Яго заснавальнікамі з'яўляюцца Беларускі саюз жанчын, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай аховы краіны.
Як зазначыла старшыня дадзенай грамадскай арганізацыі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк", старшыня журы конкурсу "Жанчына года-2010" Надзея Ермакова, радуе, што сёння ў дачыненні да чароўных жанчын "гаворка ідзе не толькі пра знешнюю прыгажосць, але і пра вялікія заслугі перад грамадствам".
На прэс-канферэнцыі было падкрэслена, што сёлета значна павялічылася колькасць удзельніц, таму давялося пашырыць першапачатковы спіс намінацый. У выніку ў фінал трапілі 62 прадстаўніцы з усіх абласцей краіны (на дзесяць больш, чым у мінулым годзе), якія і змагаліся за званне лепшай па дзесяці пазіцыях.
Зрэшты, у сугуччы з аб'яўленым Годам прадпрымальнасці, была вызначана намінацыя "За паспяховы дэбют у бізнесе".
Сярод лаўрэатаў ганаровай прэміі адзначана нямала прадстаўніц сферы культуры. У першай жа намінацыі конкурсу - "За лідарства і паспяховае кіраўніцтва" - перамагла дырэктар - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Таццяна Бандарчук.
Крыштальную статуэтку пераможцы ў намінацыі "За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства" атрымала кіраўнік фальклорнага калектыву "Гасцінец" Ракаўскага цэнтра культуры і адпачынку, кіраўнік хору Святога Дамініка Лізавета Пятроўская.
Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі абвясцілі аб спецыяльным прызе "Жанчына-легенда". У ліку пяці выбітных сучасніц на сцэну была запрошана дырэктар - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", народная артыстка Беларусі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Валянціна Гаявая.
Была ўганаравана і дырэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў Людміла Мішчанка. Толькі за апошнія тры гады навучэнцы яе ўстановы атрымалі 32 узнагароды на міжнародных конкурсах, 46 - на рэспубліканскіх.