Аляксандр ЯФРЭМАЎ, народны артыст Беларусі: "Ідэальны сюжэт для ўніверсальнай аўдыторыі"

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Тэатр-студыя кінаакцёра: трыццаць трыццатага

/i/content/pi/cult/315/5525/pic_16.jpgТрыццатую гадавіну свайго існавання мінскі Тэатр-студыя кінаакцёра сустракае шэрагам папулярных пастановак са свайго рэпертуару: праграма "Юбілейнага парада спектакляў" ахапіла ўвесь сакавік. А на наступным тыдні, 30-га, тэатр запрашае прыхільнікаў на юбілейны вечар, на якім, пасля спектакля "Вельмі простая гісторыя" па п'есе Марыі Ладо, апошнія змогуць павіншаваць сваіх любімых акцёраў.

Апошнія дваццаць гадоў мастацкім кіраўніком тэатра з'яўляецца рэжысёр Аляксандр ЯФРЭМАЎ. Некалькі тыдняў таму ён быў удастоены высокай пашаны - звання народнага артыста Беларусі, крыху раней - спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Гэтымі днямі Аляксандр Васільевіч амаль не даступны для прэсы: апрача падрыхтоўкі да юбілею тэатра, Яфрэмаў завяршае працу над стужкай "Немец". На вачах карэспандэнта "К" рэжысёр рашуча адмовіў у інтэрв'ю рэйтынгаваму тэлеканалу і тыражнаму штотыднёвіку, але для нашай газеты зрабіў выключэнне. Зразумела, гутарка пачалася з віншаванняў.

- Дзякуй вялікі! Званне народнага артыста - вельмі пачэснае, але і вельмі адказнае, - кажа Аляксандр Васільевіч. - Паняцце "народны" для мяне, як пафасна гэта ні гучала б, - у душэўна-ідэалагічным складніку. Гэта непасрэдна тычыцца таго, якія мэты мастак ставіць перад сабой у сваёй творчасці: ён размаўляе толькі з сабой ці імкнецца гаварыць з грамадствам, з народам? Перад табой паўстае пытанне мастацкай мовы - якім чынам ты размаўляеш з аўдыторыяй: ці аўтарскім, толькі табе вядомым "шыфрам", ці той мовай, што зразумелая большасці? У рэшце рэшт, галоўнае - як добра ты валодаеш інструментам, які называецца "Мастацтва", і наколькі шчыра твае работы ўспрымаюцца гледачом.

- За тыя гады, што вы служыце кіно, гэтае мастацтва значна змянілася. Прынамсі, мільённыя аўдыторыі сёння збіраюць тэлевізійныя стужкі, а ў кінатэатрах наша кіно амаль знікла... Ды і тэлекіно Аляксандра Яфрэмава вельмі папулярнае...

- Шчыра кажучы, я вельмі сумую па часах "вялікага кіно", па тых магчымасцях, якія былі ў рэжысёраў. На вялікі жаль, эпоха 1980-х - самага пачатку 1990-х, не пакінула шанцаў для мноства цудоўных аўтараў. Можна сказаць, што з прафесіі было вымушана сысці цэлае пакаленне кінематаграфістаў. Цяперашні час сапраўды тэлевізійны, але я ганаруся сваімі работамі для тэлеканалаў, бо стараюся ствараць іх па законах "вялікага" кіно. Не ўсё, на жаль, удаецца, бо ўмовы вытворчасці цяпер такія, што не дазваляюць, напрыклад, працаваць над кожнай асобнай сцэнай столькі часу, колькі патрэбна для ўдумлівай творчасці. Таму ў маіх стужак шмат вымушаных мастацкіх кампрамісаў, у тым ліку пастановачных: калі ў кадр трапляюць сучасныя матэрыялы, тратуарная плітка, напрыклад. У Беларусі не так шмат мясцін, якія ані не змяніліся з часоў той жа Вялікай Айчыннай. Добра, калі глядач так табе давярае, што сочыць за перыпетыямі сюжэта і недакладнасцей проста не заўважае. Усё роўна за кожную такую хібу ў кадры балюча і невыносна сорамна!

- На вашу думку, якім чынам можна вярнуць айчыннае кіно ў кінатэатры?

