У гэты дзень у сталіцы прайшоў семінар, на якім вядучыя нямецкія гісторыкі і музейшчыкі падзяліліся сваім вопытам у праекціроўцы маштабных устаноў.
Па словах дырэктара Музея гісторыі ВАВ Сяргея Азаронка, у рамках дадзенага сумеснага праекта цягам бліжэйшага часу пройдзе цыкл падобных мерапрыемстваў.
- Падобныя семінары вельмі важныя для нашых супрацоўнікаў,- зазначыў Сяргей Азаронак. - Пад час іх правядзення мы будзем абмяркоўваць са сваімі калегамі разнастайныя надзённыя пытанні, у прыватнасці, распрацоўкі тэхнічнага задання для правядзення конкурсу на мастацкае рашэнне экспазіцыі.
Пасля тэарэтычных абмеркаванняў удзельнікі семінараў на свае вочы пабачаць замежны падыход да будаўніцтва музеяў: яны паедуць у камандзіроўку ў Германію, дзе наведаюць шэраг устаноў.
- Мы практыкуем такія выезды пастаянна, - паведаміў Сяргей Азаронак. - Летась супрацоўнікі выязджалі ў Дзяржаўны гістарычны музей і Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве.
Паводле Сяргея Азаронка, напрыканцы вясны адбудзецца міжнародная канферэнцыя, на якой таксама будуць абмяркоўвацца пытанні мастацкага рашэння ў стварэнні і праектаванні экспазіцыі. У мерапрыемстве возьмуць удзел музейшчыкі і навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Славакіі.