Нашчадкі Чапскага, альбо Аповед аб тым, як у Прылуках прылучаюць да культуры

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Вёска Прылукі, што ў Мінскім раёне, знакамітая не толькі мясцовым старасвецкім паркам-помнікам садова-паркавага мастацтва канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў; не толькі адмысловым палацам Эмерыка Гутэн Чапскага — дзяржаўнага дзеяча ХІХ стагоддзя, віцэ-губернатара Ноўгарада і Пецярбургскай губерні, калекцыянера і мецэната. Духоўнасць сённяшніх Прылукаў трымаецца на Цэнтры народнай творчасці, дзейнасць якога наўпрост уплывае на змест выхаваўчай работы мясцовага дзіцячага садка, Прылуцкай сярэдняй школы (знаходзіцца ў вёсцы Атоліна, што амаль злілася з Прылукамі, і прымае вучняў з сямі паселішчаў сельсавета — культурніцкай зоны абслугоўвання ЦНТ). Дый немалая частка навукоўцаў Інстытута аховы раслін Нацыянальнай акадэміі навук, які месціцца ў палацы Чапскага, — даўнія і актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, што ладзіць на працягу года Цэнтр народнай творчасці — не шараговы сельскі клуб, а творчая лабараторыя па вышукванні і апрабаванні новых падыходаў у справе захавання беларускай культуры. Тутэйшы даследчы інстытут клапоціцца пра захаванне гародніны, садавіны і збожжавых з выкарыстаннем унікальных біяпрэпаратаў айчыннай вытворчасці, а ЦНТ дбае пра экалогію нацыянальнай душы, беручы пры гэтым на ўзбраенне не менш адметныя тэхналогіі развіцця і захавання вясковых талентаў. Як хлебная ніва пачынаецца з коласа, так ніва культуры пачынаецца з асобы. У Прылуках гэта найперш асоба Леаніда Волчака — дырэктара Цэнтра народнай творчасці. Не было б яго — невядома, на якія пуцявіны збілася б культасветшчыраванне ў гэтых адмысловых на культурную спадчыну мясцінах.

 /i/content/pi/cult/125/552/Kultasvet.3.jpg
Дырэктар Прылуцкага цэнтра
народнай творчасці Л.Волчак.
Як сустрэліся “Жыцень” з “Мілавіцай” Волчак у 1975 годзе скончыў Мінскую музычную вучэльню. Быў размеркаваны на аб’яднанне “Інтэграл”, стварыў там харавы калектыў “Жыцень” (кіруе ім і па сёння), якому праз два гады прысвоілі званне “народны”... А за савецкім часам існавала традыцыя, не з самых кепскіх, шчыра скажам: гарадскі творчы калектыў павінен мець гэткі ж творчы шэфскі калектыў на сяле. Выпадкова кампазітар Алесь Рашчынскі, якога Інстытут аховы раслін запрашаў да сябе на працу кіраўніком харавога калектыву, прапанаваў гэтую пасаду Волчаку. Так Леанід Аляксандравіч трапіў у Прылукі. Імгненна палюбіў і вёску, і парк, і палац. Мо адсюль і назва хору — “Мілавіца”, створанага ім у 1980-ым? Праз пяць гадоў калектыў таксама становіцца народным. Натуральна, што апантаны хормайстар становіцца заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Беларусь… І апошні штрых да партрэта заўсёднага летуценніка Леаніда Волчака: ён скончыў Інстытут культуры і мастацтваў, стаў дацэнтам і выкладае на кафедры харавога і вакальнага спеву…

Тут, на наш погляд, — першы важны, вузлавы момант творчага і жыццёвага досведу работніка культуры, які паважае сябе і сваю працу. І момант гэты ва ўсюдыіснасці. Каб гадаваць духоўнасць, мала любіць вясковую прыроду, народ —не на словах трэба ведаць, якім клопатам жыве селянін, якім потам вырошчвае той колас, чаму радуецца, з якой прычыны сумуе. Волчак ведае вясковую сітуацыю да драбніц. З ім цёпла вітаюцца не толькі мінскія студэнты, але і ўсе без выключэння жыхары Прылукаў: ад чатырохгадовага Вадзі Мірановіча, які не прапускае ніводнай рэпетыцыі “Мілавіцы”, — да васьмідзесяцігадовай Марыі Адамаўны Ціхановіч з роду слаўных мясцовых вышывальніц.

