22 сакавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбыўся відэабрыфінг на тэму "Нацыянальны гістарычны музей: супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў гуманітарнай сферы" з удзелам кіраўніка ўстановы Сяргея Вечара.
- Самая папулярная форма ўзаемадзеяння з расійскімі калегамі - гэта выставачная дзейнасць, - зазначыў Сяргей Вечар. - Але гэтым наша супрацоўніцтва не абмяжоўваецца. Даволі часта работнікі расійскіх музеяў выступаюць у якасці экспертаў пры набыцці экспанатаў, папаўненні фондаў беларускіх музеяў...
Паводле слоў кіраўніка Нацыянальнага гістарычнага, айчынныя музейшчыкі - пастаянныя ўдзельнікі семінараў і канферэнцый, што адбываюцца ў Расіі. Актывізацыі кантактаў паміж ўстановамі дзвюх краін паспрыяў і падпісаны год таму дагавор аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным гістарычным музеем Расіі.
На відэабрыфінгу была закранута і надзённая тэма вяртання культурных каштоўнасцей з Расіі на Беларусь. Як адзначыў Сяргей Вечар, галоўная задача спецыялістаў, якія займаюцца гэтым пытаннем, - у старанным пошуку і навуковай апрацоўцы матэрыялаў, стварэнні копій найбольш каштоўных экспанатаў, у якой краіне яны ні знаходзіліся б. Акрамя таго, варта адсочваць правядзенне аўкцыёнаў і больш шчыльна супрацоўнічаць з уласнікамі прыватных калекцый.
Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Мінску будуць зладжаны і іншыя мерапрыемствы. Так, 30 сакавіка ў Доме Масквы адкрыецца выстаўка твораў лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.