Багдановіч на бігбордах

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Да аб’ектаў культуры, у якіх сёлета адбудзецца капітальны рамонт, адносіцца і Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску.

Да 120-годдзя з дня нараджэння славутага паэта ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. Міністэрства культуры плануе выдаткаваць каля 1 мільярда 100 мільёнаў рублёў. Сродкі будуць накіраваны на выкананне работ па рамонце даху, замене аконных і дзвярных блокаў, устаноўцы найноўшага тэхналагічнага абсталявання, добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, а таксама ўнутраным аздабленні будынка музея, які сёлета адзначыць сваё 30-годдзе.

Як зазначыў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка на першым пасяджэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў запланавана арганізацыя літаратурных вечароў, творчых сустрэч з айчыннымі пісьменнікамі, а таксама выданне ўнікальнай энцыклапедыі "Максім Багдановіч", чарговага факсіміле зборніка "Вянок". Да таго ж, у Гродне мае паўстаць помнік у гонар паэта.

Міністр культуры падкрэсліў неабходнасць разнастайнымі сродкамі і агульнымі намаганнямі данесці паэтычнае слова Максіма Багдановіча да кожнага беларуса. "Варта таксама нагадваць пра выключную спадчыну класіка беларускай літаратуры не толькі ў школе, але і ў сродках масавай інфармацыі. Важна, каб філасофская, патрыятычная, прыгожая лірыка Багдановіча была даступная для ўсіх аматараў высокай паэзіі. Беларусы справядліва ганарацца сваім Песняром. Яго спадчына вартая прадстаўляць нацыянальную літаратуру і за межамі Беларусі", - адзначыў Павел Латушка.

Па словах міністра, надзвычай важна, каб як мага больш мерапрыемстваў прайшло не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах краіны, а таксама за мяжой. Пры гэтым, згодна з планам мерапрыемстваў, будуць зайдзейнічаны не толькі ўстановы культуры, але і адукацыі, ідэалагічныя аддзелы і ўпраўленні, а таксама дыпламатычныя місіі рэспублікі, якія змогуць паспрыяць ажыццяўленню прэзентацыі творчай спадчыны Максіма Багдановіча.

Плануецца прыцягнуць як мага больш людзей у Музей паэта. У прыватнасці, па словах дырэктара ўстановы Таццяны Шэляговіч, калі летась музей у Мінску наведвалі каля 61 тысячы чалавек, то сёлета чакаецца істотнае павелічэнне гэтай лічбы. Да таго ж, запланавана і аказанне метадычнай дапамогі Ялцінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею ў стварэнні экспазіцыйнай залы, прысвечанай класіку нашай літаратуры.

Тым часам ужо распачынаецца падрыхтоўка да стварэння на тэлеі радыёканалах адмысловых інфармацыйных матэрыялаў і відэасюжэтаў, прысвечаных жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, а таксама выданне шырокафарматных плакатаў з выявай паэта і іх размяшчэнне на рэкламных бігбордах беларускай сталіцы.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"