- "Змагацца" з такой моцнай кінематаграфіяй, як галівудская, яе ж зброяй немагчыма. Я спадзяюся, што ў хуткім часе гледачам надакучаць адны спецэфекты за сотні мільёнаў долараў, і яны засумуюць па сапраўдных пачуццях, па той глыбіні эмоцый, якія можа гарантаваць толькі якасная драматургія, узгадаваная на цудоўнай літаратурнай класіцы. Глядач заўсёды сімпатызуе рэальным, а не камп'ютарным героям. Кожны рэжысёр (і я- не выключэнне) усё жыццё шукае гэтага героя. Вайна на экране дае тут вялікую магчымасць. Але хочацца і сучасных сюжэтаў. А вось які ён, сённяшні герой? Ці то паспяховы бізнесмен, ці то шчыры бескарысны юнак, як у маёй стужцы "Павадыр"? Кожны, хто сур'ёзна займаецца творчасцю, і не толькі ў кіно, заняты гэтымі пошукамі.

Тэатр - справа цікавая

- Два дзесяцігоддзі таму вы пачалі працаваць у мінскім Тэатрыстудыі кінаакцёра. Перыяд вымушанага прастою ў кіно даўно скончаны, але, нягледзячы на недахоп часу, працягваеце ставіць і ажыццяўляць мастацкае кіраўніцтва ў тэатры...

- Так, і вельмі шкадую, што не магу аддаваць яму больш часу! І гэта не амбіцыі: мне сапраўды вельмі цікава працаваць на сцэне.

- Але ці можна параўнаць пастаноўку з пяццю акцёрамі для дзвюх сотняў гледачоў і магчымасці здымаць цэлыя дывізіі з танкамі ды гарматамі?..

- Не паверыце: мару паставіць стужку з пяццю акцёрамі, якія будуць увесь час знаходзіцца ў адным памяшканні! Памятаеце "Мужчыну і жанчыну" Клода Лелюша? Там герояў наогул двое, а адарвацца ад экрана - немагчыма! У гэтым заключаецца хараство еўрапейскай культуры: разгадваць таямніцу душы. А рабіць гэта ў кіно, тым больш - сучасным, вельмі складана. Бо ёсць пэўная колькасць метраў, якія патрэбна зняць за змену, ёсць дэкарацыі, што на наступны дзень павінны быць дэманціраваны, акцёры, якія раз'едуцца па сваіх справах... Тэатр дае магчымасць агледзецца, аддыхацца. У тэатры ў цябе ёсць час, утульны час, а ў кіно ён такі калючы...

- І асабліва ўтульны час у Тэатры-студыі кінаакцёра?

- Так. Тэатр у нас - цудоўны! На жаль, ён перажывае складаны момант сваёй біяграфіі. Звязаны ён з непазбежнай у кожным тэатры з'явай: зменай пакаленняў. Цяжкая хвароба не дазваляе выходзіць на сцэну ўлюбёнцу нашай публікі, цудоўнаму артысту, на якім трымаўся шэраг нашых спектакляў, Пятру Юрчанкову-старэйшаму. Калі кажуць пра тое, што незаменных няма, дык гэта - не пра наш калектыў. Зразумела, мы спрабуем уводзіць на ролі Юрчанкова-старэйшага іншых акцёраў, але гэта ўсё не тое... Тэатр становіцца больш дарослым, і ў гэты момант да нас прыходзіць шмат таленавітых маладых людзей. Мы шукаем, спрабуем запоўніць нішы, якія ў нас існуюць, але такая справа робіцца не ў адзін момант. Гэта перыяд, які неабходна перажыць, не згубіўшы пры гэтым свае набыткі.

- Тэатр-студыю, нягледзячы на камерныя памеры яго глядзельнай залы, можна назваць вельмі шырокадыяпазоннай культурнай установай: па спектры драматургіі, цікавай, рознабаковай трупе, публіцы, якую можна назваць сапраўды народнай...

- Так, памеры нашай глядзельнай залы невялікія - 224 месцы, - але за тыя дваццаць гадоў, што я ў тэатры, праз гэтую залу прайшло каля мільёна двухсот тысяч гледачоў. Канешне, былі і цяжкія часіны, якраз на пачатку 90х. Цяпер у нас - аншлаг, і для самых папулярных спектакляў, напрыклад, "№ 13" Таццяны Траяновіч па п'есе Рэя Куні, мы арандуем залу Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, КЗ "Мінск", Малую залу Палаца Рэспублікі. Канешне, спадзяёмся і чакаем, што планы па будаўніцтве новага памяшкання з большай глядзельнай залай у рэшце рэшт будуць ажыццёўлены.

 

Здабытак - шчыры глядач

- Як за дваццаць гадоў змянілася матывацыя людзей, якія наведваюць ваш тэатр?