Сацыяльны маніторынг

— Леанід Аляксандравіч, у 2001 годзе да ўсіх вашых вяскова-гарадскіх творчых клопатаў далучыўся яшчэ адзін: вам прапанавалі стаць дырэктарам Прылуцкага цэнтра народнай творчасці. Наколькі нам вядома, вы на той час развіталіся з мінскім жытлом, пачалі будаваць дом у Атоліне. Да рамонту закінутага Прылуцкага клуба прыступілі ў адзіночку. Потым у штаце з’явіўся кіраўнік гуртка па вырабе габеленаў Марыя Старасціна — работнік Інстытута па ахове раслін. Цяпер гэты гурток стаў ужо народнай школай… А тады, на першых кроках, з чаго вырашылі пачынаць?

— Безумоўна, з сацыяльнага маніторынгу. За дваццаць гадоў працы ў Інстытуце аховы раслін перазнаёміўся з усімі. Цудоўна ведаў, што ў Прылуках — адметная школа вышыўкі. Знайшоў дзесятак чалавек, якія займаліся гэтым прафесійна. Так узнік гурток вышыўкі… Пастаянныя апытанні вяскоўцаў дапамаглі высветліць, чым яны жадаюць заняць “безнаглядных” на той час дзетак. У выніку такога маніторынгу і склалася структура Цэнтра… Габелены, вырабы з саломкі па адмысловай, менавіта прылуцкай тэхналогіі, узноўленай па крупінках, таксама сталі праз час нашай фірмовай візітоўкай… З асаблівай патрабавальнасцю паставіўся да стварэння студыі выяўленчага мастацтва. Шмат у чым дапамог мой сябра— мастак Мікалай Шулякоўскі, на жаль, ужо нябожчык. А студыя жыве, таксама стала народнай…

— На сёння колькі фарміраванняў у Цэнтры і ў якіх генеральных кірунках яны дзейнічаюць?

— Дванаццаць. Чатыры — са званнем “народны”… А кірункаў дзейнасці тры: дэкаратыўна-прыкладная і выяўленчая, вакальна-харавая і гісторыка-краязнаўчая. Усе памяшканні Цэнтра (а ён, як вы ведаеце, месціцца ў колішніх графскіх стайнях) выкарыстоўваюцца з максімальнай нагрузкай. У гуртках займаюцца 120 дзяцей, больш за 60 дарослых. База пакуль слабая, пакояў для працы і творчасці хранічна не хапае. Але і тут знайшлі свой шлях.

Тры прыступкі адзінага шляху

Усе выйшлі з народу — не ўсе ў яго вярнуліся… Волчак, як і ягоныя падначаленыя, не чакае з мора надвор’я — сам ідзе да людзей, і малых, і дарослых. Усё тыя ж традыцыі інтэлігентаў-народнікаў не даюць самадазволена спыніцца на дасягнутым. Як вядома, шлях гэты няпросты, не для ўсіх прывабны, бо забірае шмат часу і не засцерагае ад жыццёвых гузакоў. Але напрыканцы яго ўпартых і настойлівых заўжды чакае пераход досведу ў практычны вынік: спачатку мы нястомна працуем на ўласны аўтарытэт — потым ён працуе на нас.
На адзіным шляху “вяртання ў народ”, як сцвярджае Леанід Аляксандравіч, тры прыступкі:
— Дзіцячы садок. Тут дзейнічаюць бібліятэка, народная студыя выяўленчага
 /i/content/pi/cult/125/552/Kultasvet.1.jpg

 Мілыя дзяўчаты з “Мілавіцы”: Т.Мурга, Т.Гайнуліна, І.Кірыенка, В.Цюцюнова, М.Старасціна.

мастацтва, гурткі батыку, саломкапляцення і фларыстыкі. Своеасаблівыя філіялы Цэнтра народнай творчасці. І гэта прынцыпова для нас — рабіць першасную стаўку менавіта на маленькіх жыхароў Прылукаў. Нашы кіраўнікі гурткоў штодня ідуць да дзяцей, і тыя ўспрымаюць народную творчасць роднай зямлі як частку ўласнага жыцця…
Школа. У шчыльным кантакце працуем не толькі з выхавальнікамі садка, але і з настаўнікамі. У Атоліне, у Прылуцкай школе таксама нас чакаюць штодня… Іду на працу ў Цэнтр — абавязкова заходжу ў школу.
Амаль усіх вучняў ведаю па імёнах. Гэта вельмі дапамагае ў працы, дае стымул для прыязных творчых доўгіх стасункаў…
Усе нашы гурткі працуюць і на базе школы: адно з аддзяленняў народнай школы габелена, студыя выяўленчага мастацтва…
І апошняя прыступка — Інстытут аховы раслін. Тут дзейнічае і рэпеціруе сямейны ансамбль “Церашчукі”. А значная частка ўдзельнікаў нашых гурткоў — інстытуцкія супрацоўнікі.

