Рэстаўрацыя скарбаў

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Выстаўка дзесяці твораў тэмпернага і алейнага жывапісу XVII — XIX стагоддзяў “Адкрыццё святой прыгажосці” стартавала 22 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

 

На прэс-канферэнцыі перад вернісажам, прымеркаваным да дня нараджэння Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі і дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў расказалі пра працу рэстаўратараў, дзякуючы якім гэтая выстаўка адбылася.

Уладзімір Карачэўскі, які з'яўляецца намеснікам старшыні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, адзначыў: "Два гады таму Саветам фонду было выдаткавана 55 мільёнаў рублёў Нацыянальнаму мастацкаму музею - на рэстаўрацыю твораў старадаўняга беларускага іканапісу і алтарнага жывапісу. Помнікі маюць высокую мастацкую і гістарычную каштоўнасць, і іх рэстаўрацыя - гэта мерапрыемства па захаванні важнага складніка нацыянальнага скарбу Беларусі". Усяго ж, па словах першага намесніка міністра, са сродкаў фонду на рэалізацыю найбольш значных праектаў у сферы культуры летась выдаткавана каля 347 мільёнаў рублёў.

Уладзімір Пракапцоў дадаў, што ў калекцыі музея знаходзіцца 236 падобных ікон і палотнаў, якія калектыў рэстаўратараў плануе вярнуць з нябыту і зрабіць іх помнікамі гісторыі і культуры нашай краіны. Усё гэта- фрагменты алтароў і іканастасаў беларускіх храмаў. Праз некаторы час у музеі будуць прадэманстраваны вынікі наступнага этапа працы: адбудзецца выстаўка адрэстаўраваных ікон праваслаўных і каталіцкіх храмаў.

Пад час вернісажу адбылася яшчэ адна падзея - гашэнне маркі да 850-годдзя стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай.