“Халі-Хало” — не проста гульня

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Наваполацк: адраджэнне фестывалю

/i/content/pi/cult/315/5532/pic_26.jpgАдкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало" вызначыў мой маршрут на мінулы ўікэнд - Наваполацк. Адразу трапіла да выставачнага стэнда з афішамі, дыпломамі і газетнымі артыкуламі, што распавядалі пра гісторыю гэтага мерапрыемства, якое стартавала ў 1994-м. Сёлетняе, сёмае па ліку, спаборніцтва аддзяляюць ад папярэдняга восем гадоў. Але гэта не перашкодзіла "ХаліХало-2011" сабраць 65 удзельнікаў з 23 населеных пунктаў краіны - рэкорд за ўсе гады існавання конкурсу!

Побач з цікавасцю разглядвала афішы васьмігадовая Сафія Лесіменка, якая займаецца вакалам у Гомельскай музычнай школе № 3 імя М.Салдатава. Яна прызналася, што раней нічога не чула пра "Халі-Хало", але прыехала змагацца адразу за... перамогу. Юная артыстка, што ўпэўнена прадэманстравала песню - фольк у сучаснай апрацоўцы, - мусіць, і не здагадвалася: удзел у конкурсе можа стаць "пуцёўкай" на вялікую сцэну. Так і сталася для магіляўчан Пятра Ялфімава і Наталлі Падольскай, што заваявалі, адпаведна, I і II месца на "Халі-Хало-1996".

Арганізацыя трохдзённага конкурсу, у якім удзельнічаюць дзеці і падлеткі ад 8 да 18 гадоў з усёй краіны, - справа не з простых. Але аўтары ідэі, прадстаўнікі арганізатараў - старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Міхаіл Бакевіч (ён стаяў ля вытокаў конкурсу), старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава, галоўны мастак гарадскога Палаца культуры Сяргей Анішчанка, начальнік аддзела культуры Наваполацкага гарвыканкама Валянціна Кішчанка ды многія іншыя - вырашылі пасля доўгага перапынку адрадзіць сваё дзецішча. Падтрымаў ініцыятыву і Віцебскі аблвыканкам, фінансавую дапамогу аказалі больш за 20 наваполацкіх прадпрыемстваў-спонсараў.

Пасля таго, як завяршылася адна з конкурсных праграм, з'явілася магчымасць пагутарыць з членамі прафесійнага журы. Аб неабходнасці існавання "Халі-Хало" кажа яго старшыня, кампазітар Алег Елісеенкаў: "У таленавітых дзяцей, маладых людзей з'явілася магчымасць сустрэцца, паказаць сябе. Конкурс дэманструе, дзеля чаго трэба займацца ў студыях і музычных школах: фіналам гэтых шматгадовых заняткаў заўсёды з'яўляецца вялікі канцэрт. А "Халі-Хало" - гэта такі від канцэрта, дзе збіраецца шмат таленавітых дзяцей, а самыя здольныя перамагаюць. Гэтая форма мае сваю інтрыгу, яна дае магчымасць не толькі журы, але і самім малечам, гледачам ацэньваць, параўноўваць. Лепшых заўсёды заўважаюць і запамінаюць".

Варта дадаць, што зала цягам усяго конкурсу была запоўнена. Новапалачане з дзецьмі падтрымлівалі сваіх землякоў, прыглядаліся да таленавітых выканаўцаў. А яны - ад самых маленькіх да ўжо амаль дарослых людзей - падышлі да гэтага спаборніцтва адказна: усе мелі яркія сцэнічныя касцюмы, дапаўнялі ўласныя спевы танцамі, а вялікую частку іх рэпертуару складалі песні на беларускай мове. Многія з выканаўцаў проста запальвалі сваёй харызмай!

- Такі конкурс можа паспрыяць творчаму росту дзяцей, - дадае член журы Ганна Сцяпанава, педагог і музыкант з Адэсы. - Я магу пра гэта казаць з упэўненасцю, бо мой бацька з дзяцінства вазіў мяне на шматлікія фестывалі і конкурсы. Гэта вельмі развівае. Тут я заўважыла нямала таленавітых юных выканаўцаў, а здольных - увогуле вельмі многа, але складана прадказаць, як складзецца іх лёс. Хацелася б, каб яны працягвалі развіваць сваё майстэрства...

Цягам усяго конкурсу нават журы актыўна "хварэла" за выканаўцаў, падтрымлівала іх апладысментамі. Аддаць Гран-пры было вырашана 12-гадоваму Цімуру Шушкову з Магілёва. Яшчэ дзве магіляўчанкі - Кацярына Мурашка і Валерыя Грыбусава, - а таксама бабруйчанін Уладлен Іваноў трапілі ў спіс лаўрэатаў.

Першыя месцы ў трох узроставых катэгорыях занялі Вікторыя Місюль з Вілейкі, Лізавета Шуляк з Мінска і Настасся Філіпава з Міёраў. А наваполацкая глядачка Наталля Іванаўна з дзесяцігадовай дачушкай Насцяй спадзяюцца, што наступным разам і яны змогуць святкаваць перамогу. "Ведаю, што "Халі-Хало" праходзіў і раней, - кажа жанчына, - але я тут упершыню. Цікава даведацца, што гэта за фестываль. Думаю, мая дачка таксама павінна ў ім паўдзельнічаць: яна добра спявае. Можа, "зоркай" стане?!"