І выхаванцы становяцца творцамі

Кругазварот душ у прыродзе непазбежны толькі тады, калі за гэтым далікатным працэсам сочаць людзі неабыякавыя і творчыя. У выніку гартуецца змена, і колішнія выхаванцы становяцца поплеч з настаўнікамі. Вольга Полех — сённяшні кіраўнік гуртка батыку, студэнтка Акадэміі мастацтваў, свае таленты ўпершыню праявіла ў
 /i/content/pi/cult/125/552/Kultasvet.4.jpg
 Бібліятэкарка І.Блоцкая: “Усе чытачы Прылукаў —удзельнікі гурткоў ЦНТ”.
Цэнтры. Марыя Старасціна калісьці вельмі актыўна займалася ў студыі выяўленчага мастацтва, а цяпер вучыць вяскоўцаў мастацтву габелена. Колішнія студэнты Волчака з БДУ культуры працуюць з вялікім поспехам у Цэнтры: Вераніка Цюцюнова — мастацкі кіраўнік, Іна Кірыенка — хормайстар дзіцячага вакальнага ансамбля “Вясёлка”, а сённяшняя студэнтка дырэктара ЦНТ Вікторыя Закрэўская — кіраўнік гуртка вакальных і эстрадных спеваў…
Гурткоўцы, як правіла, працягваюць творчую вучобу ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў (сёння два чалавекі вучацца), Акадэмію мастацтваў скончылі сёлета два выхаванцы Цэнтра. Многія дзеці вучацца ў Мінскай мастацкай школе, гурткі Цэнтра ўжо перараслі. Шаснаццаць сённяшніх супрацоўнікаў ЦНТ лічаць гэта сваім безумоўным дасягненнем, як, дарэчы, і тое, што іхнія выхаванцы набылі пэўны “імунітэт” ад нябеспечнай бездухоўнасці...
Сённяшні губернатар Мінскай вобласці Леанід Крупец калісьці працаваў у Інстытуце аховы раслін і спяваў у “Мілавіцы”. Хто пасля гэтага будзе сумнявацца, што Прылуцкі цэнтр народнай творчасці — не кузня дасведчаных і вопытных кадраў для дзяржавы?

Салома да Францыі давядзе

Творцаў у Прылуках — як каласоў на жытнёвым полі. Дарэчы, паглядзелі б вы на вырабы з той жытнёвай саломкі! Летась уся французская правінцыя Па дэ Кале была ўзрушана прылуцкім саломкапляценнем. ЦНТ атрымаў і прэсу неблагую, і самыя прэстыжныя дыпломы…
Шэсць юных жывапісцаў з Прылукаў перамаглі ў конкурсе “Малюем казкі Андэрсена” і пабывалі ў Даніі. А датчане ў адказ прыязджалі ў ЦНТ. Як сцвярджае Волчак, вельмі сур’ёзна паставіліся да ачышчэння ауры пад беларускімі саламянымі павукамі…
Цудоўна ведаюць творы ўдзельнікаў студыі выяўленчага мастацтва і ў Нарвегіі. А побач з палацам Чапскага час ад часу праводзяцца міжнародныя дзіцячыя пленэры “Дзень зямлі” пад эгідай грамадскай арганізацыі “Зялёны крыж”. Прылукі становяцца сусветна вядомымі. Літаральна днямі ЦНТ атрымаў чарговы прэстыжны дыплом — за ўдзел у абласным фестывалі “Пеўчае поле” ў Мядзелі. Гран-пры — шыкоўны тэлевізар, які ЦНТ збіраецца падарыць дзіцячаму садку… Свае дасягненні— і ў народнай школы габелена: ніводныя “Дажынкі” без прылуцкіх твораў не абыходзяцца. Спецыяльную абласную прэмію атрымала гісторыка-кразянаўчае аб’яднанне ЦНТ “Прылуцкая спадчына”.

Па досвед — у Прылукі

— На які досвед, Леанід Аляксандравіч, арыентуецеся цяпер? Што дапамагае трымаць руку на пульсе часу?

— Праца ва Універсітэце культуры і мастацтваў: творчыя кантакты з моладдзю не даюць спаць у шапку. У маладых таксама ёсць чаму павучыцца. Шмат бяру ад калег па універсітэце, ад кіраўнікоў творчых калектываў вобласці. Дый любыя рабочыя нарады рэспубліканскага, абласнога ці раённага ўзроўняў — не нагода падрамаць, а падстава для набыцця прыдатнага для Прылукаў досведу…

— А ў Прылукі па досвед чарга ёсць?

