Акадэмія традыцыі і наватарства, або Чаму некаторыя ставяць шматкроп’е пасля “і”?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Міхаіл Баразна — пра варыянты шляхоў да адной мэты

/i/content/pi/cult/315/5505/pic.jpg100 дзён - гэта ўмоўны тэрмін, пасля якога заведзена падводзіць першыя вынікі працы новага кіраўніка. Маўляў, гэтага часу дастаткова, каб увайсці ў курс справы ды сфарміраваць праграму дзеянняў. Але ў выпадку з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам БАРАЗНОЙ такую завядзёнку можна лічыць простай фармальнасцю. Бо што такое тры з лішкам месяцы ў параўнанні з чвэрцю стагоддзя? Прыкладна столькі Міхаіл Рыгоравіч правёў у гэтых сценах, якія паспелі стаць для яго другім домам - калі, вядома, не першым... Дзверы будынка на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ён упершыню адкрыў яшчэ будучы абітурыентам. Затым былі гады студэнцтва, аспірантуры, выкладчыцкая дзейнасць, пасада прарэктара...

- Я ўжо даўно паспеў прасякнуцца своеасаблівым рытмам жыцця Акадэміі, яе ні з чым не параўнальнай атмасферай, - кажа Міхаіл Рыгоравіч. - Натуральна, зусім не новымі для мяне былі і праблемы гэтай навучальнай установы. Іх у вялікай гаспадарцы заўсёды хапае.

- Вы маеце на ўвазе навучальны працэс або матэрыяльную базу?

- Перадусім, апошняе. Агулам матэрыяльную базу Акадэміі мастацтваў нельга ахарактарызаваць як кепскую, аднак... Нямала маіх цяперашніх клопатаў звязаны менавіта з яе ўдасканаленнем. Дзякуючы дапамозе гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ствараем лабараторыю для рэстаўратараў. Таксама неўзабаве будуць зроблены і гістарычныя касцюмы для акцёраў...

- Прыход новага кіраўніка амаль заўсёды азначае пэўныя змены курсу ўстановы - у прыватнасці, датычна кадравай палітыкі...

- Так, пэўныя рашэнні ў гэтай сферы за апошнія колькі месяцаў былі прыняты, але, адразу адзначу, пра рэзкую змену курсу Акадэміі нават гаворкі не вядзецца. Ды і выкладчыцкі склад у цэлым ужо сфарміраваны. Але пэўную дынаміку абумоўлівае само жыццё - у прыватнасці, такія натуральныя з'явы, як змена пакаленняў. Заўсёды буду ўдзячны свайму колішняму выкладчыку Паўлу Масленікаву, які пэўны час быў рэктарам тады яшчэ Тэатральна-мастацкага інстытута. І вось, не так даўно загадчыкам кафедры жывапісу стаў ягоны сын Уладзімір... Факультэт экранных мастацтваў узначаліў вядомы рэжысёр і сцэнарыст Павел Іваноў. Літаральна днямі я даведаўся, што ён выйшаў у фінал журналісцкага конкурсу краін СНД у намінацыі "Лепшы тэлевізійны сюжэт". Загадчыкам кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва стала Аляксандра Дзятлава. Усе наведвальнікі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, мусіць, звярнулі ўвагу на яе скульптуры пад шклом у фае другога паверха. Гэты цудоўны майстар мае шырокі пластычны дыяпазон - ад традыцыйных форм і да праяў авангарднага мыслення.

- Пачуўшы гэтыя прозвішчы, нельга не адзначыць адну характэрную акалічнасць: выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў зазвычай становяцца менавіта "практыкуючыя" творцы. Узнікае пытанне: як ім удаецца сумяшчаць сваю ўласную самарэалізацыю з навучаннем? Бо добры мастак і добры настаўнік - гэта, пагадзіцеся, розныя паняцці, прычым не заўжды сумяшчальныя...

