнай пазабюджэтнай дзейнасці, карыснай найперш для аддзелаў культуры... Да прыкладу, можна ўвесці тыя ж падатковыя льготы для сферы культуры. Ды, урэшце, нашым установам культуры яшчэ далёка да самаакупнасці. Калі ў аддзелаў з'явяцца "жывыя грошы", з'явіцца і матывацыя працаваць на вынік і якасна.

Яўген РАГІН:

- Пагаджаюся цалкам, бо лічу, што сённяшнія вашы паслугі вымагаюць удасканалення. Я зараз - пра музей імя Чэрскага ў Валынцах. Установа месціцца ў двух маленькіх пакоях мясцовай школы, аддзел культуры тут - арандатар... Калі мы наведалі музей, там на экскурсіі былі школьнікі, вольнага месца практычна не заставалася. З гэтай жа прычыны выстаўлены не ўсе экспанаты... Між тым, мне распавялі, што даўно існуе ідэя стварыць у старым будынку школы сельскі Культурны цэнтр, дзе месца хопіць і музею, і класам ДШМ. Ідэя - ёсць, ды няма грошай, вось стары школьны будынак і пазірае на свет павыбіванымі шыбкамі...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

 - Ад ідэі не адмаўляемся. Асабіста я не бачу нашых турыстычных перспектыў без развіцця музея ў Валынцах, тым больш, што райцэнтр такой установы пакуль не мае.

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Цалкам падтрымліваю пазіцыю Уладзіміра Яфімавіча.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Каб рэалізаваць ідэю, патрэбна найперш грунтоўная праектна-каштарысная дакументацыя.

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Адраджэнне і перапрафіляванне кінатэатра ў райцэнтры, стварэнне Культурнага цэнтра ў Валынцах - праекты стратэгічныя. Калі Міністэрства культуры абвесціць конкурс на лепшую ідэю з наступным фінансаваннем яе рэалізацыі, як пра тое казалася раней, мы ў такім конкурсе будзем удзельнічаць абавязкова.

Яўген РАГІН:

- У вас на сёння чатыры клубныя ўстановы ў аграгарадках з'яўляюцца пераходнымі. Гэта аграгарадкі "Сар'я", "Бігосава", "Боркавічы", "Нурава". СДК у Сар'і будзе здавацца ў красавіку. Сапраўды адкрыеце там кавярню?

Надзея МАСКВІЧОВА:

- І кавярню, і канферэнц-залу...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Мы за гэтыя аб'екты пастаянна бітымі былі. Бралі на сябе вялікую адказнасць, увязваліся ў выключна сур'ёзныя будаўніча-рэканструкцыйныя праекты, якія за год рэалізаваць проста немагчыма... Канешне, можна было абысціся мінімумам і своечасова адрапартаваць: "Аб'ект - здадзены!" Я не лічу такі падыход дзяржаўным. У названыя СДК даўно не ўкладвалі грошы, таму і рызыкнулі ўзяць на сябе мільярдныя праекты. Да прыкладу, у Сар'і асвоена недзе два мільярды рублёў... У гэтай вёсцы ніколі не было кавярні, і мы, арыентуючыся на сацыяльныя запатрабаванні жыхароў, увасабляем такі аб'ект у Доме культуры.

Яўген РАГІН:

- Клубная ўстанова вёскі Галубава, мне казалі, знаходзіцца на кантролі ў губернатара. Што там за сітуацыя?

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Галубаўскі сельскі клуб знаходзіцца на балансе мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства... Вёску вырашылі пераўтварыць у аграгарадок - узнікла патрэба ў рамонце ўстановы. Аддзел культуры выступіць заказчыкам работ не мае права. Будынак адключаны ад сістэмы ацяплення, там няма святла... Пасада загадчыка клуба - вакантная. У нас цяпер адзінае выйсце: узяць будынак на свой баланс і прыступіць да рамонту. Адпаведная дакументацыя ўжо рыхтуецца...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Гэтая вёска - немалая, нараканняў ад жыхароў шмат, бо бібліятэка дзейнічае, а клуб - не. Сітуацыю трэба неадкладна выпраўляць. Сёлета робім дах...

Яўген РАГІН:

- Я прыкінуў аб'ём агульнараённага клопату па ўмацаванні базы ў сферы культуры, і мне не па сабе стала...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Тым не менш, аптымізму імкнёмся не губляць.

Яўген РАГІН:

- Па меркаванні метадыста Святланы Канавальчанка, цяжка яго не згубіць, калі няма ў раёне метадычнага цэнтра. Гэта я зноў пачынаю гаворку пра якасць мерапрыемстваў. У раёне цяпер - 24 клубныя ўстановы, адзін метадыст ім дапамагчы проста не здольны...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Быў у нас калісьці метадцэнтр, але замест дапамогі ягоныя спецыялісты заняліся строгім інспектаваннем. А на сяле ў нас ёсць работнікі без спецыяльнай адукацыі, якія без метадычнай падтрымкі, навучання пачуваюць сябе не надта ўпэўнена. Было шмат скаргаў. У 1999 годзе цэнтр спыніў існаванне. Надзея Аркадзьеўна тады яшчэ не ўзначальвала аддзел...

