Маркер свайго або “лішняя прафесія”?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Нетыповая міфалогія для новай цацачнай марфалогіі

З нараджэннем сына я іншымі вачыма паглядзела на асартымент цацачных аддзелаў і адпаведных інтэрнэткрам. Так хацелася новаму чалавечку з першых дзён яго існавання распавесці пра краіну, у якой ён з'явіўся на свет, ад пачатку данесці да яго нацыянальныя мелодыі і хараство роднай зямлі! Аднак сёння з паліц ды электронных вітрын у асноўным глядзяць звяры ды лялькі запазычаных марфалогій... Два гады таму "Культура" ўжо пісала, што выхаванне патрыёта сваёй зямлі пачынаецца з таго, каб з першых гульняў трансляваць дзіцяці сімвалы і вобразы айчынных традыцый ды культурных каштоўнасцей. Узнятая праблема выклікала значны розгалас. У рэдакцыю сталі прыходзіць лісты, у якіх чытачы разважалі аб глыбінным змесце вобраза цацкі ў нашай этнічнай прасторы. Зараз мы прапануем паразважаць над яшчэ адным важным аспектам гэтай тэмы: а ці знойдуцца ў краіне спецыялісты, здольныя пераасэнсаваць нацыянальныя вытокі і перадаць іх у сучасных тэхналогіях, каб у свеце, у тым ліку для дзяцей, стаў сапраўды пазнавальным, так бы мовіць, маркер беларускага?

 

Беларусачка ў мініяцюрным БелАЗе

"Цацачная праблема" выклікае шэраг зусім не дзіцячых пытанняў. Нездарма яшчэ ў 2008 годзе ў рэспубліцы праводзілася міжгаліновая нарада "Сучасны свет цацкі: тэндэнцыі беларускага рынку, нацыянальны інтарэс, пэдагагічная мэтазгоднасць". Па яе выніках было зацверджана Даручэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, накіраванае на змяненне сітуацыі. 5 студзеня 2010-га Міністэрства эканомікі краіны зацвердзіла чарговую пастанову аб прыняцці комплексу мер па пашырэнні вытворчасці цацак у рэспубліцы. А на сайце Міністэрства гандлю штогод выкладаецца спіс дзіцячых тавараў, якія да гэтай пары засталіся па-за ўвагай айчынных вытворцаў ці распрацаваны ў недастатковым аб'ёме.

Як зазначыла карэспандэнту "К" галоўны эканаміст упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку невытворчых тавараў Міністэрства гандлю Жанна Кучэўская, на сённяшні дзень у спісе запатрабаванага айчыннага прадукту, сярод іншага, - музычныя інструменты (дзіцячыя піяніна, флейты, кларнеты, раялі), радыёкіравальныя, электрафікаваныя, завадныя, надзіманыя цацкі, настольна-друкаваныя гульні, адзенне, аксесуары і мэбля для лялек, фігуры жывёлін, а таксама прадукцыя для немаўлят.

Як бачна, для беларускіх прадпрыемстваў адкрыта вялікая ніша для вытворчасці. І справа тут не толькі ў пытанні імпартазамяшчэння, але і ў эфектыўным вырашэнні больш высокай задачы: аховы нацыянальных культурных каштоўнасцей.

Давайце паглядзім, чым мы акружаем дзіця ў першыя гады яго жыцця, калі, па сведчанні псіхолагаў, мозг асабліва актыўна засвойвае інфармацыю і фарміруе тую сістэму каардынат, у межах якой і будзе далей развівацца індывід. Над калыскай круціцца мабіле, штодзень напяваючы калыханкі іншых народаў. На канапе месцяцца мягканабіўныя героі замежных мультыплікацыйных фільмаў. У "паркінгу" ля шафы - зноў іншаземныя танкі, джыпы, скутэры. А ў тэматычных канструктарах-платформах - жывёліны, характэрныя для іншых куткоў свету. Не дзіўна, што сёння паўтарагадовыя беларусы злёгку пазнаюць апосумаў, кенгуру і ляніўцаў, аднак губляюцца перад выявамі зубра і бусла...