 - Апошні ваш тэзіс я гатовы аспрэчыць. Доўгі шлях, што прайшла наша Акадэмія, красамоўна сведчыць: "проста выкладчык", які мае добры багаж ведаў ды валодае навучальнымі методыкамі, але сам не ведае, што такое дух творчасці, не здатны стаць настаўнікам для маладых творцаў. Хіба ж можа перадаць іншым прагу да самарэалізацыі той, каму яна не ўласцівая? Таму пад час аналізу кадравага патэнцыялу (а гэтым мы займаемся рэгулярна) увага звяртаецца не толькі на тое, дзе вучыўся або стажыраваўся выкладчык, але і на яго сённяшнюю творчую запатрабаванасць: дзе праходзяць ягоныя выстаўкі, дзе ставяцца спектаклі...

- Але ж творцам уласцівы пэўны суб'ектывізм...

- Натуральна, як жа іначай! Творчыя ідэі заўсёды былі разнастайнымі. Таму і сёння ў сценах Акадэміі мастацтваў працуюць аўтары з рознымі эстэтычнымі поглядамі. Утвараецца своеасаблівая канкурэнцыя, якая дазваляе студэнтам рабіць асэнсаваны выбар свайго ўласнага крэда на падставе шырокага разумення тых працэсаў, што адбываюцца ў сусветнай мастацкай прасторы. Напэўна, менавіта ў такой вольнасці дыялога і заключаецца адметнасць нашай навучальнай установы, яе дух, які сам па сабе здатны спрыяць творчаму росту. Прычым ён быў уласцівы гэтым сценам ад самага пачатку. Першымі выкладчыкамі Акадэміі сталі выпускнікі розных навучальных устаноў: з Масквы, Ленінграда, Львова, Прагі... І гэты кангламерат носьбітаў самых розных мастацкіх метадалогій вельмі паспрыяў развіццю самабытнай беларускай школы. Таму і сёння мы спрабуем захаваць прынцып рознабаковасці: шмат шляхоў да адной мэты. А мэта- зразумелая: усебаковае развіццё беларускага мастацтва.

- Пад час леташняй сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця кінематографа Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на слабую матэрыяльную базу факультэта экранных мастацтваў. Як вырашаецца гэтае пытанне сёння?

- Матэрыяльна-тэхнічная база факультэта знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Вядома, мы зробім усе магчымыя захады для яе ўдасканалення. Але тут я хацеў бы адзначыць і іншае. Збудаваць у сябе ўласную кінастудыю, якая служыла б толькі навучальным мэтам, мы не тое што не ў стане - у гэтым папросту няма патрэбы. Бо літаральна за дзве станцыі метро ўжо ёсць "Беларусьфільм", дзе магчымасцей куды больш. Чалавек кіно або тэлебачання павінен засвойваць прафесію ў "палявых умовах", а не сядзець у аўдыторыі, чакаючы, пакуль яму прывязуць поўны камплект абсталявання. Менавіта на гэта мы сёння робім акцэнт. Кіраўніком курса рэжысёраў з'яўляецца народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, які пастаянна знаходзіцца ў кінавытворчым працэсе. Натуральна, на здымачнай пляцоўцы знойдзецца месца і для яго студэнтаў. Лепшага навучання, бадай, і не прыдумаеш.

- Неаднойчы ўзнімалася і тэма замежных стажыровак. Ці могуць разлічваць на іх вашы студэнты?

