Сустрэнемся ў Віцебску!

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Юбілейны, XX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сёлета пройдзе з 8 па 14 ліпеня. Як паведамляе Міністэрства культуры Беларусі, пачаўся прыём заявак на ўдзел у Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, а таксама ў аднайменным Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе.

/i/content/pi/cult/314/5513/pic_6.jpgКонкурс для дарослых з'яўляецца аднагодкам фестывалю і таксама адзначыць 20-гадовы юбілей, а для маленькіх ён пройдзе дзявяты раз. Тыя, хто жадае паспрабаваць свае сілы, могуць накіраваць свае заяўкі на адрас Міністэрства культуры да 1 красавіка. Існуе патрабаванне: кожны павінен быў раней удзельнічаць у конкурсах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, а дарослыя выканаўцы - яшчэ і мець досвед канцэртных выступленняў.

 На дзіцячы конкурс прымаюцца заяўкі ад дзяцей ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў, а на конкурс эстрадных выканаўцаў - ад моладзі 18 - 35 гадоў. Для ўдзелу ў першым туры патрэбна даслаць відэазапіс дзвюх песень працягласцю не больш за чатыры хвіліны. Адной з іх павінна быць кампазіцыя беларускага аўтара на беларускай мове. Другая эстрадная песня для дарослых выканаўцаў можа быць на адной са славянскіх моў, а для дзяцей - любой, на свой густ.

Першы тур будзе ўяўляць з сябе прагляд відэаматэрыялаў экспертнай групай, і прадоўжыцца ён да 10 красавіка. Для кожнага конкурсу будуць адабраны па дзесяць чалавек. Пасля самыя таленавітыя выступяць перад прафесійным журы, выканаюць песні ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". На фінальным адборачным канцэрце, які збярэ ўжо падрыхтаваных прафесіяналамі ўдзельнікаў, будуць вызначаны пераможцы.