Чаму не паспрабаваць абязлічаныя пластмасавыя машынкі замяніць на тэхніку, стылізаваную пад знакамітыя ў свеце БелАЗы, МАЗы, трактары "Беларус"? Ці замест абрыдлых барбі прапанаваць дзяўчынкам беларусачку-князёўну, даўшы ёй у "пасаг" шыкоўныя сярэднявечныя строі, палацы, вазок з конямі? Якія гарызонты для распрацоўкі нацыянальнага трэнда адкрываюцца ў простым прыслухоўванні да любові дзяўчынак ператварацца ў прынцэс! Купляючы замежныя тыпажы, мы навязваем сваім дзецям, паўтаруся, код іншага менталітэту, не ўласцівую нам сістэму паводзін і жыццёвага існавання.

Аднак ці знойдуцца ў нас прафесіяналы, якія змогуць пераадолець цяжар "нагледжанага", адысці ад тыражавання замежнай архітэктонікі і стварыць нетыповыя цацкі з беларускім культурным кодам?

 

Як выйсці за межы лабараторыі?

Дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Крысціна Стрыкелева пачала размову з таго, што тэма цацкі для факультэта з'яўляецца традыцыйнай. Цягам 35 гадоў яго існавання (а асобныя кафедры налічваюць і каля сарака гадоў сталай працы) гэтая тэма ніколі не выходзіла з зоны ўвагі, трапляючы ў праектныя распрацоўкі на кафедрах, да дыпломнікаў. Асабліва гэта датычыцца спецыялізацыі "Дызайн вырабаў побытавага ўжывання".

- Мы шмат кантактавалі са спецыялістамі, таму магу ўпэўнена сказаць, што стварэнне цацкі - гэта асобная "тэрыторыя". Чаго толькі варты пошук вобраза, калі патрэбна аб'яднаць такія паняцці, як эмацыйнасць, у пэўнай ступені, наіўнасць, канструктыўнасць, тэхналагічнасць, эканамічнасць і гэтак далей! Тут патрэбны спецыфічны талент бачання, умення пабудаваць гэты ўнікальны, моцны, эмацыйна зараджаны вобраз, - патлумачыла Крысціна Стрыкелева.

Суразмоўца "К" упэўнена, што ідэяй для цацкі можа стаць што заўгодна. Прынамсі, у межах курса архітэктонікі студэнты распрацоўвалі знаёмы вобраз шахмат. У выніку ж атрымалі арыгінальны прадукт зусім нечаканых марфалогій!

Дык чаму, прытым, што мы маем фантануючых ідэямі студэнтаў-дызайнераў, значных змяненняў па многіх пазіцыях дзіцячых тавараў пакуль не бачна? Чаму новыя нацыянальныя прататыпы толькі зрэдку выходзяць за межы вучэбных лабараторый?

- Факультэт у меру магчымасцей наладжвае кантакты з прадпрыемствамі, што займаюцца вытворчасцю цацак, выпраўляе студэнтаў на вытворчую практыку, запрашае на абарону дыпломных прац, заклікае прыняць удзел у навучанні, прапануе тэмы, якія становяцца дэманстрацыяй патэнцыялу,- распавяла дэкан ФДіДПМ. - Аднак саюз не можа быць да канца арганічным, калі няма ўнутранага памкнення да кансалідацыі. Падыход кшталту "вы нам рыхтуйце, а мы потым паглядзім" падаецца мне неадназначным і аднабокім. Ён наўрад ці прынясе прадуктыўны вынік. На жаль, падобная сітуацыя склалася па многіх напрамках прамысловага дызайну. Толькі адзінкавыя прадпрыемствы выказалі зацікаўленасць у паглыбленым узаемадзеянні па падрыхтоўцы студэнтаў...

