Наперадзе — мастацкае рашэнне

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

16 сакавіка Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распачаў сумесны праект з музейнымі ўстановамі Еўропы.

/i/content/pi/cult/314/5512/pic_5.jpgУ гэты дзень у сталіцы прайшоў семінар, на якім вядучыя нямецкія гісторыкі і музейшчыкі падзяліліся сваім вопытам у праекціроўцы маштабных устаноў.

Па словах дырэктара Музея гісторыі ВАВ Сяргея Азаронка, у рамках дадзенага сумеснага праекта цягам бліжэйшага часу пройдзе цыкл падобных мерапрыемстваў.

- Падобныя семінары вельмі важныя для нашых супрацоўнікаў,- зазначыў Сяргей Азаронак. - Пад час іх правядзення мы будзем абмяркоўваць са сваімі калегамі разнастайныя надзённыя пытанні, у прыватнасці, распрацоўкі тэхнічнага задання для правядзення конкурсу на мастацкае рашэнне экспазіцыі.

Пасля тэарэтычных абмеркаванняў удзельнікі семінараў на свае вочы пабачаць замежны падыход да будаўніцтва музеяў: яны паедуць у камандзіроўку ў Германію, дзе наведаюць шэраг устаноў.

- Мы практыкуем такія выезды пастаянна, - паведаміў Сяргей Азаронак. - Летась супрацоўнікі выязджалі ў Дзяржаўны гістарычны музей і Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве.

Паводле Сяргея Азаронка, напрыканцы вясны адбудзецца міжнародная канферэнцыя, на якой таксама будуць абмяркоўвацца пытанні мастацкага рашэння ў стварэнні і праектаванні экспазіцыі. У мерапрыемстве возьмуць удзел музейшчыкі і навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Славакіі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"