Не дзеля хлеба, не для відовішчаў...

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Напрыканцы вясны, сярод сталічных кінааматараў прайшла хваля чутак, што, маўляў, Ігар Сукманаў, вядомы наш кінааналітык, прывёз з Каннаў эратычнае кіно, якое мусіць заняць сваю нішу ў айчынным кінапракаце. І не проста эратычнае, а — эпатажны гібрыд артхауса, эротыкі, жорсткасці і публіцыстыкі. Тыя, хто пабачыў гэтае кіно, выйшлі з залы прыкладна з аднолькавымі пачуццямі — збянтэжанасці і агіды. Як, дарэчы, і карэспандэнты газеты “Культура”, што былі запрошаны на прагляд. Пасля сеанса хацелася хутчэй забыць пра гэты праект як пра самы недарэчны і няўдалы з тых, што праходзілі ў Доме кіно. Мінуў час, а непрыемныя эмоцыі і адчуванні ад убачанага так і не змаглі сцерціся з памяці. Таму і звярнуліся да ініцыятара і аднаго з арганізатараў праекта — Ігара СУКМАНАВА з пытаннямі, чаму ён вырашыў прывезці такое кіно, чаму гледачы яго не ўспрынялі і чаму яно, тым не менш, міжволі застаецца ў памяці.

Артхаус — учарашні дзень

— Па-першае, хачу вас паправіць, — пачаў І.Сукманаў. — Наша задача — прадставіць неспакушанай беларускай публіцы не “разыначку”, не эратычнае, не эпатажнае, а— радыкальнае кіно. Гэта абсалютна новая форма кінавытворчасці, якой мне хацелася б падзяліцца з нашымі кінаманамі і якую ўжо даўно абмяркоўваюць у свеце. У нас ёсць праекты, якія знаёмяць публіку з элітарным, аўтарскім, артхаусным кіно, але сёння ўсё гэта, можна сказаць, ужо пройдзены этап для тых людзей, хто не проста ходзіць на сеансы, што прапануе ім кінапракат і маскульт, а несупынна шукае мастацкія крыніцы для развіцця свайго інтэлекту і творчага густу.
Нашаму грамадству, якое не можа пазнаёміцца са шматлікімі мастацкімі працэсамі, што праходзяць у свеце сёння, гэта вельмі карысна і патрэбна. Нават самыя адукаваныя і “прасунутыя” беларусы зацыкліліся на кустурыцах, фон трыерах і ім падобных, а між тым, гэта ўжо адпрацаваны матэрыял, учарашні дзень. Гэтае інтэлектуальнае кіно ўжо не можа натхняць так, як калісьці, на пачатку. І тут трэба пераходзіць на больш высокую прыступку — да радыкальнага кіно, якое ставіць свае пытанні на сацыяльныя праблемы і дае новыя формы пошуку адказаў на іх. А паколькі гэтыя формы аказваюцца складанымі, спрэчнымі, неадназначнымі, іх варта было б не раскідваць па ўсёй кінасетцы, а вынесці ў асобны мініфестываль. Мы так і зрабілі.

Пазіцыя без прыгажосці

— Радыкалізм кожны разумее па-свойму. Таму адны ў радыкальным кіно бачаць эротыку і гвалт, а іншыя — менавіта сацыяльную вастрыню. Напрыклад, возьмем дацкае кіно-анімацыю “Прынцэса”, якое падняло тэмы дзіцяці і парнаграфіі, рэлігіі і супрацьстаяння порнаіндустрыі. Як пра гэта расказаць? Для ігравога кіно, зразумела, гэта тэма табуіравана: сыграць многія сцэны было б ударам ніжэй пояса. Анімацыя ж здольна гэта паказаць, але публіка, звыклая да казачнай, тыповай анімацыі, зразумела, зусім не чакае такога падыходу. З аднаго боку, гэта эксперымент, правакацыя, стопрацэнтнае мастацтва, з іншага — праблемны твор, які нагадвае не голую публіцыстыку, а маніфест супраць насаджэння парнаграфіі ў жыццё грамадства. Гэта яшчэ і рэлігійнае кіно. Канешне, кожны глядач “счытвае” гэтую інфармацыю, яе праблемныя пласты па-свойму, як толькі можа ў сілу свайго інтэлекту.
Фільм “Фландрыя” — гэта таксама ўзор радыкальнага кіно. У дадзеным выпадку радыкалізм заключаецца ў тым, што рэжысёр адсякае ад праблемнай тэмы вайны і чалавечнасці ўсё непатрэбнае, усю мастацкую прыгажосць, нават адмаўляецца ад музыкі. І гэта абсалютна аўтарская пазіцыя, стыль, манера, гэта цалкам бескампраміснае кіно, якое працуе не на публіку ў сваёй масе, а на адзінкі з гэтай публікі. Аўтар вядзе аповед “сухой” мовай, не спрабуючы фліртаваць з гледачом меладраматычнымі прыёмамі.

