Чым блішчыць россып шыпшыны?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

І баталісты малююць кветкі. Мяркуючы па выстаўцы, якая адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, гэта сапраўды так. Якіх толькі кветак у самых розных жанравых і сюжэтных варыянтах тут няма! Здаецца, ёсць усе. Адкрыццё тэматычнай экспазіцыі “Памятае зямля беларуская” адбылося за колькі месяцаў да 70-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/315/5527/pic_17.jpgПа-майстэрску напісаныя, работы радуюць пачуццёвым каларытам і менавіта тым падтэкстам, які пашырае звыклыя межы нацюрмортаў. Вось калі міжволі прыгадваеш: кожны мастак, каго і што ён ні ўвасабляў бы, падсвядома ўвасабляе сябе самога. І ў кветках - таксама. Па-свойму непаўторна глядзяцца самыя экзатычныя з іх на карціне Уладзіміра Гардзеенкі "Лета". А якім каларыстычным лірызмам прасякнуты "Кветкі ў блакітнай вазе" Алы Каласенцавай! Па-сапраўднаму таленавіта здолеў аб'яднаць адзінай шматколернай прасторай Аляксей Панцюк-Жукоўскі і рамонкі, і канюшыну, і васількі, і россып шыпшыны, і жбан, і яблык... Усё гэта свеціцца такой пранікнёнай радасцю жыцця! Нават нябеснай прасторай не абмяжоўвае нацюрморт "Кветкі Радзімы" Віктар Барабанцаў.

Пералік можна доўжыць. Сваю прысутнасць у кветкавай прыгажосці экспазіцыі засведчылі Кім Шастакоўскі ("Нацюрморт з рабінкай"), Мікалай Апіёк ("Кветкі - пераможцам"), Юрый Крупянкоў ("Кветніца"), Барыс Аракчэеў ("Юбілейныя кветкі"). Так ці інакш настраёва, кампазіцыйна гэтая прыгажосць выяўляе сябе і ў многіх іншых творах баталістаў. Нават рэшткі абгарэлага дзота патанаюць у квітнеючых маках на карціне Аляксандра Асядоўскага "Вышыня". З хрэстаматыйнай пераканаўчасцю глядзяцца кветкі ў руцэ ветэрана на палатне пэндзля Леаніда Дударэнкі "Крэпасць над Бугам". Гэта класічны па сваёй жанравасці твор. Дарэчы, як і цалкам адпаведныя батальнай тэматыцы работы Уладзіміра Уродніча "Дарога да Вялікай Мядзведзіцы", "Бярозавы шум". Шматпланавасць кампазіцыі, псіхалагічная дакладнасць малюнка і каларыту, увасабленне не толькі відавочнага, але і падсвядомага адразу ж вызначае гэтага мастака.

Панарамна глядзіцца напісаная ў лепшых традыцыях /i/content/pi/cult/315/5527/pic_18.jpgсавецкага рэалістычнага мастацтва карціна Міхаіла Меранкова "Лета". Адзін з трагічных і гераічных момантаў Вялікай Айчыннай хвалююча ўвасобіў Святаслаў Федарэнка ў "Подзвігу Хігрына". Да вытокаў нашай гісторыі вяртаюць класічныя творы Георгія Паплаўскага "На берагах Нямігі" і "Ля сцен Бярэсця".

Не, не толькі кветкам аддалі перавагу мастакі ў гэтай экспазіцыі. Хаця, калі ўдумацца, то лепшага сімвала адваяванага мірнага жыцця, чым гэтая простая зямная прыгажосць, знайсці цяжка. І асабліва радуе тое, што аб'яднала выстаўка перакананых аднадумцаў, якія захавалі сваю вернасць пранікнёнай шчырасці рэалістычнага мастацтва. Ды хіба можа быць інакш, калі бачым работы Мая Данцыга "На эцюдах", Георгія Лойкі "Зона памяці", Івана Козела "Зямля продкаў", Міколы Таранды "Нямыя сведкі гісторыі", Міколы Мішчанкі "І зноў май", Аксаны Аракчэевай "Мірнае неба над Мінскам"...

Дарэчы, многія ўдзельнікі выстаўкі ўжо цягам сямі гадоў уваходзяць у студыю баталістаў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, а цяпер - яшчэ і ў аб'яднанне /i/content/pi/cult/315/5527/pic_19.jpg"Традыцыя" Саюза мастакоў, якое з добрым адчуваннем перспектывы ўзначальвае Уладзімір Уродніч.

- Гэтая выстаўка ўпершыню была паказана ў Мінску - да гадавіны Вялікай Перамогі. Потым яе пабачылі ў Оршы, Віцебску, Бабруйску, а цяпер - у Светлагорску. Як бачыце, яна прайшла шляхам славутай аперацыі "Баграціён". Неўзабаве плануем таксама калектыўную экспазіцыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу і мясцінам, што знайшлі ўвасабленне ў творах славутага пісьменніка. А гэта і Навагрудак, і Гальшаны, і Орша... "Мінск - горад майго юнацтва" - так думаем назваць яшчэ адну выстаўку. Творчасці заслужанага дзеяча мастацтваў Мікалая Апіёка будзе прысвечана яго юбілейная экспазіцыя. А наогул у нашым аб'яднанні "Традыцыя", якое заўжды вызначаецца паэтычнай вернасцю духоўнаму праяўленню жыцця, - 26 майстроў рэалістычнага мастацтва, - падзяліўся сваімі меркаваннямі і планамі Уладзімір Васільевіч.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск