Перакласці. Ды не на паліцу

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Любое выкананне замежнай музыкі нашымі артыстамі- гэта ўжо, можна сказаць, спроба "перакладу" твора на беларускую мову. А калі гэты твор яшчэ і з вершамі?

Канцэрт-прэзентацыя, паэтычна названы "Званы старое казкі", прайшоў у Камернай зале імя Л.Александроўскай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў рамках юбілейнага, ХХ фестывалю "Адраджэнне Беларускай капэлы". Дзякуючы літаратурнаму таленту лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Васіля Сёмухі і апантанасці кіраўніка "Беларускай капэлы" Віктара Скорабагатава, многія нямецкія камерныя творы ХVIII - ХХ стагоддзяў упершыню загучалі з беларускамоўнымі тэкстамі.

Спробы гучання па-беларуску рускай і заходнееўрапейскай опернай класікі ажыццяўляліся яшчэ ў 1930-я. Але знакаміты музыказнаўца Юліян Дрэйзін, які і працаваў над такімі перакладамі, быў вымушаны рабіць іх у надзвычай сціслыя тэрміны і не з арыгінала, а з ранейшых рускамоўных версій. Цяперашнія ж пераклады вяліся "без пасрэднікаў"- з нямецкай мовы на беларускую. А над некаторымі, па-філасофску ёмістымі, вершамі даводзілася працаваць па два гады і нават больш. Але ж вынік таго варты! Справа не толькі ў тым, што былі знойдзены каларытныя, адпаведныя сэнсу, рыфмы. Галоўнае - была дасягнута спеўнасць вакальных тэкстаў, нават на музычныя кульмінацыі прыпадалі менавіта значныя, такія ж семантычна "кульмінацыйныя", словы.

Камерную музыку з новымі перакладамі пачуюць і ў замежжы: нашы спевакі будуць выконваць гэтыя творы на прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях, здзіўляючы тамтэйшых знаўцаў і публіку мілагучнасцю нашай мовы. Зробленыя пераклады ў стане паўплываць і на развіццё беларускай нацыянальнай музычнай культуры: нават "хітовыя" сярод аматараў класікі нямецкія рамансы загучалі, бы раней невядомыя творы кампазітараў Беларусі розных эпох, дадатковы раз пераканаўшы ў еднасці развіцця айчыннай і еўрапейскай культуры. А салісты, што прынялі ўдзел у прэзентацыі, прадэманстравалі выдатны ўзровень нацыянальнай вакальнай і канцэртмайстарскай выканальніцкіх школ.

Што ж да ўласна інструментальных "перакладаў", дык адным з самых адметных быў нядаўні канцэрт салістаў аркестра тэатра - кларнетыста Уладзіміра Солтана і фагатыста Дзмітрыя Языкова. Такое найвіртуознае (асабліва - на кларнеце) выкананне, якое звычайна можна пачуць хіба ў якасным запісе, тут гучала жыўцом. І вельмі "па-свойму", а значыць - яшчэ і па-беларуску. Удалае ж спалучэнне замежнай класікі з мініяцюрай Уладзіміра Солтана (бацькі выканаўцы) чарговы раз даказала сугучнасць беларускіх і еўрапейскіх законаў прыгажосці.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"