Чары ў месяцовую ноч

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

У Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі, што ў Магілёве, працуе цікавая выстаўка графікі вядомага мастака Сержука Цімохава пад назвай “Ню” з серыі “Чары ночы”.

/i/content/pi/cult/315/5529/pic_21.jpgЯго манера - індывідуальная і арыгінальная. Гэта нейкая гульня ў абстракцыю, але заўсёды - на рэалістычнай аснове. Асаблівасцю творчасці мастака з'яўляецца сінтэз лініі, плямы і колеру, гульня з фактурай, пошук кантрастаў, імкненне эксперыментаваць з рознымі тэхнікамі і вобразамі. Цімохаў у асноўным звяртаецца да тэмы язычніцтва, дзе ён разважае пра карані беларускай культуры, прыроду чалавечага быцця ў свеце, імкнецца знайсці вытокі першароднай прыгажосці. На першым месцы - пошук гарманічнай узаемасувязі чалавека і прыродных стыхій: Вады, Зямлі, Агню, Паветра. Тэма "ню", якую ён распрацоўвае цягам апошняга дзесяцігоддзя, з'яўляецца адной з найстаражытных у сусветным мастацтве. Сярод беларускіх аўтараў Цімохаў, мабыць, першы, хто настолькі глыбока і сур'ёзна даследуе яе ў сваёй творчасці. Аднак у яго работах гэта, па сутнасці, - своеасаблівая варыяцыя і працяг язычніцкай тэматыкі, адна з яе граняў. Мастак дадае да язычніцкай тэмы жаночыя вобразы, якія пачынаюць набываць зусім новае гучанне, выклікаючы асацыяцыі з купальскімі матывамі і нагадваючы аб старажытным язычніцкім свяце Сонца і Урадлівасці. У яго творах праглядаецца імкненне асэнсаваць Жанчыну - першааснову Жыцця.

"Чары ночы" - гэта выдатная серыя графічных работ Цімохава, дзе ў цэнтры ўвагі аўтара аказваецца прыгажосць аголенага жаночага цела, напоўненага замілаваннем, імкненнем пранікнуць у стан жаночай душы, перадаць яе настрой і пачуцці. Дзякуючы яго творам мы вяртаемся да моманту стварэння свету, да тых часоў, калі на Зямлі з'явілася Жанчына. Частка работ выканана ў аранжава-чырвонай каларыстычнай гаме. Каларыт тут з'яўляецца адным з асноўных сродкаў мастацкай выразнасці. Колер жа мае глыбокае сімвалічнае значэнне, асноўным з якіх выступаюць Жыццё, Агонь і Цеплыня. Гэта заход, змярканне, надыход вечара, плаўнае набліжэнне ночы.

Сіне-блакітная колеравая гама робіць зусім іншае ўражанне. Мастак імкнецца атаясаміць Жанчыну з Сусветам, з касмічнай прасторай. Жаночыя вобразы на фоне бязмежнага зорнага неба ў месяцовую ноч - таямнічыя і задуменныя. Тут выразна і ярка чытаюцца матывы купальскай ночы, разважанне аб Вечнасці, імкненне зліцца з прасторай Быцця.

Графічныя работы Цімохава з гэтай серыі вылучае імкненне сумясціць два розныя віды мастацтва: жывапіс і графіку. Тут творца дасягае максімальнай пераканаўчасці і цэласнасці вобраза праз лаканічную выразнасць ліній. У некаторых работах ён "наўмысна" дазваляе сабе лёгкую "нядбайнасць" у штрыхоўцы. Побач з чорна-белымі творамі, выкананымі тушшу, прысутнічаюць таксама і тыя, у якіх спалучаюцца алей і аловак, алей і туш.

У выніку жаночыя вобразы - заўсёды цнатлівыя і лаканічныя, поўныя адвечнай чысціні і чароўнасці. Менавіта таму яны не пакідаюць нас абыякавымі і заўсёды вабяць сваёй загадкавай містычнай прыгажосцю і таямнічасцю...

Аляксандр ПЫКО, кандыдат мастацтвазнаўства