— Пастаянныя стасункі з Каледжам мастацтваў. Наш Цэнтр — базавы для гэтай навучальнай установы. Яе навучэнцы — заўжды ў Прылуках на практыцы...
Аказваю метадычную, рэпертуарную дапамогу творчым калектывам з маёй радзімы — Чэрвеньскага раёна: Смілавіцкаму народнаму хору (кіраўнік — мой былы выкладчык па баяне). У Чэрвені, дзе вучыўся ў музычнай школе, таксама ўсебакова падтрымліваю народны вакальны калектыў… Шмат у Прылуках гасцей, якія цікавяцца працай нашага гісторыка-краязнаўчага аб’яднання… Ды адно прыкра: іншым разам мне перад гасцямі сорамна: і за экалогію вёскі, і за яе знешні выгляд…

Перспектыва — культурна-экскурсійны цэнтр

Менавіта такім бачыцца Леаніду Волчаку заўтрашні дзень Прылукаў.
— Побач з Мінскам не захавалася помнікаў архітэктуры, падобных на палац Чапскага, — заўважае ён. — Наша задача — захаваць, давесці да ладу старадаўняе аблічча вёскі. За стаўком, што паблізу ад Цэнтра, старажытныя бровар, свіран, іншыя адметныя
 /i/content/pi/cult/125/552/Kultasvet.5.jpg

 Лукавіна Пцічы.

збудаванні належаць прыватнай фірме. Мы спрабавалі наладзіць з ёй кантакт на перспектыўнае экскурсійнае супрацоўніцтва, але нам не вельмі ідуць насустрач: маўляў, у нас свае камерцыйныя планы… Трэба, на мой цвёрды погляд, каб кантроль над разумным, мэтанакіраваным адраджэннем гістарычнага аблічча вёскі ўзяла ўлада! І Інстытут аховы раслін, які знаходзіцца ў палацы Чапскага, не можа адолець паўнацэннае ўпарадкаванне і будынка, і парка. Не абысціся тут без ландшафтнага архітэктара! Вы б паглядзелі, як увосень прадумана іграе фарбамі кожная паркавая тэраса, якія паступовыя тонавыя пералівы! Гэта спадчына творцаў, выхаваных яшчэ Эмерыкам Чапскім. Няўжо мы ўжо не здольныя на падобны цуд еднасці чалавека і прыроды?! Таму і сорамна іншым разам бывае. Перад палякамі, перад французамі, якія таксама шануюць памяць Чапскага, Орды, які маляваў Прылукі… Таму і склалі маршрут для дзяцей “Гістарычнымі сцежкамі Прылукаў”. Але каб ён быў насычаны адпаведнай інфраструктурай, патрэбна ўвага дзяржаўнага маштабу.

Талент дзяржаўнага мыслення

На наш погляд, поспех Леаніда Волчака ў тым найперш, што ён мысліць перспектыўна і стратэгічна. Ходзяць чуткі, што аграгарадок “Сеніца”, які знаходзіцца паміж Мінскам і Прылукамі, неўзабаве ўвойдзе ў сталічную мяжу.
Значыць, прыгарадным Прылукам, у тым ліку і Цэнтру народнай творчасці, па меркаванні Волчака, трэба перагледзець многія падыходы да жыцця, побыту і культуры. Да прыкладу, узмацніць матэрыяльную базу ЦНТ. Пустуе памяшканне былой кулінарыі, якое сёння належыць чыгунцы. Чаму б не размясціць там гурткі Цэнтра?! Тое ж тычыцца і комплексу будынкаўбылога радыёцэнтра.
— Сённяшні будынак ЦНТ мы арандуем у ЖКТ, — расказвае Леанід Волчак. — А нам патрэбна сваё памяшканне. Тады і мы здолелі б зарабляць грошы ў поўным аб’ёме, без клопату пра арэндную плату. Рэалізацыя гісторыка-пазнаваўчай праграмы павінна прыносіць стабільныя грошы. І палац у перспектыве можа стаць уласнасцю аддзела культуры. Трэба толькі давесці да ладу закінуты доўгабуд для Інстытута аховы раслін. І, паверце, дбаю пры гэтым не пра свой ведамасны, а пра ўзаемакарысны інтарэс і Інстытута, і сацыяльнага развіцця Прылукаў, бо навуковая ўстанова была і будзе нашай адзінай стрыжнеўтваральнай арганізацыяй…

* * *

Размаўляючы з Волчакам, сустракаючыся з вяскоўцамі, наведваючы садок, бібліятэку і школу Прылукаў, мы зноў і зноў пераконваліся, што талент дзяржаўнага мыслення не ўласцівы дачаснікам: ім заўжды адораны людзі абраныя, неўтаймоўныя ў жаданні творчай самарэалізацыі. Удасканальваюцца самі — удасканальваюць асяродак вакол сябе — удасканальваюць дзяржаву.
У Прылуках такіх абраных — цэлая плеяда.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Прылукі — Мінск