Каб прастымуляваць прыватнікаў больш актыўна ўключыцца ў супрацоўніцтва, а таксама для абагульнення існуючых на факультэце практык, у студзені бягучага года ФДіДПМ правёў рэспубліканскі семінар "Распрацоўка вобразаў нацыянальнай гульнёвай прадукцыі: вопыт і перспектывы", куды былі запрошаны прадстаўнікі вядучых цацачных прадпрыемстваў.

 

Калі ідэя даражэйшая за выдаткі

Пасля рэспубліканскага семінара прайшло ўжо больш за два месяцы, аднак тых зрухаў, на якія разлічвалі педагогі, на жаль, не адбылося. Практыка сведчыць, што пакуль на многіх айчынных прадпрыемствах дызайнер прадукцыі лічыцца амаль што "лішняй прафесіяй". Маўляў, тэхнолаг адсочвае вытворчасць, менеджар прасоўвае ляльку на рынак, а мець дадаткова дызайнера - залішне.

- Часта пасля практыкі студэнты скардзяцца, што паўсюль дамінуе прататыпны падыход, калі спецыялісту прыносяць нечы каталог і патрабуюць "зрабіць, як тут". Магчыма, праблема тут - у фінансавых выдатках, бо запазычанне форм заўсёды таннейшае ў вытворчасці за новае, - мяркуе Крысціна Стрыкелева.

Гэтую думку часткова пацвярджае намеснік дырэктара па агульных пытаннях сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю з Кобрына Валерый Кузьміч. Кампанія вядомая ў Беларусі і краінах СНД як вытворца высакаякасных канструктараў і пластмасавых цацак з экалагічна чыстых матэрыялаў з выкарыстаннем перадавых тэхналогій. Але штат дызайнераў, па словах намесніка дырэктара, выкарыстоўваецца, у асноўным, для распрацоўкі ўпакоўкі, этыкетак і наклеек, і часткова - для дапрацоўкі гатовых найменняў тавару.

- Да нас часта звяртаюцца ў індывідуальным парадку з прапановамі ўласна сканструяваных цацак, але пакуль мы не можам узяць іх у тыражную распрацоўку, бо няма магчымасці выдаткаваць фінансаванне на стварэнне арыгінальных прэс-форм. На бягучы момант наша кампанія закупляе ўсе прэс-формы ў замежных вытворцаў ці бярэ іх у арэнду,- зазначыў Валерый Кузьміч.

Пазіцыя - зразумелая, але без арыгінальнага дызайнерскага бачання наўрад ці магчыма "вынайсці" эфектную нацыянальную цацку, якая будзе распавядаць аб беларускіх традыцыях суседзям. Тады можна будзе разлічваць на тое, што камерцыйны поспех прадукцыі зможа пакрыць выдаткі на яе вытворчасць.

Зрэшты, найбольш паспяховыя найноўшыя дызайнерскія тэхналогіі якраз і будуюцца, як запэўнівае Крысціна Стрыкелева, на інавацыйных хадах, калі свабодна інтэрпрэтуюцца традыцыі і ідзе эксперымент з новым прачытаннем форм. У гэтым выпадку этнічныя культурныя тэмы трансфармуюцца і адраджаюцца ў новым кантэксце і ў сучасных тэхналогіях.

3D-успрыняцце культурнага кода

- Вельмі цяжка знайсці прафесіянала, які можа не толькі крэатыўна мысліць, але і ўяўляць сабе канчатковую прадукцыю ў аб'ёме, - раскрывае наступную праблему сваёй галіны Міхаіл Мурашка, дырэктар па маркетынгу яшчэ аднаго СТАА з Мінска, якое прапануе цягам 15 гадоў мягканабіўныя цацкі, надзвычай папулярныя ў айчыннага і замежнага пакупніка. - Такіх прафесіяналаў - адзінкі. Таму на прадпрыемствах вакансіі дызайнераў заняты, і я сумняваюся, што ў нашай галіне патрабуецца шмат новых спецыялістаў. З гэтай прычыны наша прадпрыемства кантактуе з Акадэміяй мастацтваў толькі ў пэўных канкрэтных сітуацыях. Прынамсі, мы праводзілі конкурс на лепшае ўяўленне вобраза цацкі, і работа пераможцы была ўведзена ў серыйную вытворчасць...