Яўген РАГІН:

- Не надта, па-мойму, правільнае рашэнне. Дзіўна, чаму абласны метадычны цэнтр не сказаў тут свайго важкага слова?

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Метадычны цэнтр сёння патрэбны: новы час - новыя падыходы да працы. Святлана Канавальчанка ведае, што і як рабіць, ёй не хапае штата памочнікаў.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Я не супраць, толькі не наступайце двойчы на адны і тыя ж граблі.

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Пралічылі бюджэт, і на другое паўгоддзе запланавалі стварэнне буйной метадычнай структуры пры РДК.

Яўген РАГІН:

- Названая праблема непарыўна звязана з праблемай кадравай. Толькі 70 працэнтаў клубнікаў маюць спецыяльную адукацыю, астатнія - практыкі. На заробкі цяпер наракаць сорамна...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Дырэктар СДК атрымлівае мільён рублёў.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- А за люты сярэдні заробак у раённай культуры склаў 1 мільён 43 тысячы рублёў.

Яўген РАГІН:

- Заробак - ёсць, іншым разам працы няма?

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Крэатыўныя ідэі і іх рэалізацыю трэба аплачваць належным чынам. Вось рашэннем губернатара нашы бібліятэкары атрымліваюць грашовую надбаўку за вышэйшую адукацыю, а клубнікі- не. А ў іх дзялянка працы невымерна большая...

Яўген РАГІН:

- І асаблівага стымулу для набыцця адукацыі няма. У трох вёсках, дзе мы пабывалі, усе спецыялісты маюць толькі сярэднюю адукацыю...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Неаспрэчна. Цяпер у нас 10 завочнікаў, што навучаюцца ў ВНУ, але гэта работнікі гарадской ДШМ і РДК.

Яўген РАГІН:

- Пагаджаюся, што клубнікам няма калі спаць у шапку. У СДК вёскі Валынцы зона абслугоўвання - аж з шасці населеных пунктаў, а аўтаклуба ў раёне няма. Зноў пакутуе рэгулярнасць, а значыць - якасць мерапрыемстваў...

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Так, у раёне - 104 аддаленыя вёскі. Адназначна, аўтаклуб - патрэбны, аўтабібліятэка ўсёй праблемы не вырашыць. Але закупкі транспарту пры долевым удзеле на Віцебшчыне - цэнтралізаваныя, пакуль вобласць такой магчымасці не мае... Такая ж сітуацыя - і ў сферы адукацыі, з транспартам для падвозу вясковых дзяцей у школы.

Яўген РАГІН:

- Пераканаўся і ў тым, што не надта аптымальным лічыце і план па аказанні платных паслуг...

 Надзея МАСКВІЧОВА:

- Па леташніх выніках мы сярод раёнаў - сёмыя. Але знізу. Аднак, калі ўлічваць аказанне паслуг на душу насельніцтва, дык мы - трэція зверху. Але апошняе пакуль ніхто не ўлічвае. Тут бы хацелася большага эканамічнага абгрунтавання, большай мэтазгоднасці.

Яўген РАГІН:

 - Я тут за ваш мікраклімат хвалююся, бо дэпрэміраванні за невыкананне згаданага плана - амаль штомесячныя...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Не, людзі разумеюць, што трэба зарабляць, і план у творчай сферы не можа быць лёгкадаступны - менавіта важкая задача падштурхоўвае да пошуку: не дае дыскатэка асаблівага прыбытку - арыентуйцеся на канцэрты.

Яўген РАГІН:

- З гэтай нагоды многія клубнікі жадаюць займець свой камп'ютар. Ведаю, што яго наяўнасцю можа пахваліцца пакуль толькі СДК у Бігосаве...

Надзея МАСКВІЧОВА:

- Ведаю гэтую праблему.

Яўген РАГІН:

- А бібліятэкі скардзяцца на малыя паступленні ў кніжныя фонды.

Надзея МАСКВІЧОВА:

 - Усё з той жа прычыны: хранічна не стае грошай.

Уладзімір ЯКАЎЛЕЎ:

- Галоўнае, што ёсць ідэі і вялікае жаданне ўвасабляць іх у жыццё.

 

Дэталь да агульнай карціны

"Метадычны" дэфіцыт

Магілёўскі абласны метадцэнтр - ініцыятар даўніх стасункаў паміж работнікамі культуры Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Другія заўжды зайздросцяць, што ў першых ёсць свой метадычны часопіс, што выдае МАМЦНТ. На Віцебшчыне такіх ёмістых выданняў няма.

 Гэты дэфіцыт, як распавядае метадыст Верхнядзвінскага РДК Святлана Канавальчанка, запаўняецца за кошт падпіскі на расійскія выданні. - Выпісваем некалькі галіновых расійскіх часопісаў, - кажа яна. - Выкарыстоўваем для гэтага процьму грошай. Квартальная падпіска толькі аднаго наймення каштуе 90 тысяч рублёў. Вельмі карыснае выданне, але ўсе сцэнарыі і методыкі грунтуюцца на расійскім нацыянальным матэрыяле. Чаму ж на Беларусі няма рэспубліканскіх метадычных часопісаў?.. Пытанне метадыста застаецца пакуль адкрытым.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"