Бранзалет для “Ваўкоў”

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Стужка беларуса Аляксандра Колбышава “Ваўкі” па аповесці Аляксандра Чакмянёва атрымала Гран-пры “Гранатавы бранзалет” на прэстыжным кінафестывалі “Літаратура і кіно”, які праходзіў у сакавіку ў Гатчыне Ленінградскай вобласці.

 

Гэта не першая перамога карціны, якая лічыцца адным з яркіх дасягненняў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" за апошнія гады. Мінулым летам стужка "Ваўкі" атрымала Гран-пры за лепшы фільм Міжнароднага кінафестывалю ў Бярдзянску, званне лепшага нацыянальнага кінапраекта на фестывалі нацыянальнага кіно ў Брэсце, а таксама прыняла ўдзел у пазаконкурснай праграме адкрытага кінафестывалю краін СНД і Балтыі "Кінашок" у Анапе.

 Журы кінафестывалю ў Гатчыне, якое гэтым разам узначальваў вядомы па серыяле пра Шэрлака Холмса расійскі рэжысёр Ігар Масленікаў, адзначыла высокі ўзровень драматычнага канфлікту, напружаную дынаміку беларускай стужкі. У спаборніцтве за галоўны прыз карціна Аляксандра Колбышава абышла новыя стужкі такіх мэтраў, як Станіслаў Гаварухін і Юрый Кара. Сёлета фестываль "Літаратура і кіно", у праграме якога - выключна экранізацыі, праходзіў сямнаццаты раз.