- Літаральна днямі была падпісана дамова аб супрацоўніцтве з легендарным ВГИКам. Сярод іншага, яна прадугледжвае стажыроўкі беларускіх студэнтаў, удзел у летніх школах і ўнутраных фестывалях гэтай навучальнай установы. У красавіку пяць студэнтаў ужо выправяцца на месяц у Маскву за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. Або вось яшчэ адзін цікавы прыклад. 14 снежня мінулага года знакаміты польскі рэжысёр Анджэй Вайда быў узнагароджаны дыпломам доктара honoris causa нашай акадэміі. У сустрэчы з мэтрам прынялі ўдзел і нашы студэнты. Так, стажыроўкай гэта не назавеш, але... Неаспрэчна, яны атрымалі вельмі каштоўны ўрок, які можа быць для іх вельмі важным. Я мог бы і далей пералічваць гэтыя нашы захады, але... Перадусім тут хацеў бы звярнуць увагу на іншае. Паводле маіх назіранняў, студэнт, які мае непераадольную прагу да творчай самарэалізацыі, урэшце вырашае ўсе пытанні і з практычным навучаннем прафесіі, і з замежнымі стажыроўкамі. Не скажу, што гэта заўсёды лёгка, але... Разумееце, мы не можам зрабіць за студэнта ўсё, пакінуўшы яму адно карыстацца вынікамі. Больш за тое: лічу, мы так рабіць і не павінны. Таму студэнт можа сам праяўляць ініцыятыву. Кіраўніцтва Акадэміі такія захады заўсёды вітае. А вось чакаць, пакуль табе прынясуць нешта "на сподачку"... Лічу, гэта памылка.

- Крытыкі ўстановы не першае дзесяцігоддзе агучваюць тэзіс: навучальны працэс у Акадэміі мастацтваў не інтэграваны ў агульнаеўрапейскае рэчышча. Маўляў, у Дзюсельдорфе моладзь вучаць творчаму мысленню, а ў Мінску ўвага надаецца "тэхнічным" навыкам...

- Сапраўды, ёсць людзі, якія перакананы, быццам разумовая дзейнасць у Акадэміі мастацтваў увогуле адсутнічае, а студэнты цягам усяго часу навучання адно засвойваюць рамяство рысавальшчыка або бясконца выконваюць адзін і той жа піруэт. Але хацеў бы задаць сваім апанентам толькі адно пытанне: на чым базіруюцца гэтыя іх уяўленні? Можа, тыя людзі пабывалі на нашых семінарах, канферэнцыях, знайшлі час, каб проста прайсціся па аўдыторыях? Наўрад ці. Прынамсі, мне іх сустракаць у гэтых сценах не даводзілася. Адсюль і катэгарычныя высновы, якія не маюць нічога агульнага з рэальным жыццём. Мабыць, камусьці і сапраўды зручна ўяўляць Акадэмію мастацтваў як нейкую архаічную ўстанову, якая плодзіць рамеснікаў. Але прычыны такіх стэрэатыпаў варта шукаць адно ў спосабе мыслення тых, хто іх прытрымліваецца. Часам апаненты чуюць толькі палову майго тэзіса. Некалі я сказаў, што Акадэмія мастацтваў - гэта еднасць традыцыі і наватарства. Такая думка стала падставай для "абвінавачвання" мяне ў традыцыяналізме. Але наша ўстанова заўжды выпускала не проста спецыялістаў, а папраўдзе духоўна багатых людзей. Згадайма хаця б Міколу Селешчука, які быў сапраўдным светачам беларускага неафіцыйнага мастацтва. Больш за тое: мала хто ведае, што нават колішні лідар маскоўскага андэграўнда Алег Цалкоў таксама ў нас вучыўся! Згадаю яшчэ колькі прозвішчаў: Ігар Кашкурэвіч, Людміла Русава, Руслан Вашкевіч... Няўжо гэтых творцаў вучылі тут адно трымаць у руцэ пэндзаль? У такім выпадку, думаецца, яны ніколі не здолелі б самарэалізавацца. І, дарэчы, ніводзін з іх не сказаў, што гады навучання ў Акадэміі былі для яго выкрэсленымі з жыцця.

- Але ж памкненне праводзіць паралелі з замежным досведам у наш час бадай непазбежнае...

