Білеты і рэканструкцыя он-лайн

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

На канцэрты, што пройдуць у рамках юбілейнага, XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, білеты можна будзе набыць і праз Інтэрнэт.

/i/content/pi/cult/315/5503/3-2.jpg

Як паведамілі "К" у Цэнтры культуры "Віцебск", гэтае новаўвядзенне паспрыяе павелічэнню даходаў ад рэалізацыі білетаў на фестывальныя мерапрыемствы і прыйдзецца даспадобы як айчынным, так і замежным гасцям "Славянскага базару".

Сістэму віртуальнага продажу білетаў на канцэрты плануюць уводзіць у ЦК "Віцебск" ужо з красавіка. Таму ў дырэкцыі ўстановы не сумняваюцца, што, напрыклад, на будучую майскую "Чароўную ноч аперэты", арганізаваную Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, прыйдуць гледачы, якія закажуць білеты праз Інтэрнэт.

Не спыняюцца і іншыя падрыхтоўчыя работы да юбілейнага "Славянскага базару". Як распавёў "К" начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Цярэнцьеў, поўным ходам ідзе рэканструкцыя Канцэртнай залы "Віцебск". Па будніх днях, а таксама ў суботу, на аб'екце задзейнічана прыкладна 120 чалавек. Усе будаўнічыя работы фінансуюцца са сродкаў абласнога і гарадскога бюджэту. Рэканструкцыю вялікай залы, фае, замену санвузлоў, сцэнічнага афармлення і абсталявання, устаноўку новай сістэмы кандыцыянавання і іншыя работы плануецца завяршыць да 25 чэрвеня бягучага года - Дня горада Віцебска.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"