Украінскія дарункі

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Як ужо паведамляла “К”, Дні культуры Украіны ў Беларусі распачнуцца 21 сакавіка вялікім канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага ансамбля танца Украіны імя Паўла Вірскага. Больш за 70 артыстаў знакамітага калектыву прадэманструюць традыцыйныя ўкраінскія танцы з сучаснымі элементамі.

Начальнік міжнароднага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кажура адзначае: "Пад час Дзён культуры Украіны выступіць усяго адзін калектыў, але які! Ансамбль імя П.Вірскага вельмі знакаміты ў сябе на радзіме і далёка за яе межамі".

Калектыву ўжо амаль 75 гадоў. Сёння ім кіруе народны артыст Украіны, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі прафесар Міраслаў Вантух. Больш за сотню прафесійных выканаўцаў танца расквечваюць багатай украінскай экспрэсіяй сцэны многіх краін свету, а каб трапіць у пастаянны склад калектыву, трэба навучацца цягам дванаццаці гадоў у студыі пры ансамблі.

У рамках Дзён культуры ў кінатэатры "Піянер" адбудуцца таксама і паказы вядомых фільмаў краіны-суседкі. Як паведаміў "К" галоўны спецыяліст Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Пётр Яхніс, гэта стужка "За двума зайцамі", створаная ў 1961 годзе, і карціна "Багдан-Зіновій Хмяльніцкі". Апошняя- гістарычная драма - была знята ў 2007 годзе па заказе Міністэрства культуры і турызму Украіны.

Таксама ў "Піянеры" будзе працаваць фотавыстаўка, што распавядзе пра культурныя здабыткі краіны-суседкі.