- Я часцяком гляджу спектакль з-за куліс, назіраю за рэакцыяй публікі. Шмат гледачоў прыходзіць на адзін і той жа спектакль зноў і зноў. Аднойчы я не вытрымаў і падышоў да кабеты, якая чарговы раз наведала "Мы ідзём глядзець Чапаева" - знакавы для нас спектакль, што паставіў Аляксандр Бяспалы па п'есе Алега Данілава. Справа адбывалася якраз на пачатку 1990-х. Я спытаў у глядачкі, чаму яна так любіць гэты спектакль. І жанчына адказала: "Калі я яго гляджу, то разумею, што мы выжывем..."

- Ці можаце апісаць пастаяннага гледача Тэатра-студыі кінаакцёра?

- Гэта вельмі ўражлівы чалавек. Часам глядзіш пад час спектакля ў залу і бачыш, як раптам знікае маска "дасведчанага" і з'яўляецца аблічча - безабароннае, далікатнае, вельмі прыгожае... Тады разумееш, што ён у гэты момант адчувае нешта глыбокае, сур'ёзнае і шчырае...

 - А якія ў тэатра-студыі планы?

- Асабіста я хачу, каб у нас было больш класікі, Астроўскага, Горкага, хачу цікавых сучасных п'ес, хачу большага інтарэсу да тэатра не толькі з боку гледача, але і з боку тых, хто ў ім працуе. Тэатр удзячны тым, хто не патрабуе, а аддае. Хацелася б большай аддачы ад тых, хто будзе працаваць у нас у новым дзесяцігоддзі. Ёсць маладыя людзі, якія прыйшлі ў тэатр зусім нядаўна, я ўзяў іх пасля сумеснай працы на здымачнай пляцоўцы. Спадзяюся, яны будуць аддана служыць нашай справе.

- Што адкажаце тым крытыкам, якія чакаюць ад Тэатра-студыі кінаакцёра большага наватарства?

- У сучасным тэатры вельмі цяжка зрабіць нешта прынцыпова новае. Тое, што часцяком выдаецца за "наватарства", насамрэч - не больш чым вынік выпадковасці. Паспрабуйце прасачыць за кар'ерай большасці "геніяў", якія некалі заяўлялі аб "новым слове" ў тэатральным мастацтве, і вы ўбачыце, што ў 90% выпадкаў іх "геніяльнасць" скончылася на другім спектаклі... Новае, каб заваяваць сваё месца пад сонцам, павінна быць бездакорна прафесійным!

- Тэарэтыкі мастацтва кажуць сёння аб тым, што нейкага адзінага пласта публікі цяпер не існуе. Публіка, а за ёй і мастацтва, падзяляецца па ўзроставым, культурным, прафесійным прынцыпе. Ці ўлічвае такую тэндэнцыю Тэатр-студыя кінаакцёра?

- Мы прынцыпова не спрабуем падзяліць аўдыторыю на нейкія катэгорыі, у тым ліку ўзроставыя. Нашы спектаклі- універсальныя ў тым сэнсе, што нясуць універсальныя каштоўнасці, спрабуючы дабрацца да сэрцаў і розумаў самых розных гледачоў. Мяркуйце самі: шэкспіраўскага "Гамлета" ставяць амаль чатырыста гадоў, прычым кожны з рэжысёраў робіць гэта пасвойму, але ў гледача Гамлет - па-сутнасці, адзін, з тымі каштоўнасцямі, якія заклаў у свайго героя аўтар.

- Стужка, якую вы заканчваеце днямі, прысвечана тэме Вялікай Айчыннай...

- Так, я спадзяюся, васьмісерыйная карціна "Немец" будзе паказана па нашых тэлеканалах на 9 Мая. Тэма той вайны для мяне - асабістая: праз яе полымя ў літаральным сэнсе прайшоў мой бацька... Але ў наступных работах я ўсё-такі хачу звярнуцца да іншай эпохі, якая таксама адзначылася вялікай вайной: мяне вельмі цікавяць падзеі 1812 года, і я спадзяюся, што мне пад сілу зняць аб іх цікавую, захапляльную стужку. Што да ідэальных сюжэтаў, якія патрабуюць пастаноўкі, то для мяне тут на першым месцы - "Чорны замак Альшанскі" Уладзіміра Караткевіча. Стужка Міхаіла Пташука стваралася ў тыя часы, калі адэкватна перанесці раман на экран з розных прычын было немагчыма. А гэта такі захапляльны сюжэт!..

Фота Алега СІЛЬВАНОВІЧА