З шырокараскрытымі вачыма

— Тое, што такое кіно выклікала грамадскую незадаволенасць, мяне зусім не расчаравала. Я гэтага і чакаў. Такое кіно і не павінна падабацца, як і горкая пілюля лекаў. Яго не абавязкова прымаць, любіць і гэтак далей. Да яго можна ставіцца з агідай, але яно не будзе ў жыцці чалавека “прахадным” кіно. Як бы мы ні ставіліся да такога фармату, яго сэнс усё роўна чаму-небудзь навучыць і напоўніць розум. У стужку можа быць закладзена нават банальная тэма, але ў новай фармуліроўцы, з новымі пытаннямі, якія могуць шакіраваць, раздражняць, ды ўсё ж не дазволяць заплюшчыць вочы на ўзнятыя праблемы. Шок дзеля гуманізму — гэта магчыма. Грамадская незадаволенасць — гэта і доказ таго, што “вострага” кіно павінна быць больш. Прывучанай да “мяккіх” разваг інтэлектуальнага артхауса, публіцы можна рабіць “прышчэпкі” аўтарскага кіно новага пакалення. Падобны фармат — гэта не толькі новае аўтарскае кіно, але і новы спосаб яго “глядзення”, якое выключае “дыяганальнае чытанне”, знаёмства па-хуткаму. Глядзець і бачыць такое кіно трэба яшчэ навучыць. Таму для недасведчаных мы да кожнага прагляду рыхтуем спецыяльныя буклеты, у якіх пададзена аўтарская пазіцыя, — каб аблегчыць гледачу ўспрыманне матэрыялу. Можна ахаць: ах — тут эротыка, ах — тут непрыстойнасць, але калі даць гэтаму тлумачэнне, усё зайграе іншымі фарбамі. Канешне, не для тых, хто неўспрымальны ані да чога. Калі правільна зарыентаваць гледача, гэтае радыкальнае кіно можа быць выдатным спосабам выхавання моладзі, якой надакучылі лекцыі і павучальны тон. Хаця многае, паўтаруся, залежыць ад інтэлекту гледача.Новая кінажорсткасць

— Жорсткасць — так, яна прысутнічае. Але не такая, як у “Піле” ды іншым відовішчным трэшы. Вы падрыжалі, папалохаліся ў зале, а выйшлі на вуліцу — і ўсё забылі. Радыкальнае кіно ўтрымлівае жорсткасць іншага кшталту, гэта не самамэта і не відовішчнасць. У ім яна заключаецца ў паказе свету такім, які ён ёсць, — аўтар не змякчае праблемы. Усе гэтыя тэмы — гвалту, жорсткасці, вайны, амаральнасці і гэтак далей — у тым ці іншым увасабленні мы бачым у навінах. Але ўспрымаем іх часцей як інфармацыю, не супастаўляючы яе са сваім унутраным светам. Аўтары ж радыкальнага кіно прымушаюць вас паглыбіцца ў самае пекла праблемы.
Таму гэтае кіно “чапляе” так моцна, што вы не можаце выйсці з кінатэатра, забыўшыся пра ўбачанае і насвістваючы вясёлую песеньку. Тое, што і як вам пакажуць аўтары радыкальных стужак, не дасць вам спакойна глядзець на свет праз ружовыя акуляры. Яны альбо задаюць шмат неадчэпных пытанняў, альбо паказваюць такі выварат той жа вайны, што робіцца надзвычай самотна, нібы з вашай псіхікі знялі ўсе абарончыя механізмы…

Пасля расказанага

Сапраўды, пасля шырокага каментарыя Ігара Сукманава на такое кіно глядзіш ужо, мабыць, іншымі вачыма. А чаму б і не? Чаму б такому кіно і не існаваць? Чаму б міні-фестывалю радыкальнага кіно не прадоўжыцца ў Доме кіно ў новым восеньскім сезоне?