- Згодны - калі гаворка ідзе менавіта пра паралелі, пра вывучэнне і ўдумлівую адаптацыю тых элементаў, якія здатныя сапраўды палепшыць наш навучальны працэс. Неаднойчы бываў у згаданай вамі Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў, і знаёмства з яе досведам палічыў для сябе карысным. Але я ўпэўнены, што кожны павінен ісці сваім шляхам. Уніфікаванасць у мастацкай адукацыі да станоўчых вынікаў не прыводзіць - як, зрэшты, і наогул у творчай дзейнасці чалавека. Можа, хтосьці перакананы ў тым, што ёсць сэнс пісаць вершы толькі на англійскай мове. Але ж мы ганарымся сваёй паэзіяй, яе ўнікальным рытмам, мелодыкай, якія нельга ўзнавіць на іншых мовах. Сёння я не маю ніякіх пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што прымяненне прынцыпаў Балонскай дэкларацыі прывядзе да прагрэсу ў падрыхтоўцы, скажам, жывапісцаў або скульптараў. І таму да ўкаранення такіх інавацый стаўлюся даволі асцярожна. Іншая справа - факультэт дызайну. Магчыма, інтэграцыя ў Балонскі працэс у гэтым выпадку і дасць станоўчы вынік. Акадэмія мастацтваў- гэта складаны механізм, які нельга прымусіць працаваць паводле нейкага ўніверсальнага прынцыпу. Спецыфіка творчага навучання па розных дысцыплінах патрабуе дыферэнцаванага падыходу.

- А якую ацэнку навучанне ў Акадэміі мастацтваў мае сярод замежных калег?

- Колькі гадоў таму ў галерэі Акадэміі мастацтваў прайшла выстаўка майстра экслібрыса, дэкана мастацкага факультэта аднаго з найбуйнейшых універсітэтаў Турцыі Хасіма Пекташа. Азнаёміўшыся з працай нашай установы, ён адзначыў, што на сённяшні дзень бачыць карысным для студэнтаў стажыроўку менавіта тут.

- Але ў выніку навучанне заканчваецца, і былы студэнт выпраўляецца ў самастойны шлях... Ці праводзіце пэўны маніторынг ягонай далейшай прафесійнай рэалізацыі?

- Акадэмію часта называюць alma mater. Але ж пры гэтым яна не можа поўнасцю вызначыць усе фактары ды перыпетыі жыцця сваіх "дзяцей". Малады мастак - гэта звычайны чалавек, у якога ёсць уласныя праблемы. Я маю на ўвазе і асабістае жыццё, і ўнутранае. Таму выпуск Акадэміі нельга разглядаць як "баявую адзінку", здатную стаць у адзіны рад. І тое, што шляхі былых студэнтаў разыходзяцца, - натуральна. Яшчэ адзін фактар - сістэма менеджменту, якая на Беларусі знаходзіцца пакуль у стадыі станаўлення. Акадэмія робіць свой пэўны унёсак у гэты працэс, але ж вырашыць праблемы глабальна мы не здатныя. Перакананы: лёс выпускніка Акадэміі залежыць перадусім ад яго самога. Зразумела, у творчым жыцці, як і ва ўсіх сферах дзейнасці, ёсць канкурэнцыя, і таму лёгкага шляху ніхто не абяцае. Так, умовы - не цяплічныя і не ідэальныя. Ды ў мастацтве іншых і не трэба. Іначай яно страчвае сваю ўнутраную энергетыку, здольнасць акумуляваць жарсці і выпраменьваць творчыя ідэі. Адпаведна, асноўным вынікам дзейнасці Акадэміі з'яўляецца менавіта творчы. Гэта найперш - нараджэнне яркіх "зорак" на небасхіле беларускага мастацтва, якія здатныя стаць гонарам сваёй краіны і інтэгравацца ў сусветныя культурныя працэсы. Вось тая мэта, якой павінен быць падпарадкаваны ўвесь складны механізм пад назвай "Акадэмія мастацтваў".