Вось і цяпер: 2 красавіка яна праспявае сваю любімую партыю Разіны ў "Севільскім цырульніку" Дж.Расіні, а пасля разам з Беларускай дзяржаўнай харавой капэлай імя Р.Шырмы і яшчэ адным салістам Беларускай оперы Уладзімірам Громавым рушыць у вялікі гастрольны тур па Еўропе, дзе будзе саліраваць у Рэквіеме В.-А. Моцарта, кантаце "Карміна Бурана" К.Орфа і іншых буйных творах сусветнай класікі.
22 сакавіка А.Шведава ўдзельнічала ў канцэрце памяці Ірыны Архіпавай у нашай філармоніі, крыху раней выступала ў Магілёве разам з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі і маладым вакалістам, лаўрэатам міжнародных конкурсаў Анатолем Сіўко. Ды і камерныя праграмы ў зале імя Л.Александроўскай нашага Вялікага тэатра рэдка абыходзяцца без яе шыкоўных сола. А калядныя святы спявачка вось ужо больш за дзесяцігоддзе запар сустракае ў Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, бо прызнана адной з лепшых выканаўцаў музыкі І.Штрауса і запрашаецца ледзь не на ўсе Штраус-фестывалі ў Еўропе.
рага да спеваў у А.Шведавай - літаральна з дзяцінства. А добрая вакальная школа, атрыманая ў опернай спявачкі Доні Кроз і ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў класе знакамітай Тамары Ніжнікавай, памножылася на шматлікія конкурсныя перамогі, вялізную працаздольнасць, уменне трымаць сябе ў выдатнай форме (не толькі вакальнай, але і знешняй) і на такое ж сонечнае, як яе голас, стаўленне да жыцця - без аніякіх тэатральных інтрыг, адно са спадзевам на свой талент. Таму, пэўна, з такім запалам яна падтрымлівае спеўную моладзь: выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, запрашаецца ў журы тэлепраекта "Музычны суд", дзе пераважаюць дзеячы эстрады, а галоўнае- паказвае прыклад уласнымі спевамі.
Вера КРОЗ
На здымку: Алена Шведава ў сцэне з "Севільскага цырульніка".