Аўтэнтыка ці ўласны погляд?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Уяўная “лёгкасць” лёгкай “Сільфіды”

/i/content/pi/cult/315/5506/pic_3.jpgПастаноўка "Сільфіды" Х.Левенсхольда стала, бясспрэчна, лепшай балетнай прэм'ерай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі на яго абноўленай сцэне. І справа зусім не ў тэхнічных магчымасцях абсталявання (хаця гераіня, як належыць, тут і лётае, і плаўна прызямляецца). Галоўнае - магчымасці самой балетнай трупы ў выкананні старадаўніх па. А яшчэ - наноў адкрытыя магчымасці харэаграфічнага "перакладу" ранняга еўрапейскага рамантызму на псіхалагічныя актуаліі сучаснасці.

 

Еўрапейскасць

Уласна кажучы, гэткім "агульнаеўрапейскім" балет стаў не адразу. Спачатку быў французскім - на іншую музыку, у іншай харэаграфічнай пастаноўцы. Праз чатыры гады стаў дацкім. Ад першакрыніцы ў ім засталася хіба сюжэтная аснова - навэла французскага пісьменніка Шарля Надзье. Але самі сільфіды як паветраныя істоты, прыдуманыя алхімікамі і акультыстамі, існуюць у фальклоры многіх народаў - вось вам і агульнаеўрапейскасць.

Мастак Вячаслаў Окунеў стварыў цудоўнае сцэнічнае асяроддзе, набліжанае да эстэтыкі першакрыніцы і адначасова блізкае распаўсюджанаму ў сучасным еўрапейскім тэатры неарэалізму, дзе шмат ідзе ад кіно, а не ад тэатральных пераўтварэнняў 2-й паловы ХХ ст., калі адзін і той жа звычайны прадмет у розныя моманты мог выступаць у розных іпастасях. У першай дзеі - замкнёны пакой з лесвіцай наверх, дзвярыма на розных паверхах і акенцам, праз якія прыходзяць-сыходзяць героі. Хатняя мэбля, жырандоля, посуд з прысмакамі- увесь інтэр'ер выраблены не ў тэатральна-дэкаратыўнай, умоўнай манеры, а выглядае, бы "сапраўдны". Тое ж самае - у другой дзеі, што адбываецца ў чароўным лесе: галіны дрэў, спецыяльная падсветка - можна фэнтазі здымаць! Шмат відовішчных эфектаў, вядома, звязана з Сільфідай. Але галоўнае ў балеце - рухі.

Харэограф Мікіта Далгушын імкнуўся дакладна перадаць нашым артыстам не толькі тэхніку, але і семантыку дакласічнага танца, дзе сюжэт тлумачыўся на мове красамоўных жэстаў "сурдаперакладу", зразумелых усім тагачасным прыхільнікам мастацтва. Спадчынай эпохі Асветніцтва засталося і адценне маралі, якую, дарэчы, падкрэсліваў і М.Далгушын: маўляў, лепей Эфі ў абдымках, чым Сільфіда ў зааблоччы. Цалкам адпавядае гэтаму раскладу і псіхалагічны шматкутнік: вытанчаная, графічная Вольга Гайко, па-юнацку імпульсіўны Алег Яромкін, рэзкі Антон Краўчанка- камічны супернік героя. Але такое беражлівае далучэнне да традыцыі і намёк на яе ледзь не "аўтэнтычнае" аднаўленне на ўсіх узроўнях патрабуе не проста ідэальнай бездакорнасці ў кожнай пластычнай дробязі, а суцэльнага вышэйшага пілатажу - на такім недасягальным узроўні, каб у гледача ажно дух захоплівала! Невыпадкова, мабыць, самы вялікі шквал апладысментаў сарваў Алег Турко ў зусім іншай, характарнай, партыі - вядзьмаркі Мэдж.

 

Беларускасць

На прагоне, дзякуючы іншаму складу салістаў, спектакль набыў нечаканыя псіхалагічныя фарбы, блізкія не ранняму рамантызму (героі супраць злога чараўніцтва), а позняму, у аснове якога - трагічны канфлікт паміж яркімі асобамі і безаблічным натоўпам. Дзеянне адбывалася быццам па нейкіх новых правілах: артысты не прымервалі маскі сваіх персанажаў, а дзейнічалі замест іх, праўда, у тых жа абставінах. У цэнтры апынуўся Ігар Артамонаў: ягоны Джэймс не гнаўся бязвольна за марай, паддаўшыся спакусам, а рабіў уласны выбар паміж прытрымліваннем агульнапрынятых традыцый і іх парушэннем. А надзвычай палётныя скачкі артыста ў другой дзеі падкрэслівалі яго духоўную сувязь з дзіцём паветра Сільфідай. Побач з ёй герой не толькі пазбаўляўся сваёй эгаістычнасці, безапеляцыйнасці, заўважнай у яго адносінах да былой нявесты-аднавяскоўкі, але і літаральна губляў галаву, пачынаючы любіць увесь свет і давяраць помслівай Мэдж. І заставаўся мужным абаронцам гонару сваёй каханай нават пасля ейнай смерці, паміраючы ад немагчымасці жыць без яе.

Такой "няправільнасці", абвостранай канфліктнасці Джэймса, які не баяўся плысці супраць цячэння, кантраставаў "надта правільны" барацьбіт за справядлівасць Гурн. Юрый Кавалёў у гэтай партыі быў настолькі абаяльны і шчыры, што сцэна яго заручын з Эфі (Ганна Фокіна) успрымалася заканамерна шчаслівым паўфіналам.

Сільфіда Людмілы Кудраўцавай з міфалагічнай бесцялеснай істоты ператварылася ў зямную дзяўчыну, толькі вельмі мяккую, лірычную, загадкавую- гэткае спешчанае дзіця, творчая інтэлігентка, далёкая ад побытавых клопатаў, але ж якая ласкавая! Яна і памірала быццам не ад зачараванага шаліка, а ў трапяткіх канвульсіях кахання, якое аказалася большае за яе саму.

Такое прачытанне еўрапейскага рамантызму па-беларуску, з заменай канфлікту жыцця і мары на імкненне да іх гармоніі, змяніла нават вобраз каварнай Мэдж. У яе апошніх "скалачэннях паветра" бачылася не пераможная моц, а грымаса бяссілля: закаханыя быццам з'ядналіся там, дзе ім ужо ніхто не пашкодзіць быць разам.

У параўнанні з такой размаітасцю харэаграфічнай інтэрпрэтацыі адных і тых жа танцавальных малюнкаў палітра музычнага ўвасаблення балетнай партытуры атрымалася пакуль больш аднастайнай. Ігры аркестра не ставала вылучаных кантрастаў, той рамантычнай паэтыкі, што здольная самую простую музычную фразу давесці да выказвання душы: на такую ступень майстэрства прэтэндавалі хіба некаторыя сола струнных і драўляных духавых. Пэўна, спрацавала знешняя "лёгкасць" матэрыялу? Але ў такой празрыста-акварэлевай гукавой прасторы, дзе чуваць кожны інструмент, патрабуецца і гранічная выразнасць...

Пабачым мы і іншыя склады (дарэчы, 20 сакавіка Сільфідай была пластычная Марына Вежнавец, якой раней цудоўна ўдаваліся моцныя гераіні з характарам) - магчыма, не менш нечаканыя. Безумоўна адно: спектаклю наканавана доўгае шчаслівае жыццё.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

На здымках: выканаўцы галоўных роляў - Людміла Кудраўцава і Ігар Артамонаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"