Дыялог на роўных

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

У Мастацкім музеі Віцебска працуе выстаўка жывапісу маладых мастачак Наталлі Самсонавай і Ірыны Барсуковай пад назвай “Дыялог”. Ужо ў 1990-я гады, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута, Наталля і Ірына заявілі аб сабе як прафесійныя творцы, стаўшы ўдзельніцамі розных выставачных праектаў, у тым ліку персанальных.

/i/content/pi/cult/315/5530/pic_22.jpg"У дыялогу мы на роўных: я падару табе радасць - ты мне падорыш радасць. Сёння шмат мяне - заўтра шмат цябе. Мы жадаем жыць так, каб захаваць смак зачаравання дыялогам, падтрымліваць яго спрадвечным імкненнем да мастацтва, якое і ёсць само жыццё, якое абуджае ўяўленне пасля доўгага зімовага сну",- зазначаюць творцы.

Назва выстаўкі - "Дыялог" - гэта размова пра рамантычны свет кветак і абуджанай прыроды, свет адчувальнай, пачуццёвай гармоніі прыгажосці. Дыялог - паўсюль: у пейзажы, партрэце, нацюрморце, якія запоўнены асаблівым уяўленнем свету і яркага колеру. Кветкі таксама вядуць дыялог паміж сабой, яны напоўнены пранізлівай свежасцю і здаюцца адухоўленымі, са сваім таямнічым жыццём. Мастачкі імкнуцца падкрэсліць гармонію прыроды і чалавека, іх арганічнае адзінства. Кветкі - паўсюль: яны падкупляюць сваёй трапяткой, усхваляванай кволасцю, мноствам адценняў і элегантнасцю форм. Яны цудоўныя, як і самі творцы.

У аснове жывапіснай манеры мастачак - дбайнае і руплівае вывучэнне светлавога асяроддзя. Каларыт работ Наталлі Самсонавай пабудаваны на тонкіх колеравых пераходах. Падкрэслены каштоўная крохкасць і гуллівая зграбнасць найдрабнейшых дэталей свету навокал нас. Карціны, напісаныя ў светлай вытанчанай гаме, передаюць рамантычны настрой ("Бабіна лета", "Сінявочка"). Гледачоў не пакідае адчуванне асаблівай камернасці, якая зыходзіць ад штодзённых рэчаў і з'яў. У работах мастачкі прысутнічае надзвычай кранальнае пачуццё пяшчоты і цеплыні. Аўтар імкнецца стварыць сваё суквецце мрояў і фантазій, спрабуючы павесці гледача як мага далей у казку гарманічнага зліцця чалавека і прыроды ("Палёт над лугам").

Работы Ірыны Барсуковай- яркія і гучныя па манеры /i/content/pi/cult/315/5530/pic_23.jpgвыканання. У сваёй творчасці яна звяртаецца да традыцый рэалізму, успрымаючы разам з гледачом свет праз прызму святла. Свет мастачкі- гэта свет паўсядзённых жыццёвых эпізодаў, насычаны філасофскім роздумам пра хуткаплыннасць часу ("Час"). Яе ўлюбёныя жанры - партрэт, нацюрморт, урбаністычны пейзаж, выкананыя алеем ці акварэллю. Створаныя вобразы вылучаюцца глыбінёй і гармоніяй духоўнага свету ("Лера", "Наташа"). Асаблівая ўвага надаецца погляду, жэстам рук, рухам душы - таму, што вызначае характар канкрэтнага чалавека і надае партрэтам элемент жанравасці.

"Дыялог" - гэта размова пра сябе, пра жыццё, якое разгорнута паслядоўна на прасторы палатна, пра задуменную, скіраваную ў будучыню дзяўчыну ў вянку з палявых кветак, за якой ідзе ўслед упэўненая ў сваіх сілах вопытная мастачка...

Наталля ГУЛІДАВА, мастацтвазнаўца

Віцебск