Якія яны, сучасныя перадзвіжнікі?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

“Сённяшняе мастацтва” для шматлікіх з нас — паняцце досыць нявызначанае: у кожнага — сваё разуменне эстэтыкі, сваё меркаванне пра сутнасць таго або іншага мастацкага твора. І толькі з класікай складана паспрачацца. Прыхільнікаў такога меркавання аб’яднала “Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. ХХІ стагоддзе” з Санкт-Пецярбурга, якое завітала на Брэстчыну, у Пружаны, са сваёй вялікай экспазіцыяй.

/i/content/pi/cult/315/5531/pic_24.jpgЯк заўсёды, утульныя сцены Салона музея цёпла сустрэлі гасцей, а народны камерны хор Пружанскага палаца культуры пад кіраўніцтвам Якава Малайчука настроіў прысутных на адмысловую душэўную хвалю. Размаўлялі пра мастацтва і творчасць, важнасць гэтай выстаўкі, накірункі і творчасць мастакоў-перадзвіжнікаў ХІХ стагоддзя і прадаўжальнікаў іх справы - нашых сучаснікаў. Здзіўляе багаты жанравы рэпертуар і пашыраны круг тэм і сюжэтаў: нароўні з побытавай карцінай вылучаюцца партрэты і пейзажы, гістарычны жывапіс і батальныя сцэны. Развіваючы асобныя жанры, сучасныя перадзвіжнікі прадставілі сінтэз усіх жанравых складнікаў у форме "харавой карціны".

Першым чынам заслугоўваюць увагі работы Юрыя Белазерскага, у прыватнасці - ягоная карціна "Далягляд далёкі круглы". Яна напісана вольна і шырока, як дакументальнае кіно, пазбаўлена пастановачнасці. Разнастайны і складаны па колеры бязмежны зялёны дыван; лёгкая імжа ўдалечыні аб'ядноўвае ўсе колеры ў адзінай маляўнічай гаме. Агульны халодны блакітнавата-зялёны тон стварае высокую ступень экзістэнцыянальнай адкрытасці, такі памежны стан выклікае збянтэжанасць.

Карціна Дзмітрыя Васільева "Дахаты" перадае ўяўленне пра долю самотных вясковых жанчын. Выява сялянкі наўмысна такая, нібы яна па калена ўрасла ў зямлю і насілу перасоўваецца ўгару за распаранай каровайкарміцелькай. Карціна мае гарызантальны фармат, але прастора развіваецца ўвышыню, перадаючы бясконцасць адзіноты і безвыходнасць старасці. Такія ж асацыяцыі выклікала работа Мікалая Лукашука "Дарога ў сельмаг". Думаю, шматлікія гледачы ў гэты момант узгадалі сваіх старых бацькоў...

З вялікай сімпатыяй быў успрыняты "Нацюрморт з кабачком" Любові Вячаслававай. Вельмі эфектны твор, дзе лёгкая маляўнічая гама спалучаецца з ілюзорнай трактоўкай формы свежых духмяных агуркоў, са свядома нядбайным вылучэннем фактуры спелага агрэсту. Менавіта момант ненаўмыснасці, імкненне зрабіць кампазіцыю выпадковай і выклікае ў гледача ўсмешку.

Уражанне абуджэння прыроды перадаў Уладзімір Брат карцінай "Гусакі": растае брудны снег, талыя воды сцякаюць у сажалку, і чарада тоўстых, ацалелых на Каляды, гусакоў цягнецца да вады...

Як ураганная віхура, захапіла ўвагу дэкаратыўная /i/content/pi/cult/315/5531/pic_25.jpgшчодрая маляўнічасць і шырата мазка на карціне Наталлі Вішняковай "Танец". Фарбы літаральна выліты на палатно, святло ліецца на карціну, пракрадаецца скрозь яе, і чырвоны колер пераліваецца ва ўсім багацці і разнастайнасці гучных адценняў...

Асобнай увагі заслугоўваюць нешматлікія скульптурныя кампазіцыі. Тэракотавая статуэтка "Фінскі рыбак" Вячаслава Уланава прыцягвае сваёй знарочыстай адсутнасцю глазуры. Крыху цяжкаважная постаць, грубыя, масіўныя, як калоны, ногі, мускулістыя, перабольшана-цяжкія шурпатыя рукі перадаюць адчуванне цяжару рыбацкага побыту...

Кожная работа выклікае эмоцыі, разумееш, што немагчыма выказаць усе свае ўражанні. Да гэтых твораў, лічу, трэба "дакрануцца вокам".

Алена ЗЯЛЕВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Музея-сядзібы "Пружанскі палацык"