Прыярытэт Ружанскаму

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Днямі ў Брэсце прайшло пасяджэнне аблвыканкама, дзе разглядаліся вынікі выканання абласных мерапрыемстваў па захаванні і развіцці культуры Брэстчыны ў 2006 — 2010 гадах, а таксама мерапрыемстваў абласной праграмы “Культура Брэстчыны на 2011— 2015 гады”. У пасяджэнні прыняў удзел міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

/i/content/pi/cult/314/5515/pic_7.jpgКіраўнік Міністэрства паведаміў на пасяджэнні, што, згодна з дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, у Брэсцкай вобласці прадугледжваюцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на дзесяці аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. На гэтыя мэты з усіх крыніц фінансавання плануецца накіраваць больш за чатыры мільярды рублёў. Асаблівую ўвагу Павел Латушка надаў рэстаўрацыі палаца ў Ружанах.

- Ружанскі палацава-паркавы ансамбль - адзін з найкаштоўнейшых аб'ектаў нашай культурнай спадчыны, - зазначыў міністр культуры. - Лічым прыярытэтным абнаўленне гэтага аб'екта ў бліжэйшай перспектыве. Міністэрства культуры прыкладзе ўсе намаганні, каб яго рэстаўрацыя была ўключана ў інвестыцыйную праграму на бягучую пяцігодку.

Як зазначыў "К" начальнік упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Рыгор Бысюк, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці знаходзіцца 760 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. За мінулую пяцігодку адбываліся аднаўленчыя работы ў палацава-паркавым ансамблі Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, рэстаўрацыйныя работы ў царкве вёскі Смалявіца і ўязной брамы палацава-паркавага комплексу ў Ружанах Пружанскага раёна, уведзены ў эксплуатацыю будынак драматычнага тэатра і палац Бутрымовіча ў Пінску.

- Усяго за пяцігадовы перыяд на рэстаўрацыю аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны з рэспубліканскага і абласнога бюджэту было накіравана 15 мільярдаў рублёў,- заўважыў Рыгор Бысюк. - На наступныя пяць гадоў планаў таксама багата: будзем працягваць аднаўленчыя работы ў Косаўскім палацы, на Закозельскай капліцы ў Драгічынскім раёне, у Нова-Беражноўскім палацы Столінскага раёна, рэстаўраваць і кансерваваць браму і будынак у складзе былога кляштара картэзіянцаў у г. Бярозе.

Па словах начальніка ўпраўлення, не забудуцца і на Ружанскі палацава-паркавы ансамбль. На працяг рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гэтым аб'екце з абласнога бюджэту сёлета выдаткоўваецца 300 мільёнаў рублёў. І, як дадаў Рыгор Бысюк, цалкам магчыма, што сёлета на рэканструкцыю палаца ў Ружанах будуць прыцягнуты і дадатковыя фінансавыя сродкі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"