Пранізлівая энергетыка Сожа

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Днямі ў Гомельскай выставачнай зале вежы палаца Румянцавых і Паскевічаў адкрылася выстаўка твораў вядомага пейзажыста і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Звінагродскага, прысвечаная 115-годдзю з дня яго нараджэння.

/i/content/pi/cult/315/5528/pic_20.jpgУ 1970-я я добра ведаў Барыса Фёдаравіча, які мне шмат чаго цікавага расказаў пра сваё жыццё-быццё. Ён быў чалавекам вельмі сціплым, ніколі не выпінаў сваё мастакоўскае "Я" сярод сабратаў па пэндзлі, не ўваходзіў ні ў якія дробныя групоўкі, не лічачы яго нядоўгага прабывання напрыканцы 1920-х гадоў ва Усебеларускай асацыяцыі мастакоў разам з І.Ахрэмчыкам, А.Грубэ, Р.Семашкевічам, А.Шаўчэнкам, М.Станютам, В.Волкавым; не ўдзельнічаў у шумных "сварках" мастакоў, калі яны не мелі дачынення да мастацтва: ён быў проста таленавітым пейзажыстам, улюбёным у пленэрны жывапіс. Пісаў душой і сэрцам усё тое, што кранала яго, што было побач з ім, і міма чаго звычайны чалавек праходзіў, не заўважаючы хараства...

А нарадзіўся Барыс Фёдаравіч у г. Артвін (цяпер - Турцыя), у сям'і юрыста. Калі яму споўнілася дзесяць гадоў, сям'я пераехала ў Харкаў, і першыя азы рысавання хлопчык атрымаў у прыватнай студыі І.Дзмітрыева. Але бацькі марылі, каб Барыс таксама стаў юрыстам, і яму давялося паступіць на юрфак Маскоўскага ўніверсітэта. Аднак цяга да мастацтва перамагла, і Звінагродскі апынуўся ў знакамітым Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў класе Абрама Архіпава. Як мне казаў мастак, найбольшы ўплыў на яго аказаў усё ж Канстанцін Каровін, які вёў у 1917 - 1919 гг. суседнюю майстэрню. Менавіта гэты выдатны майстар навучыў яго працаваць на пленэры, дзе галоўным было - атрымаць пранізлівае святло фарбаў і ўнутраную энергетыку жывапісу...

Пад час Грамадзянскай вайны Звінагродскі служыў у Чырвонай Арміі, а пасля перамогі савецкай улады трапіў у Гомель. І з таго часу - з 1925 г. - Гомельшчына стала другой радзімай мастака. А ў Вялікую Айчынную ён супрацоўнічаў у газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну!", і з агітбрыгадай прайшоў многія кіламетры франтавых дарог. Пасля вайны адбываюцца значныя змены ў палітры жывапісца, у сістэме выразных сродкаў і прыёмаў пластыкі. Становіцца характэрным імкненне да шырокіх жывапісных абагульненняў, да смелага поліфанічнага шматгалосся складаных колераў.

Яго лепшыя палотны - гэта гульня сонечнага святла і яго рэфлексаў, адбітых у водах Сожа; гэта баржы, параходы, гомельскія масты, прыстані, вядомы суднарамонтны завод... І практычна ўсюды - рака Сож, якая стала для мастака такой жа галоўнай "тэмай", вобразам, як Сена для Маркэ, Волга для Левітана, Днепр для Куінджы...

"Сожскія" матывы - даволі сціплыя, непераборлівыя, хаця ёсць і панарамныя, без вонкавых эфектаў, але яны вельмі прыцягваюць сваёй "дакументальнай" праўдзівасцю, сардэчнасцю пачуццяў, цёплай эмацыянальнасцю.

Што казаць? Жывапіс Барыса Звінагродскага - з'ява рэгіянальная. Яна плоць ад плоці звязана з Гомельшчынай, а па вялікім рахунку - з ўсёй нашай Бацькаўшчынай, якой мастак аддаў усё сваё творчае жыццё...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"