Марафон кантактаў

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Нарэшце “марафон” чакання для айчынных тэатралаў выйшаў на фінішную прамую, і ўжо 21 сакавіка магілёўскі “М.@rt.кантакт” распачынае сваю конкурсную праграму.

/i/content/pi/cult/314/5519/pic_9.jpgЖывы і экспрэсіўны, поўны нечаканых тэатральных адкрыццяў, маладзёжных эксперыментаў і сустрэч з мэтрамі сцэнічнага мастацтва, ён і сёлета збіраецца трымаць сваю высокую творчую планку, зададзеную папярэднімі гадамі.

"Атмасфера ў тэатры напярэдадні форуму - працоўная, - адзначыў "К" дырэктар Магілёўскага аблдрамтэатра Андрэй Новікаў. - Ды і ці ж можа быць іначай? Восьвось пачнуць прыязджаць першыя ўдзельнікі і госці: мусім сустрэць іх ужо напагатове".

Як мы пісалі на старонках "К" раней, цягам "тэатральнага тыдня" ў Магілёве свае спектаклі пакажуць калектывы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Германіі, Літвы, Балгарыі. Пастаноўкі будуць ацэнены прафесійным журы. На ролю яго старшыні ў гэтым годзе запрошаны расійскі акцёр Юрый Назараў. Ну, і, як заўсёды, сваё альтэрнатыўнае і незалежнае меркаванне па выніках конкурсу вынесе маладзёжнае журы.

Акрамя конкурсных спектакляў, традыцыйна ў рамках форуму запланаваны майстар-класы, "круглыя сталы", Лабараторыя маладой рэжысуры ды шэраг іншых творчых імпрэз, што, уласна кажучы, і ствараюць той цудоўны дух няўрымслівасці і незаспакоенасці, якім так славіцца "М.@rt.кантакт".