Святлана ЖУРАЎСКАЯ

Папросім выказаць свае меркаванні адносна гэтага спецыялістаў.

С.Ж.

Людміла ПЕРАГУДАВА, кінакрытык, галоўны рэдактар часопіса “На экранах”:

— Мне вельмі падабаецца гэты праект. Калі мы не жадаем быць на кіназадворках Еўропы, мы павінны мець магчымасць глядзець рознае кіно. Стужкі, якія мы ўбачылі, можна прымаць, адвяргаць, але іх нельга назваць няякаснымі, антымастацкімі, і нам трэба паспрабаваць зразумець іх. Калі мы жадаем быць у курсе сусветнай кінакультуры, мы не можам адмяжоўвацца ад таго, што выклікае цікавасць у свеце, тым больш, што гэта новы кінастыль, новая мова. Іншая справа, што падобныя фільмы трэба глядзець з належнай падрыхтоўкай, і я бачу ў ролі правадніка між новым мастацтвам і неспакушанай аўдыторыяй, напрыклад, інтэлектуала Ігара Сукманава, які здольны правесці “кіналікбез”.

Антон СІДАРЭНКА, вядучы кінаклуба “Феномены кіно”:

— Дзве стужкі, якія мы пабачылі, гэта не маргінальныя, сумнеўныя творы, а ўдзельнікі і пераможцы Канскага кінафестывалю. Калі беларускія кінаманы-інтэлектуалы не пажадаюць з імі знаёміцца і надалей, шкада, канешне, але — што ж тут казаць? Аднак, на маю думку, гледачы маюць права бачыць усе сучасныя кінатэндэнцыі. А што да змрочнасці некаторых тэм… У мастацтве няма догмаў. Палатно Э.Мунка “Крык” таксама не выклікае жыццярадасных пачуццяў, аднак ніхто не выключае яго з сусветнай спадчыны. Кіно павінна прыносіць нешта вартае ў скарбонку чалавека, і калі мы падчас прагляду перажываем, пакутуем, гэта таксама карысны досвед.

Людміла САЯНКОВА, кінакрытык, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ:

— Калі паглядзець на кінавытворчасць у цэлым, а не вузка на гэты праект, дык убачым такія стужкі, якія разбураюць нас рэалізмам, “праўдай жыцця”, якія наводзяць жудасць, такія, напрыклад, як фільм П.Пазаліні “Сало… “. Калі фільму ўласціва разбуральнасць, моцная адмоўная энергетыка, дык навошта ён? Я — супраць жорсткасці ды гвалту, хай сабе яны і ставяць канчатковай мэтай гуманізм. Так, чалавек не павінен заплюшчваць вочы на праблемы, аднак да трагедый ёсць розныя падыходы. Напрыклад, такі, у выніку якога мы ўсё роўна застаёмся з пазітывам у душы.

Аляксандр БОГДАН, галоўны рэжысёр сталічнага Дома кіно:

— Такія стужкі, як “Прынцэса”, “Фландрыя”, не ствараюцца дзеля жорсткасці ды жахаў, я б назваў іх высокамастацкімі экзэрсісамі з элементамі радыкалізму, хаця ў іх не столькі радыкалізму, колькі новага падыходу. Яны зроблены з густам сусветнавядомымі аўтарамі, але як менавіта аўтарскі эксперымент. Падобнае павінна быць і дэманстравацца ў Беларусі, нягледзячы на тое, што наведвальнасць падчас гэтых дэманстрацый была невысокая. Гэта кіно не для шырокай аўдыторыі, аднак яно дае ўяўленне аб розных накірунках сучаснага кінапрацэсу.