Безумоўна, слушная заўвага. На факультэце разумеюць, што рынак працы па дадзенай спецыяльнасці - абмежаваны, таму пытанне аб стварэнні асобнай спецыялізацыі цацачнікаў не ўзнімаецца. Аднак не трэба забывацца і на перспектывы развіцця галіны. Ці не будзе вырашэннем праблемы пошуку тых адзінкавых запатрабаваных спецыялістаў, калі стасункі факультэта і прадпрыемстваў з адзінкавых перарастуць у сталыя?

Як зазначае Крысціна Стрыкелева, існуе шмат схем узаемакарыснага і, у той жа час, паслядоўнага супрацоўніцтва. Прынамсі, прадпрыемства, зацікаўленае ў пэўнай праблематыцы, магло б з года ў год весці патранаж канкрэтнай тэмы ці фінансаванне праекта, паралельна прыглядаючыся да студэнтаў і адбіраючы сабе "таго адзінага". Такая паслядоўнасць дазволіла б карэкціраваць методыкі падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам спецыфікі пэўнай галіны і часу. Па гэтым прынцыпе, запэўнівае суразмоўца, даўно працуюць на Захадзе, што прынесла відавочныя вынікі.

- Інвестыцыі ў пэўны праект дазволілі б факультэту абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, што адразу далося б у знакі ў практычнай падрыхтоўцы студэнтаў. Бо дызайнер - гэта творца, які, па сутнасці, заўсёды працуе на вастрыі найноўшых тэхналогій, - упэўнена дэкан ФДіДПМ.

 

"Раскажы мне казку!"

Дызайн - тая дзейнасць, якая звязана з праблематыкай эстэтычнай якасці. Пакуль ставіцца задача зрабіць не горш за замежныя аналагі, крэатыўная думка застанецца незапатрабаванай. Але прадстаўнікам вялікага сегмента беларускай цацачнай прамысловасці відавочна цесна ў межах кланіравання чужых тыпажоў. Таму прыйшоў час выходзіць на новы ўзровень у распрацоўцы сваёй прадукцыі, пераасэнсаваўшы нацыянальныя вытокі і прадставіўшы на паліцах айчынных і замежных крам цацкі з характэрным нацыянальным акцэнтам.

Тым больш, што даследаванні айчыннага рынку, як запэўнівае той жа Міхаіл Мурашка, сведчаць пра павелічэнне інтарэсу пакупнікоў да цацак з нацыянальнымі адметнасцямі. Тыя даследаванні ўжо выклікаюць у вытворцы патрэбу больш яскрава выявіць "беларускасць" у айчынных пухнатых.

У прыватнасці, у сталічнага прадпрыемства з'явілася ідэя выпусціць у серыі папулярных звяроў-казачнікаў цацку з беларускімі чароўнымі гісторыямі, якія агучаць на роднай мове лепшыя айчынныя акцёры.

У гэтым святле прадпрыемствам неабходна перагледзець падыходы да пошуку спецыялістаў, якія змогуць выйсці за межы існуючых марфалогій і прапанаваць вытворчасці трансфармаваную ў адпаведную форму этнічную культурную традыцыю. Як зазначыла Крысціна Стрыкелева, нацыянальнае аблічча дызайну ўвогуле і цацачнай індустрыі ў прыватнасці з'явіцца тады, калі ўзнікне неабходнасць стварэння свайго, непаўторнага, выбітнага. Зрэшты, менавіта гэтыя знаходкі маркіруюць сучасны стан думкі грамадства.

Аднак сапраўды адметная цацка, якая будзе несці дзіцяці культурныя каштоўнасці яго Радзімы, да таго ж, стане камерцыйна паспяховай, хутчэй з'явіцца тады, калі ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі дадзенага рынку ўбачаць неабходнасць сумесных пошукаў нацыянальнага кода.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"