“Карміна...” з сонечным голасам

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

У салісткі Беларускай оперы Алены Шведавай — рэдкае каларатурнае сапрана, голас яркага сонечнага колеру, што бліскае праменьчыкамі ў недасягальных касмічных вяршынях. Не выпадкова, што, акрамя выканання оперных партый у нашым Вялікім тэатры, дзе спявачка працуе ўжо больш за 20 гадоў, яна частая госця ў замежжы, дзе выступае на самых прэстыжных замежных фестывалях і ў цыклах канцэртаў.

/i/content/pi/cult/315/5507/pic_4.jpgВось і цяпер: 2 красавіка яна праспявае сваю любімую партыю Разіны ў "Севільскім цырульніку" Дж.Расіні, а пасля разам з Беларускай дзяржаўнай харавой капэлай імя Р.Шырмы і яшчэ адным салістам Беларускай оперы Уладзімірам Громавым рушыць у вялікі гастрольны тур па Еўропе, дзе будзе саліраваць у Рэквіеме В.-А. Моцарта, кантаце "Карміна Бурана" К.Орфа і іншых буйных творах сусветнай класікі.

22 сакавіка А.Шведава ўдзельнічала ў канцэрце памяці Ірыны Архіпавай у нашай філармоніі, крыху раней выступала ў Магілёве разам з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі і маладым вакалістам, лаўрэатам міжнародных конкурсаў Анатолем Сіўко. Ды і камерныя праграмы ў зале імя Л.Александроўскай нашага Вялікага тэатра рэдка абыходзяцца без яе шыкоўных сола. А калядныя святы спявачка вось ужо больш за дзесяцігоддзе запар сустракае ў Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, бо прызнана адной з лепшых выканаўцаў музыкі І.Штрауса і запрашаецца ледзь не на ўсе Штраус-фестывалі ў Еўропе.

рага да спеваў у А.Шведавай - літаральна з дзяцінства. А добрая вакальная школа, атрыманая ў опернай спявачкі Доні Кроз і ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў класе знакамітай Тамары Ніжнікавай, памножылася на шматлікія конкурсныя перамогі, вялізную працаздольнасць, уменне трымаць сябе ў выдатнай форме (не толькі вакальнай, але і знешняй) і на такое ж сонечнае, як яе голас, стаўленне да жыцця - без аніякіх тэатральных інтрыг, адно са спадзевам на свой талент. Таму, пэўна, з такім запалам яна падтрымлівае спеўную моладзь: выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, запрашаецца ў журы тэлепраекта "Музычны суд", дзе пераважаюць дзеячы эстрады, а галоўнае- паказвае прыклад уласнымі спевамі.

Вера КРОЗ

На здымку: Алена Шведава ў сцэне з "Севільскага цырульніка".